Як працуюць студэнты на канікулах, цікавілася карэспандэнт “Р”

Кэш на працу!

У разгар канікул тысячы студэнтаў не адпачываюць. Пяць дзён у тыдзень працуюць у поце чала — зусім як іх сталыя калегі. І не шкадуюць: да верасня на руках у рабят будуць сумленна заробленыя грошы, бясцэнны вопыт і мора эмоцый. Як працуе ініцыятыўная моладзь, даведалася карэспандэнт «Р».


Сфер, якія студэнты могуць выбраць для сезоннага падзаработку, на пальцах рукі не пералічыш. Рабяты працуюць на рэканструкцыі і будаўніцтве дарог, школ і дзіцячых садкоў, спартыўных комплексаў, жылых дамоў, з задавальненнем прымаюць удзел ва ўборцы ўраджаю па ўсёй краіне. Папулярныя педагагічныя і экалагічныя атрады.

Паводле апошніх даных, праца студэнцкіх атрадаў запланаваная на 1,2 тысячы аб’ектаў, дзе створана амаль 40,7 тысячы рабочых месцаў па ўсёй краіне. Толькі ў Мінску студэнтам адчынілі дзверы 160 арганізацый і прадпрыемстваў — там прапанавана больш за 7,2 тысячы вакансій. Моладзь, што не прывыкла сядзець склаўшы рукі, сустракаю ў ААТ «Белбакалея».

Складскія памяшканні займаюць плошчу звыш 40 тысяч квадратных метраў. Там скрупулёзна працуюць больш за 450 прафесіяналаў, але пачаткоўцаў заўважаю адразу. Дзяўчына разгублена аглядаецца: хвалюецца, бо працаваць прыйдзецца не па спецыяльнасці.

— Падзаработак самой знайсці складана. Асабліва на месяц. Адно выйсце — студатрад. Я не хацела ў жніўні праціраць штаны дома. Увесь год мы вучыліся і працавалі галавой, цяпер можна і фізічна, — Марыя Мазалеўская атрымлівае форму і бяжыць пераапранацца. Другакурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі ўжо распісала ўсю будучую зарплату: частку пакіне на «дробныя выдаткі», астатняе аддасць бацькам — хай тыя вырашаюць, што за іх купіць.

Запаўненне папер у аддзеле кадраў, інструктаж па ахове працы — і ў бой. У цэху рабятам ужо раскрываюць тонкасці працы — моладзь задзейнічаюць на фасоўцы цукру ў пакеты. Ёсць і іншыя вакансіі — па жаданні можна працаваць на свежым паветры.

Ад працы адрываю двух смуглых сябровак. На марскім беразе тыя, кажуць, не загаралі — скура пацямнела пад нашым сонцам.

— Мы добраўпарадкоўваем тэрыторыю прадпрыемства. Праца нескладаная, хоць і крышачку пыльная, — усміхаюцца студэнткі.

Анастасія Сівіцкая таксама атрымала заданне даспадобы — рабіць рамонт пад дахам дома свайго. Дакладней, у студэнцкім інтэрнаце. Працуе сумленна: як-ніяк, самой там жыць.

— Ды і перад аднакурснікамі не павінна быць сорамна, — Насця сёння будзе фарбаваць сцены.

Каб убачыць, як працуюць сапраўдныя мужчыны, еду на завод ЖБВ УП «Мінскметрабуд». Хлопцы не баяцца складанай працы: гатовыя папацець, каб шмат чаму навучыцца. Знаёмлюся з Мікітам Варашковым. Юнак грызе граніт навукі ў вучылішчы — набіраецца вопыту ў прафесійных сталяроў і цесляроў. А тры тыдні таму хлопец папоўніў веды ў іншай прафесіі — цяпер дасканала валодае тэхнікай ямачнага рамонту асфальту:

— Загадана аднавіць заводскую пляцоўку. Выкарыстоўваем спецыяльную тэхніку — гэта працу вельмі спрашчае. Праўда, усё роўна лапатай памахаць даводзіцца. Без гэтага ніяк.

Юрый Сярбун, таксама студатрадавец, заняты маляркай. Працаваць пад спякотным сонцам складана, але юнак не журыцца — затое, у адрозненне ад многіх сяброў, якія адпачываюць, атрымае нядрэнныя грошы.

— Працую толькі тры тыдні, але мне ўжо па кішэні новенькі сучасны смартфон. Ці тое яшчэ будзе — увесь жнівень наперадзе. І бацькам дапамагу.

Актыўных рабят у нас нямала: студэнты раз’ехаліся па ўсёй краіне. Лепшыя з лепшых паехалі на Усебеларускую маладзёжную будоўлю — аб’екты будаўніцтва БелАЭС. Іншыя атрады працуюць на тэрыторыях цэнтральнай раённай бальніцы ў Астраўцы, аперацыйнага блока Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера, Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы.

Бадай, самы рамантычны сезонны падзаработак — у будучых педагогаў. Вакол духмяны хвойны лес, побач плёскаецца Мінскае мора — чым не рай. Адзіны мінус — у дзіцячым аздараўленчым лагеры працаваць даводзіцца штодня. Важатым драмаць нельга: падапечныя пастаянна патрабуюць кантролю і клопату. Як з гэтым справіцца? Сакрэтам падзялілася Лізавета Алісейчык:

— Усё проста: трэба вельмі любіць дзяцей. Я сваіх проста абажаю!

Ліза зараз сезонная «мама» для 30 хлопчыкаў і дзяўчынак 6—8 гадоў. Яны часта сумуюць па дому. Задача важатага — зрабіць іх шчаслівымі. І тут у ход ідуць любыя прыёмы. У асноўным актыўныя гульні — з загадкамі, інтрыгай і прызамі.

Пакуль дзеці наразаюць кругі на стадыёне, у сталовую спяшаюцца старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі. За падлеткамі прыглядае Гражына Белановіч. Яна ўспамінае:

— Сама, здаецца, яшчэ нядаўна тут дзіцем адпачывала. Але на самай справе калі палічыць... Ідзе ўжо шосты год, як я ў сезон працую важатай. Гэта 14 змен запар. Не толькі дзеля грошай. Больш для душы.

ГЭТА ФАКТ

Студатрадаўскі рух — адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці БРСМ. Пачынаючы з 2003 года ён аб’яднаў больш за 975 тысяч ініцыятыўных маладых людзей.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter