Кавальскі падмурак. Юрыст па прафесіі і каваль па прызванню гродзенец Алесь Вараб’ёў — адзін з тых, хто адраджае рамяство продкаў

Пра такіх самародкаў у народзе кажуць: “Рукі залатыя!”. Лаўрэат пачэснай прэміі аблвыканкама імя Аляксандра Дубко, Майстар года Алесь Вараб’ёў здольны зрабіць з металу не толькі падкову на шчасце, але нават выкаваць ружу для каханай.

Нездарма асоба каваля спакон вякоў лічылася дужай, нават таямнічай. За справу гэтую чалавек выпадковы не браўся, рамяство перадавалася звычайна ад бацькі да сына. Каваль паўстае сапраўдным волатам, які падкову сагнуць можа і нават каня падняць. Канешне, і ў сучаснай кузні сіла фізічная справа не апошняя, але галоўнае, ўсё ж такі, падалося мне,
не ў ёй.
— Калі я пераступаю парог любой кузні, найперш хочацца пакланіцца людзям, якія там працуюць: за тое, што справу робяць нелёгкую, і ўвогуле за тое, што ў наш час, калі рамяство гэта ўжо амаль памерла, за яго адраджэнне ўзяліся, — шчыра прызнаецца Алесь Вараб’ёў, чалавек творчай натуры, які ўжо пятнаццаць гадоў працуе кавалём.
Дарэчы, у сваім родзе ён каваль першы. Ва ўсялякім разе, наколькі валодае звесткамі пра радаслоўную. А вось што тычыцца творчасці, Алесь пераняў гэтую рысу ад бацькі, народнага мастака Беларусі Мікалая Вараб’ёва.
Цяга да кавальскай справы прабудзілася пасля ўніверсітэта, дзе хлопец старанна вывучаў юрыспрудэнцыю. Згадвае, што запалілі яго гэтай справай такія майстры, як Юрась Мацко і Юрый Круш. Упершыню паспрабаваў авалодаць металам, калі працаваў на адным з уласных прадпрыемстваў, якое займалася металаапрацоўкай. Але няўрымсліваму маладому чалавеку не вельмі па душы было вырабляць на заказ тыповыя вароты ды брамы. Падаўся шукаць кузні, дзе майстры да металу маюць больш творчы падыход. Пашчасціла, знайшоў такую, а потым задумаў стварыць сваю. Задумаў — зрабіў, гэта ў яго характары.
— Самае цяжкае ў справе каваля — пачатак, калі патрэбна зрабіць ці набыць уласны інструмент. Калі гэты шлях прайшоў, можна і пра творчасць успомніць, — дзеліцца вопытам Алесь.
Зараз яго кузні можа пазайздросціць любы каваль. Дарэчы, кузня не тыповая. Алесь тут стварыў сапраўдны музей. Канешне, першае, што кідаецца ў вочы, калі ўваходзіш, — вырабы з металу, якія майстар захаваў для асабістай калекцыі. Яны могуць упрыгожыць любы інтэр’ер ці экспазіцыю музея, а выкаваная ім зброя падвяла яшчэ нашых сучасных волатаў на турнірах.
Асабліва ўражвае з работ Алеся крыж Глеба, які мае паўтараметровую вышыню і з’яўляецца па задумцы майстра сімвалам вечнага, духоўнага — падмуркам, на якім трымаецца наша жыццё.
Каваль пахвалу ўспрымае стрымана, маўляў, лепшая рэч яшчэ не зроблена, і пераключае ўвагу на інструмент, якім карысталіся нашы продкі, ён збірае гэтыя рарытэты не першы год. Сапраўды, не часта давядзецца дакрануцца да кавальскіх мяхоў з далёкага мінулага ці патрымаць на шчасце не дэкаратыўныя, а сапраўдныя падковы.
Калі экскурсія скончылася, майстар прыступае да справы. Агонь, вада, паветра — усе гэтыя стыхіі на службе ў каваля, і гэта сапраўды заварожвае...
Зараз Алесь выконвае асабліва адказную работу — браму для купелі Жыровіцкага манастыра. Рукам чалавека, які працуе з душой, нават метал падатлівы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter