Казка чароўнага люстэрка

Больш за 23 гады свайго жыцця Марына Тур аддала дзецям...

2010 год педагог вышэйшай катэгорыi з больш чым дваццацiгадовым стажам i мастацтвазнаўца Марына Тур чакала з пачуццём асаблiвай адказнасцi i хвалявання. Для яе надыходзячы год стаў сапраўды новым, бо сустракала яго Марына Фларыянаўна на новай пасадзе – дырэктара Валожынскага раённага цэнтра культуры.

Больш за 23 гады свайго жыцця яна аддала дзецям. Працавала ў школе настаўнiкам гiсторыi, атрымала вышэйшую катэгорыю. Потым яшчэ дзесяць гадоў займалася арганiзацыяй вучэбнага працэсу ў якасцi намеснiка дырэктара па вучэбнай рабоце. I заўсёды заставалася клапатлiвай жонкай i мацi для дзвюх родных дачок i соцень прайшоўшых праз яе рукi i атрымаўшых настаўнiцкае благаславенне ў жыццё вучняў. Пры гэтым не развiтвалася з незвычайным захапленнем – маляваннем i мастацкай лепкай. Сваё бачанне свету яна перадала дачкам. Абедзве атрымалi вышэйшую адукацыю, маюць выдатны густ, а малодшая Алёна працуе мастаком у Палацы культуры Маладзечна.

Калi былы дырэктар Цэнтра культуры пайшла на пенсiю, кiраўнiцтва аддзела культуры Валожынскага райвыканкама прапанавала рэалiзаваць выдатныя арганiзатарскiя i мастацкiя здоль­насцi Марыне Тур. Падумаўшы, яна прыняла прапанову...

Колькi пачуццяў Марына Фларыянаўна ўкладвала ў кожны навагоднi агеньчык для дарослых, ранiшнiк для дзетак! Навагоднi агеньчык для працаўнiкоў доследнага лясгаса стаў першым мерапрыемствам. Атрымалася ня­дрэнна. Наступная “Казка чароўнага люстэрка” прайшла з яшчэ большым поспехам.

Былi i шматлiкiя навагоднiя сустрэчы i вiншаваннi ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, прычым з выездам да тых, хто не мог самастойна наведаць раённы Цэнтр культуры. Сваiмi сiламi арганiзавалi святочныя провады на армейскую службу пры­з­ыўнiкоў, наладзiўшы канцэрт “Кожны хлопец – воiн бравы”. Для жыхароў i гасцей Валожына правялi “Навагоднi серпанцiн” таксама са святочна-забаўляльнай праграмай, арганiзавалi шэсце Дзядоў Марозаў i пераднавагоднi кiрмаш.

Напэўна, не прайшоў незаўважаным i дабрачынны ранiшнiк для лепшых вучняў, на якi адбiралi самых дастойных школьнiкаў з усiх школ i гiмназiй раёна. Мясцовыя ўлады зрабiлi ўсё магчымае, каб “Казка чароўнага люстэрка” была ў святочныя днi i з дзецьмi, i з дарослымi. Каб кожны жыхар горада i раёна не застаўся без увагi i святочнага настрою.

На думку мясцовых жыхароў, намаганнямi новага дырэктара Цэнтра культуры i яе каманды свята атрымалася цёплым, душэўным i радасным.

На здымку: Марына ТУР.

Фота: Станiслаў РЫСНIК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter