Казарскі, Багдановіч, Севастопаль, Ялта…

Чатыры словы яднаюцца справамі Валерыя Барташа
Чатыры словы яднаюцца справамі Валерыя Барташа.

Дэкаратыўная талерка ў гонар Аляксандра КазарскагаПа-першае, хто такі Барташ? Старшыня праўлення Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча, адвакат па прафесіі, а заадно і публіцыст, паэт душой.

Па-другое, хто такі Казарскі? Калі асоба Максіма Багдановіча вядомая ледзь не кожнаму беларусу, то Аляксандра Казарскага ўзгадаюць хіба гісторыкі ды аматары вандраваць па Крыму. А між тым ён — сапраўдны герой руска-турэцкай вайны 1828–1829 гадоў. І наш суайчыннік: нарадзіўся ў Дуброўне на Аршаншчыне ў 1798 го-дзе. Самы першы помнік у Севастопалі ўзведзены яшчэ ў 1834 годзе менавіта Казарскаму. А на Радзіме, у Дуброўне, яму ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
У кожны свой прыезд у Мінск Валерый Барташ абавязкова захо-дзіць у рэдакцыю газеты “Голас Радзімы”, расказвае пра паездкі ў Ялту на магілу Максіма Багдановіча, патрона свайго таварыства, — на святы верша і песні. Заглянуў да нас і калі ўдзельнічаў у рабоце Пятага з’езда беларусаў свету.

— Сёлета пабывалі ўжо ў Ялце? — пытаюся ў госця.

— Як жа інакш! Там сустрэліся з беларусамі Феадосіі, Сімферопаля, іншых крымскіх гарадоў. А вось вам падарунак з Севастопаля: талерка з выявай помніка капітану Казарскаму. Як бачыце, формай помнік нагадвае даўнюю вежу, на версе якой — бронзавая трыера, старажытнагрэчаскі карабель, на такіх плавалі Геракл, Адысей. На помніку напісана: “Нашчадкам у прыклад”. Гэта значыць, і нам з вамі ў прыклад...

— Цікава, а як вам, у Севастопалі, гэты прыклад бачыцца? У чым ён заключаецца?

— Гэта ўсім нам урок мужнасці, а таксама надзеі нават у самай безнадзейнай сітуацыі. Прыклад стойкасці, якая творыць цуды. Гэта прызналі нават ворагі. Адзін турэцкі афіцэр, які ўдзельнічаў у чатырохгадзінным баі з брыгам “Меркурый” пад камандаваннем Казарскага, пісаў (цытую прыблізна), што калі летапісы розных часоў захоўваюць для нас доказы бясстрашнасці, то ўчынак Казарскага зацьміць усе іншыя. І турак меў рацыю: на брыгу “Меркурый” было ўсяго 18 гармат, супрацьстаялі ж яму лінкоры “Селіміе” (110 гармат) і “Рэал-бей” (74 гарматы) — і пацярпелі паражэнне.

— Таму і прызнанне — царскае і ўсенароднае — было дастойным. Казарскі, сын упраўляючага дубровенскім маёнткам князя Любамірскага (цытую тут беларускага географа Валерыя Ярмоленку), “атрымаў ордэн Георгія 4-й ступені, званне флігель-ад’ютанта ў свіце расійскага імператара і чын капітана ІІ-га ранга. Брыгу “Меркурый” быў прыданы кармавы Андрэеўскі сцяг — вышэйшая ўзнагарода ў рускім флоце”. А яшчэ наш зямляк атрымаў залатую шпагу.

— На Чарнаморскім флоце Расіі сёння ёсць тральшчык “Казарскі” і судна “Памяць “Меркурыя”. А крымскія беларусы па ўрачыстых днях збіраюцца каля помніка герою-суайчынніку. Святкавалі мы, дарэчы, і 65-годдзе вызвалення Беларусі. З гэтай нагоды зрабілі ў сябе памятную выставу, на якой былі прадстаўлены і севастопальскія, і мінскія выданні.
P. S. Калі тэкст быў напісаны, у архіве Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў нечакана знайшоў брашуру “А. І. Казарскі” (Севастопаль, 1997) з аўтографам аўтара, капітана І рангу ў адстаўцы М. Макарэева. Яна дазволіла ўдакладніць дату нараджэння суайчынніка: 16 чэрвеня. Гэта важна, таму што ў беларускіх крыніцах, нават энцыклапедычных, указваецца толькі год.

З гэтай рэдкай брашуры, выдадзенай Музеем Чырвонасцяжнага Чарнаморскага флоту на правах рукапісу, я даведаўся (у беларускіх крыніцах гэтых звестак няма), што будучага героя ў Дуброўне вучылі: пісьменнасці — праваслаўны святар, матэматыцы, лаціне і французскай мове — малады ксёндз. Рэдкі выпадак нават для шматканфесійнай і талерантнай Беларусі… Аказваецца таксама, што бацька Аляксандра, упраўляючага маёнткам князя, адстаўнога віцебскага губернскага сакратара, быў настолькі бедным, што развітваючыся з сынам перад яго ад’ездам у горад Нікалаеў, у Чарнаморскае штурманскае вучылішча, сказаў яму: “Чэснае імя, Саша, — гэта адзінае, што пакідаю табе ў спадчыну”. Высвятляецца, што ў Дуброўне побач з першай дошкай патрэбна і другая: брат Аляксандра, капітан 2 рангу Мікалай Казарскі, камандаваў тым жа брыгам “Меркурый” у 1840–1848 гадах, “крэйсераваў каля абхазскіх берагоў”.

У брашуры ёсць таксама сумныя дакументы аб тым, што стала прычынай заўчаснай смерці Аляксандра Казарскага: у 1833 годзе яго атруцілі ў Нікалаеве, таму што… раскрадальнікі царскай казны баяліся яго як звышпрынцыповага рэвізора.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter