Жительница Лиды собрала ретроколлекцию из 3000 елочных игрушек

Казачны запас краiны

Прывабны пах курыцы з духоўкі, горы мандарынаў і «зубаскрышальны» грыльяж, белы марлевы касцюм прынцэсы і карона з мішуры — такім памятае Новы год 1980-х калекцыянер Марына Яцко. Як і ўсе дзеці, яна чакала зімовага свята з неверагодным трапятаннем, таму што ведала: за прыгожа прачытаны вершык атрымае салодкі падарунак ад Дзядулі Мароза, а бацькі дазволяць легчы спаць далёка за поўнач. Але асабліва ярка жанчыне запомнілася маленькая ялінка, якая тады асвятляла яскравасцю сваіх гірлянд невялікае, але ўтульнае сямейнае гняздо.

Марына ЯЦКО не проста калекцыяніруе прыгожыя шары і фігуркі звяркоў — жанчына прачытала мноства кніг і можа гадзінамі расказваць гісторыі стварэння розных калекцый.

Прывітанне ад таты

З тых часоў мінулі дзясяткі гадоў. Марына дастае з шафы вялікія скрынкі з цацкамі, акуратна працірае іх ад пылу і ўпрыгожвае ёлку, ад якой ідзе моцны водар хвоі. Калі ў руках аказваецца пухлы ружовы снегавік, жанчына замірае, успамінаючы цёплы момант з дзяцінства:

— Я падавала цацкі тату, а ён іх вешаў на ёлку: мне гэта рабіць не давяралі, баяліся, што разаб’ю, — пасміхаецца жанчына. А потым са светлым сумам дадае: — Таты ўжо няма, але ёсць памяць. Гэтыя цацкі захоўваюць цяпло і надзеі людзей, якія жылі ў той час.

Усе героі калекцыі быццам ажываюць, калі іх змяшчаюць на ёлку.

Марына Яцко жыве з мужам і двума сынамі ў Лідзе, працуе страхавым агентам. Калекцыяніраваць ёлачныя цацкі яна пачала шэсць гадоў таму.

— Як усё самае лепшае ў жыцці, гэта атрымалася выпадкова. Навагодняга настрою зусім не было, і я думала, чым бы парадаваць сям’ю. Вырашыла ўпрыгожыць ёлачку старымі савецкімі цацкамі — добра, малодшаму сыну было ўжо пяць гадоў, так што за шкляныя шары я была спакойная. У інтэрнэце знайшла аб’яву аб продажы цацак і выправілася па адзін набор, але дадому вярнулася з цэлай скрынкай: проста не магла спыніцца.

Калекцыянер прызнаецца: яе хобі нарадзілася не на пустым месцы.

— Мой тата быў гісторыкам і збіраў кнігі, у нас была багатая бібліятэка. Мы з мамай з яго жартавалі, маўляў, навошта табе столькі! Але вось у 35 гадоў у мяне «стрэлілі» яго гены — толькі я не працягваю яго справу, а збіраю ўласную калекцыю. Цяпер ужо мой муж жартуе, што ўва мне прачнуўся Плюшкін.

Дарагая забава

Марына раскладвае свае скарбы на стале: праз колькі хвілін на ім не застаецца вольнага месца, а ў скрынцы яшчэ не відаць дна.

— Інтэрнэт выдатна спрашчае жыццё: я купляю шарыкі і звяркоў на аўкцыёнах, нешта заказваю ў Расіі і ва Украіне, некаторыя рэчы аддалі сваякі і сябры. Ёсць яшчэ спецыяльныя групы калекцыянераў, дзе такія ж захопленыя людзі абменьваюцца гісторыямі, дапамагаюць адзін аднаму шукаць эксклюзіўныя рэчы.

Кожная цацка — гэта твор мастацтва.
 
На нясціплае пытанне пра тое, колькі ж каштуе калекцыя, дзе больш як 3000 цацак, Марына адказвае з гумарам:

— Калі муж дазнаецца — выганіць з хаты! — а потым шэптам дадае: — Некалькі тысяч долараў. Увогуле, калі ўсё прадаць, можна купіць невялікую машыну. Але я б не сказала, што з кожнай зарплаты адкладваю на цацкі. Бывае, за паўгода нічога каштоўнага на аўкцыёне не трапіцца, а бывае, і за месяц магу адразу 10 штук купіць. Але цяпер узнікла праблема: перш чым нешта купіць, трэба падумаць, куды пакласці цацкі. Я смяюся, што ва ўсіх людзей у шафах ляжыць адзенне, а ў мяне — шары, гірлянды і Дзяды Маразы са Снягуркамі.

Гісторыя цацак

Марына не проста калекцыяніруе прыгожыя шары і фігуркі звяркоў — жанчына прачытала мноства кніг і можа гадзінамі расказваць гісторыі стварэння розных калекцый.

— Каб цацка выйшла ў свет вялікім накладам, яе эскіз павінен быў зацвердзіць мастацкі савет. Асабліва ў СССР любілі выпускаць цацкі, прысвечаныя нейкім датам: напрыклад, да 100-годдзя з дня смерці Аляксандра Пушкіна з’явіліся наборы з персанажамі казак «Руслан і Людміла», «Залатая рыбка», «Казка пра цара Салтана». А пасля палёту ў космас выйшла серыя са спадарожнікамі і касманаўтамі.


Сава і зайчык з «Айбаліта», Крот з «Дзюймовачкі», унучка і Жучка з «Рэпкі» — усе гэтыя героі быццам ажываюць, калі Марына змяшчае іх на ёлку, і гатовыя распавесці свае гісторыі.

Дарэчы, выпускаць цацкі ў СССР пачалі ў 1937 годзе. Калекцыянеры лічаць самымі каштоўнымі шары і фігуркі звяроў, зробленыя да 1966 года. У той час іх распісвалі ўручную: калі тварык намаляваны добра — адразу зразумела, што працаваў майстар, а калі «цяп-ляп» — верагодна, цацку рабіў вучань. А потым ужо пачалася канвеерная вытворчасць, з шароў знікла індывідуальнасць.

— Самая дарагая і рэдкая цацка ў маёй калекцыі — клоўн Вяткін з цыркавой серыі, у камплекце з якім ідзе сабачка Манюня. Зараз дакладна не ўзгадаю, колькі ён каштаваў, але ў каталогу цэны на яго стартуюць ад 250 рублёў. Мне пашанцавала: купляла цэлы лот, дзе ён прадаваўся з іншымі цацкамі.


Ужо некалькі гадоў Марына марыць займець адну цацку — Астролага з «Казкі аб Залатым пеўніку» Аляксандра Пушкіна. Цацка вельмі рэдкая, таму і цана «кусаецца» — каштуе ён каля 800 рублёў.

— Кожная цацка — гэта твор мастацтва. У тыя часы яны прыраўноўваліся да ўпрыгажэнняў Фабержэ, таму дазволіць шары сабе мог толькі багаты чалавек. Затое выбар быў вялікі: са шкла, пластыку, прэсаванай ваты, кардону, вялікіх і зусім маленькіх памераў. 

У багатай калекцыі Марыны знайшлося месца не толькі для ёлачных цацак. У ёй і флажкі, і старадаўнія паштоўкі, і нават унікальныя гірлянды. Адна з іх асабліва ўразіла: усярэдзіне каляровых шкляных лямпачак гірлянды «Сюрпрыз» — спецыяльная вадкасць, якая пры награванні ад электрычнасці пачынае бурліць і свяціцца. Усё ж такі майстры ў 1966 годзе пастараліся на славу — да гэтага часу ўсе лямпачкі працуюць як новенькія.

Даглядаць за цацкамі, кажа Марына, нялёгка: мыць іх нельга, ды і падфарбоўваць ці рэстаўрыраваць калекцыянер не бярэцца — страціцца дух часу. Таму толькі і застаецца, што праціраць анучкай пыл ды захоўваць у скрынях.

— Дастаю іх рэдка і вельмі акуратна. Аднойчы вось на Чыпаліна наступіла — раскалоўся, не склеіць. Непрыемна было, але не плакала, што ўжо зробіш. Дарэчы, калі я на аўкцыёнах прайграю, таксама не моцна хвалююся — значыць, не маё, калі не купіла.

Калекцыянер зноў акідвае позіркам цацкі, якія ляжаць стройным радком на стале. Яны блішчаць і пераліваюцца, у кожнай — свая таямніца і гісторыя. Але на пытанне пра тое, якую цацку Марына лічыць самай каштоўнай, яна адказвае адразу, не сумняваючыся:

— Больш за ўсіх мне дарагі гэты ружовы снегавік, таму што ён родны. Памяць з майго дзяцінства.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter