Дети и взрослые из могилевской арт-студии «Забава» своими руками делают кукол для батлейки

Казка ажывае на далонях

Калiсьцi батлейка была адной з галоўных забаў беларусаў — як для дзяцей, так i для дарослых. Адзiн з мабiльных лялечных тэатраў, што некалi вандраваў па Магiлёўскай губернi, зараз захоўваецца ў Расiйскiм этнаграфiчным музеi ў Санкт-Пецярбургу. Аднак дзякуючы мiнскiм мастакам Мiхаiлу Шапяленку i Алене Iванчанка крыху больш за дзесяць год таму батлейка вярнулася «дадому» — у Магiлёўскi абласны мастацкi музей iмя П. В. Масленiкава. Майстры зрабiлi яе дакладную копiю, таму сёння, як i раней, магiляўчане могуць ладзiць лялечныя спектаклi. А каб палiтра казак была большай, у музеi адкрылi арт-студыю «Забава», дзе вучаць рабiць герояў для будучых пастановак. 

Кіраўнік студыі Таццяна КРЫЛАСАВА.

Прынцэса, клоўн, селянiн... Самыя розныя лялькi чакаюць свайго «выхаду» на сцэну, а пакуль — «адпачываюць» на палiцы. Адна з iх — справа рук i таленту пяцiкласнiцы Арыны Галаўковай. З якога падання яе прыгажуня, яшчэ невядома: сцэнарый п’есы, дзе лялька можа прыняць удзел, пакуль не напiсаны, але тым i цiкавей. А пакуль школьнiца чаруе над другой казачнай iстотай — такая справа, прызнаецца, хоць i патрабуе карпатлiвасцi i цярпення, вельмi ёй падабаецца. 

П’еса для лялькі Арыны ГАЛАЎКОВАЙ яшчэ не напісана.

З чаго наогул пачынаецца нараджэнне батлеечнай лялькi? Кiраўнiк студыi, навуковы супрацоўнiк музея Таццяна Крыласава адказвае:

— Для гэтага трэба мець палiмерную глiну, крыху дроту, тканiны, клейкай стужкi. Аднак галоўнае — жаданне. Калi яно ёсць, то i вынiк будзе. 

У чаканні «выхаду» на сцэну.

Дарэчы, з аўтарскiмi лялькамi, якiх стварыла сама Таццяна Уладзiмiраўна, магiляўчане мелi магчымасць пазнаёмiцца падчас яе персанальнай выставы. Майстар сцвярджае, што такая творчасць — цэлы свет, якому па сiлах аб’яднаць многiх. I ў першую чаргу — сем’i:

— Не сакрэт, што таты, мамы i iх сыны з дочкамi нярэдка бавяць вечары кожны ў сваiх гаджэтах. А хатні тэатр — якраз тое, што можа зацiкавiць любога, незалежна ад узросту. Для хлопчыкаў i дзяўчынак, якiя ладзяць пастаноўкi, гэта яшчэ i магчымасць навучыцца фармуляваць думкi, трымацца перад публiкай. I, зразумела, рэалiзаваць творчы патэнцыял. 

Зрабіць ляльку няпроста.


Таццяна Крыласава нагадвае, што традыцыйная батлейка — гэта пераважна калядныя пастаноўкi. Аднак нiшто не перашкаджае развiвацца i ў iншым напрамку: ставiць у пераносным аматарскiм тэатры розныя казкi. Напрыклад, васьмiгадовая Iра Цвяткова, якая таксама наведвае студыю, прызналася, што ёй падабаецца казка «Чараўнiк Iзумруднага горада». Чым i тлумачыцца яе выбар лялькi: дзяўчынка Элi. Ствараць гэты вобраз дачцэ дапамагае тата Юрый. Магiляўчанiн кажа, што яму цiкавая любая новая справа:

— Я шмат чаго магу зрабiць сваiмi рукамi: дом пабудаваў, цяпер на чарзе лазня. Чаму б не паспрабаваць i ляльку зрабiць? 

Юрый ЦВЯТКОЎ дапамагае дачцэ рабіць ляльку.

Чараўнiцтва батлейкi вабiць гледачоў i праз некалькi стагоддзяў пасля таго, як яна з’явiлася на свет. Таццяна Крыласава расказвае, што знакамiты пясняр нашай зямлi Уладзiмiр Мулявiн таксама ацанiў прыгажосць i асаблiвы каларыт такога мастацтва. I для аднаго з выступленняў ансамбля «Песняры» нават перанёс яго на вялiкую сцэну. А сёння ўжо арт-студыя «Забава» ставiць батлеечныя спектаклi з музычным суправаджэннем у запiсе гэтага калектыву. Прычым не толькi ў сценах музея, а i выязныя — у дзiцячых садках i школах. Пашыраць кола сяброў старажытнага мабiльнага тэтра дапамагаюць дадаткова зробленыя для гэтага дзве батлейкi. Лялек дзякуючы новаму захапленню маленькiх i дарослых гараджан таксама становiцца ўсё больш.

Аналаг магілёўскай батлейкі зрабілі мінскія мастакі.

markova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Светлана МАРКОВА