Іх варта пагартаць.

Беларускія выданні, якія атрымалі дыпломы на ІХ Міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД у Астане.

Беларускія выданні, якія атрымалі дыпломы на ІХ Міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД у Астане.

Выданне “Дмитрий Струков. Альбом рисунков 1864—1867” (серыя “Энцыклапедыя рарытэтаў”) выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” (Гран-пры конкурсу). Гэта — факсімільнае выданне акварэльных замалёвак вядомага мастака і архітэктара Дзмітрыя Струкава, выкананых ім у 1864—1867 гадах. Альбом уключае малюнкі каля 200 старажытных драўляных і каменных цэркваў, згубленых прадметаў царкоўнай даўніны, ікон і царкоўнага начыння, надмагілляў, замалёўкі старажытных курганоў і гарадзішчаў, панарамы старажытных беларускіх гарадоў, каментарыі спецыялістаў.

Альбом “Живая вера. Ветка” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” (дыплом першай ступені ў намінацыі “Садружнасць”) на 470 старонках аб’яднаў высакаякасныя фотаздымкі помнікаў XVIII—XX стагоддзяў з калекцый Веткаўскага музея народнай творчасці імя Фёдара Шклярова, у ліку якіх прадметы прыкладных мастацтваў, залатога шыцця, шыцця жэмчугам і пацеркамі, чаканкі, гравіроўкі па метале, пазалочанай разьбы па дрэве. Выданне змяшчае таксама невялікі гістарычны агляд.

Альбом “Валентин Губарев. Важно все”, выпушчаны выдавецтвам “Мастацкая літаратура” (дыплом другой ступені ў намінацыі “Арт-кніга”). Ён знаёміць чытача з самымі цікавымі працамі сучаснага мастака Валянціна Губарава, чые працы і імя вядомы далёка за межамі Беларусі. У альбоме таксама змешчаны вершы і дзённік мастака.

Кніга “Житие блаженной Евфросинии, игуменьи монастыря Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке” выдавецтва Беларускага Экзархата (дыплом другой ступені ў намінацыі “Арт-кніга”). Выданне складаецца з дзвюх кніг — факсіміле Пагодзінскага спіса Жыція і ўзноўленага царкоўнаславянскага тэксту “Жыція Еўфрасінні Полацкай” з перакладамі яго на рускую, беларускую і англійскую мовы. Наборнае ўзнаўленне царкоўнаславянскага тэксту здзейснена па алічбаванай копіі Жыція. Захаваны вынасныя літары, знакі прыдыхання і націску... Гартаючы выданне, чытач нібы здзяйсняе экскурс у той час.

Фотаальбом “Минск — город и люди” выдавецтва ТАА “Артия-Групп” (дыплом другой ступені ў намінацыі “Мая краіна”) — гэта аўтарскі праект вядомага беларускага фотамастака Вадзіма Качана. Выкарыстоўваючы чорна-белую фатаграфію, аўтар распавядае пра прыгажосць беларускай сталіцы, пра адкрытасць, жыццялюбства і гасціннасць мінчан. Фотаздымкі Качана — гэта яго асабістае адчуванне і бачанне Мінска, які на вачах чытача з правінцыйнага гарадка савецкага часу ператвараецца ў сталіцу еўрапейскай краіны.

Спецыяльнымі дыпломамі журы адзначаны таксама фотаальбомы “Казахстан” Міжнароднага цэнтра культуры кнігі і “20 лет СНГ” Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter