Казка ў падарунак

Каля сотні выхаванцаў Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, атрымалі напярэдадні Дня ведаў па кнізе “Маміна казка”

Каля сотні выхаванцаў Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, атрымалі напярэдадні Дня ведаў па кнізе “Маміна казка”

Такім чынам стартавала аднайменная рэспубліканская акцыя, ініцыяваная Беларускім саюзам жанчын і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, якая праводзіцца ў Год кнігі  пры падтрымцы прадстаўніцтва ЮНІСЭФ. У межах праекта ўсе дзяўчынкі і хлопчыкі, якія выхоўваюцца без сям’і, атрымаюць у падарунак ілюстраваны зборнік беларускіх і рускіх народных казак. Арганізатары мяркуюць, што акцыя зверне ўвагу на ролю кнігі ў жыцці падрастаючага пакалення, а таксама ўпэўніць дзяцей і дарослых у каштоўнасці традыцый сямейнага чытання.

Што можа быць лепшым падарункам для дзіцяці, асабліва калі гэта дзіця выхоўваецца ў інтэрнаце? Не, не мабільнікі і камп’ютары, не паездка ў заапарк або на атракцыёны, а сустрэча з маці. Яе шчырая ўсмешка, добрае слова, распаведзеная на сон казка... А калі маці няма ці ёсць толькі на паперы, як у многіх з навучэнцаў Радашковіцкай школы-інтэрната? Тады хаця б “Маміна казка” — кніга, якая дыхае дабрынёй і бацькоўскай цеплынёй.

— Чаму прыехалі з акцыяй менавіта ў школу-інтэрнат? Таму што тут, як ні ў якім іншым месцы, патрабуецца пяшчота. Асабліва матчына, — расказвае старшыня Праўлення Нацыянальнага  банка Рэспублікі Беларусь і старшыня Беларускага саюза жанчын Надзея ЕРМАКОВА. — Хацелася дакрануцца да сэрцаў гэтых дзяцей, прынесці ім радасць.

У кнігу, складальнікам якой стаў вядомы пісьменнік Алесь Бадак, увайшлі самыя папулярныя народныя казкі на беларускай і рускай мовах — “Лісіца-хітрыца”, “Разумная дачка”, “Сынок-з-кулачок”, “Не сілай, а розумам”, “Курочка-ряба”, “Гуси-лебеди” і многія іншыя. Аформлена выданне з густам — якасная папера, яркія колеры, вялікая колькасць ілюстрацый. Такую кнігу дзеткам абавязкова захочацца прачытаць. “Ух ты! Колькі тут прыгожых малюнкаў! — гартае кнігу васьмігадовы Радзівон. — Люблю казкі! Праўда, мама мне ніколі іх не чытала — адмовілася ад мяне, як толькі я нарадзіўся. Але я ўжо і сам добра чытаю”.

— У Год кнігі, аб’яўлены Прэзідэнтам, кніга павінна быць у кожнага дзіцяці. Асабліва такая, як “Маміна казка”, — гаворыць  першы намеснік міністра інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Упэўнена, кніжка стане для дзетак надзейнай сяброўкай. У выданні сабраны вельмі добрыя казкі — усе са шчаслівым канцом. А па-іншаму і быць не можа: спагада, справядлівасць, любоў да бліжняга, аб якіх паведамляе кніга, заўсёды перамагаюць!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter