Абапіраючыся на сваю гісторыю, жыткавіцкія сяляне розных пакаленняў жывуць у нястомнай працы і шчодрым хлебасольніцтве
ТРАДЫЦЫІ беларускай вёскі: працоўныя, ратныя, святочныя, рытуальныя, спеўныя і колькі яшчэ іншых. У кожнай мясцовасці яны напоўнены сваім каларытам. Асабліва багаты на звычаі ўнікальны Палескі край. Вытокі іх — у даўнім мінулым. Акружаны з усіх бакоў балотнымі абшарамі, гэты куток спрадвеку жыў сваімі каштоўнасцямі. Тураў і Тонеж, Нівы і Данілегі, Дастоева і Варанцэвічы, Рудка і Глінішча, Гарошкаў і Заказель… I пералік можна поўніць іншымі назвамі малых і вялікіх мястэчак, фальваркаў, вёсак, хутароў гэтага рэгіёна, якія сталі вядомымі дзякуючы слынным жыхарам і адмысловым традыцыям. З першых гадоў пасля хрышчэння Русі ўсяму праваслаўнаму свету падарыў малітвы златавуст Кірыла Тураўскі. За цудоўныя спевы салаўіным берагам Палесся завуць глыбінную палескую вёску Тонеж. Усеагульную вядомасць старажытным Данілегам надаў тысячагадовы цар-дуб, што значна ўзвышаецца над густой дубровай каля гэтай лельчыцкай вёскі, якому беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч прысвяціў свой літаратурны твор. Вялікі беларускі асветнік Напалеон Орда ўвекавечыў родныя Варанцэвічы, а сусветнавядомы пісьменнік Фёдар Дастаеўскі — радавое палескае памесце Дастоева. Схаваныя сярод непраходных некалі балот Глінішчы праславіў у сваіх геніяльных творах класік беларускай літаратуры Іван Мележ, а паэтка Яўгенія Янішчыц — невялічкую пінскую Рудку, што агародамі падыходзіць да рэчкі Ясельды, а яе сяброўка Ніна Мацяш — прытоеныя між Белым і Чорным азёрамі родныя Нівы. На вечны спачын прыняла прыдняпроўская вёска Гарошкаў свайго паэта Анатоля Сыса, а ў радавой заказельскай усыпальніцы пакоіцца вядомая пісьменніца Элаіза Ажэшка. Колькі такіх святых мясцін у кожным куточку Беларусі, адкуль бяруць пачатак нашы агульныя вытокі.
НІБЫТА пацеркі спелых журавін на каларытным балотным імху красуюцца палескія вёскі, хутары, мястэчкі. Бясцэннымі каралямі на блакітным касніку Прыпяці вякамі глядзяцца вокнамі вясковых хат у рачную плынь вёскі Калаўравічы, Сямігосцічы, Чэр- нічы, Азяраны, Рычоў, Ляскавічы, дзе жывуць нястомныя ў працы, руплівыя, таленавітыя, хлебасольныя палешукі, якія добра ведаюць і шануюць свае вытокі. Дзе яшчэ можна ўбачыць прыгожа аздобленыя ручной разьбой хлявы, і асабліва хаты. Кожная з іх — сапраўдны ўзор дойлідства. Па старому шляху ад старажытнага Турава да велічнага Давыд-Гарадка што ні дом, то самыя розныя па форме сонейкі на шчытах. Кожны ўзор арыгінальны, ні адзін не паўтараецца. А што ні падворак — прыклад высокай сялянскай культуры і парадку ва ўсім. Агароды і сады дагледжаныя, усе гаспадарчыя пабудовы дыхтоўныя. Хлявы — поўныя ўсялякай жывёлы. Так вядзецца здаўна. Сусед раўняецца на суседа і высока трымае планку гаспадарання.
Ганчарамі і мулярамі, бондарамі і цеслярамі, рымарамі і краўцамі, пчалярамі, адмысловымі майстрамі на ўсе рукі багата Палессе, дзе спрадвеку праца ў вялікай пашане і многія даўнія традыцыі звязаны з ёй. Дагэтуль вясковай талакой узводзяць дамы, выконваюць іншыя важныя работы. Па старой звычцы і цяпер падчас сватання цікавяцца вытокамі новай радні. Даражаць сваімі каранямі і цэняць усё станоўчае ў людзях. Не выпадкова такія прывабныя палескія сёлы, забудаваныя не дамамі, а сапраўднымі палацамі. Толькі ў столінскіх Альшанах штогод паўстае паўсотні новых муроў. Не патрэбны ім банкаўскія пазыкі на новабудоўлю. Усё спадзяванне на свае працавітыя рукі і сялянскую кемлівасць. Сучаснымі катэджамі забудоўваюцца цэлыя вуліцы і ў суседніх вёсках Вялікае Маляшава, Рамель, Альгомель, Аздамічы, Цераблічы, Кароцічы, Талмачава. Дзякуючы дзяржаўнаму клопату ў кожным такім новым асабняку газавае ацяпленне, вада і каналізацыя. Тут усталявалася завядзёнка загадзя будаваць жыллё дзецям.
Таму і бурліць жыццё ў гэтых вёсках. Маладыя працягваюць справу бацькоў, у родных мясцінах куюць сваё шчасце. Калектыўныя гаспадаркі, як правіла, эканамічна моцныя, і прыватны бізнес развіваецца. Аснову ўсяму дае зямля, якая шчодра адорвае рупліўцаў. У гэтыя лістападаўскія дні, калі на прыцішаных палях пуста ўжо, штодня дзясяткі велікагрузных аўтапаяздоў яшчэ вывозяць з палескай глыбінкі садавіну і гародніну. У аб’ёмных сучасна абсталяваных сховішчах прадукцыі хопіць для адгрузкі да новага сельскагаспадарчага сезона. Дбайныя палешукі ўжо рыхтуюцца да будучай вясны. Абнаўляюць парнікі, назапашваюць дровы для іх ацяплення, закупляюць усё неабходнае для сваёй гаспадарчай дзейнасці.
У такі час па старой традыцыі гудзяць палескія кірмашы. Чаго толькі на іх няма! Ад самай адмысловай гародніны, садавіны, багацця мясной і малочнай, пчалярнай прадукцыі да розных ганчарных, кавальскіх, сталярных і іншых вырабаў. І на ўсё ёсць попыт. Асабліва багатыя кірмашы ў гэтыя дні глыбокай восені, калі ёсць што прапанаваць пакупніку і часу вольнага больш у селяніна. Да самай вясны звычайна ажыўлена на гэтых кірмашах. Пакуль ніва зноў не пакліча земляроба.
КОЖНЫ лапік поля тут запатрабаваны, старанна апрацаваны. Традыцыйна беражлівыя адносіны да зямлі выхавала само жыццё. Сярод палескай дрыгвы было мала ўдобіц. Вось як у невялікай прытуленай у міжрэччы Прыпяці і Сцвігі вёсцы Хільчыцы. Да Вялікай Айчыннай вайны ў паўкіламетры ад вясковых падворкаў праходзіла дзяржаўная мяжа з буржуазнай Польшчай. Дабрацца сюды было надзвычай складана. Адзіная грэбля з Турава да прыпяцкага парома і далей праз топкія балоты і шматлікія рачулкі, ручаіны. У міжсезонне гэты глухі куток надоўга адразаўся ад вялікага свету.
Але цывілізацыя сюды прыйшла значна раней іншых навакольных мясцін. Электрыфікацыя Тураўшчыны пачалася ў пасляваенныя 50-я гады, а ў Хільчыцах яшчэ да вайны ззялі электрычныя лямпачкі. Па ініцыятыве палітрука Хільчыцкай пагранзаставы Яўхіма Іткіса пабудавалі электрастанцыю.
Хільчыцкія палі не надта ўрадлівыя. На валах апрацоўвалі іх сяляне, засявалі жытам, просам, ільном, саджалі бульбу. Многія трымалі свае борці на векавых дубах, што густа абступалі рэчку Сцвігу. Больш дужыя мужчыны займаліся лесасплавам, дзе няблага зараблялі. Аж да самога Дняпра ганялі плыты. А калі ў Хільчыцах стварылі калгас, уся навакольная зямля стала калектыўнай. Разам сеялі, даглядалі пасевы і ўбіралі ўраджай. Вёска мацавалася новымі сем’ямі, жыла будучым. Першым кіраўніком калектыўнай гаспадаркі сяляне абралі кемлівага Івана Белку. Малады старшыня стараўся так весці справы, каб усё спорылася, і пра людзей не забываў. За гэта і карыстаўся павагай. Добрая слава ішла пра калгас. Вялікай падзеяй для Хільчыц было атрыманне гаспадаркай першага аўтамабіля, які даручылі здатнаму маладому Івану Кашэвічу. З якім гонарам ездзіў зухаваты шафёр па пыльных палявых дарогах. А неўзабаве і два трактары паступілі ў калгас. Усёй грамадой вырашалі, каму іх даверыць. Пашчасціла Фёдару Леўкаўцу і Пятру Журку. Старыя і малыя высыпалі на вясновае поле, калі новыя трактары пачалі араць.
Спакойны лад парушылі раптоўныя арышты. Забіралі самых дбайных, працавітых маладых гаспадароў. За некалькі даваенных гадоў масавых рэпрэсій вёска не далічылася 27 аднавяскоўцаў. Арыштавалі і калгаснага старшыню Івана Аляксеевіча. І ў суседніх Бярэжцах забралі 24 мужыкоў. Дамоў ніхто з іх не вярнуўся. Усіх абвясцілі ворагамі народа. Праз дзесяцігоддзі ўсе яны пасмяротна рэабілітаваны. Але як было тады маральна вытрымаць, выжыць асірацелым сем’ям з малымі дзецьмі.
НЕЎЗАБАВЕ грымнула вайна. Фашысты акупіравалі Хільчыцы. У былой памежнай заставе размясцілі камендатуру. Пра ўсё гэта свята захоўваюць памяць сённяшнія жыхары вёскі. У невялікім краязнаўчым музеі сярэдняй школы—дзіцячага садка, якую амаль пятнаццаць гадоў узначальвае Уладзімір Лясько, сабраны цікавыя гістарычныя экспанаты. Сярод іх і першае пасведчанне, выдадзенае ў 1913 годзе выпускніку Хільчыцкай сапраўднай школы Архіпу Шрубу. Бо дагэтуль тут не было школы. Некаторыя больш заможныя сяляне наймалі прыезджых «грамацеяў», якія ўзімку вучылі за пэўную плату ў асноўным толькі хлопчыкаў чытаць і пісаць, рашаць задачы. Заняткі праводзіліся па хатах. Час ад часу ў вёску з суседняга сяла Рычова наведваўся бацюшка, які правяраў моладзь на веданне малітваў. Толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Хільчыцах адкрылі чатырохгадовую школу, якая потым стала сямігодкай. Грамаце вучыліся і дарослыя. Настаўнікі былі прыезджыя. Усё гэта занатавана ва ўспамінах старэйшых жыхароў. Кранае расповяд Таццяны Журко.
14 ліпеня 1941 года нямецкія войскі ўварваліся ў Хільчыцы. Але створаны ў раёне знішчальны батальён даў бой фашыстам, падчас якога сяляне вымушаны былі пакінуць свае сядзібы і ратавацца ў суседніх Бярэжцах, а потым і ў лесе. Да восені фашысты поўнасцю акупіравалі навакольныя мясціны і па-зверску здзекаваліся з насельніцтва. Маладых, дужых юнакоў і дзяўчат прымушалі зімою збіваць мёрзлыя бугры на дарозе, а ў вясновае разводдзе класці драўляны накат па грэблі. Мужчыны зімою баранавалі сітнік, капалі акопы, высеквалі сады, хмызнякі ўздоўж дарог. Летам 1943 года ўсіх маладых жыхароў Хільчыц і навакольных вёсак сагналі ў школу і адтуль пагналі праз Тураў у Жыткавічы. Там пагрузілі ў таварныя вагоны і праз Лунінец, Пінск вывезлі ў Германію. Па дарозе многія мужчыны паўцякалі, а тыя, каму гэта не ўдалося, вымушаны былі да канца вайны працаваць у нямецкіх сям’ях. Нават пасля вызвалення савецкімі войскамі многія не маглі адразу адправіцца дамоў, бо хварэлі тыфам.
Калі Таццяна Журко вярнулася ў родныя мясціны, то ледзьве пазнала вёску. Замест былых вуліц з хатамі і гаспадарчымі пабудовамі віднеліся зямлянкі. Змучаныя вайной вяскоўцы туліліся ў іх. У свяшчэннай Хатыні на могілках знішчаных фашыстамі беларускіх вёсак ёсць і назва Хільчыц. Дашчэнту спалілі яе акупанты ў 1942 годзе. А жыхароў, як і многіх іншых палешукоў, уратавалі палескія пушчы.
У ЦЭНТРЫ Хільчыц на гранітным абеліску выбіты прозвішчы 64 вяскоўцаў, што загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. А каля цвінтара асеннімі днямі ўсталяваны яшчэ адзін мемарыяльны помнік — вясковым ахвярам даваенных рэпрэсій.
— Гэта быў самы цвет нашай вёскі, — адзначае настаўнік гісторыі Хільчыцкай сярэдняй школы—дзіцячага садка Юрый Комар. — Ім было па 30—40 гадоў усяго. 51 чалавек толькі з нашых двух вёсак Хільчыцы і Бярэжцы сталі абсалютна нявіннымі ахвярамі таго неспакойнага часу. І сёння няма дакладных лічбаў, колькі ўсяго тады загінула людзей. Арыштаваных нашых землякоў адпраўлялі ў Мазыр. Як сведчаць дакладныя факты, спачатку іх расстрэльвалі ва ўрочышчы Бярозаўцы, што каля Мазыра, а потым і ў святым месцы — склепе праваслаўнага храма горада. Самы масавы расстрэл быў 21 ліпеня 1938 года, пад які трапілі і два нашых аднавяскоўцы. Сімвалічна, што гэты помнік ахвярам даваенных рэпрэсій усталяваны на ўскрайку поля, каля вясковых могілак.
Першым у спісе ахвяр рэпрэсій на помніку выбіта прозвішча Івана Аляксеевіча Белкі, 1895 года нараджэння. Дачка яго Надзея Іванаўна Кавалец ніколі не забудзе той страшэнны зімовы дзень, калі забіралі з іх хаты збянтэжанага бацьку. Больш яны яго не ўбачылі, нават і не даведаліся, дзе магіла. Сіротамі выраслі дзеці. Усё працоўнае жыццё дачка Надзея прысвяціла настаўніцтву. Ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага настаўніка школ БССР, выдатніка народнай адукацыі. Узнагароджана Надзея Іванаўна ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яна адзіная на Брэстчыне з шматлікай арміі настаўнікаў удастоена вышэйшай дзяржаўнай узнагароды — Залатой Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы.
Школьнікі, вяскоўцы, усе, хто прыйшоў на адкрыццё помніка, не маглі без хвалявання слухаць 87-гадовую дачку першага старшыні мясцовага калгаса Івана Аляксеевіча Белкі, сведку тых жудасных падзей Надзею Іванаўну Кавалец, якая прыехала разам з дачкой Ганнай, таксама вясковай настаўніцай.
— Тут сёння сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў, — акідваючы позіркам сваіх землякоў, ледзьве стрымлівала пачуцці Надзея Іванаўна. — Дай Бог, каб толькі добрыя традыцыі мацавалі наша жыццё, каб сённяшнія школьнікі з задавальненнем спрагалі на ўроках мовы не глаголы “расстрэльвайце”, “забівайце”, а — “любіце”, “жывіце”, “радуйцеся”. Наша дзяржава стварае ўсе ўмовы для гарманічнага развіцця дзяцей. З бюджэту Беларусі выдзелены вялікія сродкі, і цяпер у Хільчыцах цудоўная, абсталяваная па апошніх патрабаваннях сярэдняя школа—дзіцячы садок. Усе, а гэта амаль паўтары сотні мясцовых дзетак, займаюцца ў такіх жа ўмовах, як і сталічныя школьнікі. Камп’ю- тары і лігафонныя кабінеты, выдатныя спартыўная і актавая залы, цудоўна абсталяваныя кабінеты па ўсіх прадметах, сталоўка, прасторныя залы для гульняў — усё ў выдатным стане. Няхай жа шчаслівым будзе заўтрашні дзень!
Мясцовы святар айцец Сергій малітвай благаславіў усталяванне помніка ахвярам рэпрэсій і акрапіў яго. Кранаюць словы, выбітыя на граніце: “Яны сеялі зерне, чакалі ўсходаў… Ніхто іх не верне і тых недародаў… Каб болей ніколі сяло не пусцела, стаіць гэты помнік, стаіць гэта стэла!” Побач з помнікам узведзена цэркаўка. Яшчэ адну каплічку паставілі на месцы зніклай суседняй вёскі Богушы.
НАВОКАЛ распасціраюцца землі фермерскай гаспадаркі Міхаіла Шруба, якая з году ў год эканамічна мацуецца, стварае новыя працоўныя месцы для вяскоўцаў. Спецыялізуецца гаспадарка на вырошчванні гародніны, а ў перспектыве і садавіны. Ужо некалькі гадоў паспяхова дзейнічае сучасны свінагадоўчы комплекс, якому па выніках работы няма роўных на Гомельшчыне. Сёлета адноўлены і малочна-таварны комплекс, які запаўняецца закупленым маладняком. Уведзены ў эксплулуатацыю камп’ю- тарызаваныя гароднінасховіш- чы на 20 тысяч тон. Аб’ёмы вытворчасці ў фермерскай гаспадарцы растуць высокімі тэмпамі, што нават часам не хапае рабочай сілы. Па ўзгадненні з іміграцыйнай службай сёлета на ўборцы гародніны працуе каля 40 жыхароў суседняга Ракітнянскага раёна Украіны. Уся сельгаспрадукцыя пастаўляецца ў гандлёвую сетку беларускай сталіцы і навакольных з Тураўшчынай населеных пунктаў. Атрыманы прыбытак ад гаспадарчай дзейнасці дазваляе мадэрнізіраваць вытворчасць, развіваць сацыяльную сферу. Нядаўна кіраўніцтва гаспадаркі выкупіла яшчэ даволі добры хільчыцкі дом, у якім плануецца адкрыць музей сялянскага побыту. Яго экспазіцыю папоўняць экспанаты школьнага краязнаўчага музея. У перспектыве ёсць задума прымаць у гэтым аддаленым куточку Палесся сваіх і замежных турыстаў, бо ёсць тут што ім паказаць, ёсць чым здзівіць.
Уладзімір СУБАТ
Фота аўтара