Собрать родню на свое столетие мечтает ветеран войны и труда Павел Добринец из Лунинца

Кавалер ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені ветэран вайны і працы Павел Дабрынец: «Настроены сваё стагоддзе адзначыць пад мірным небам роднай Беларусі»

Сіроцкае дзяцінства, абпаленае вайной юнацтва, руплівыя пасляваенныя гады і доўгі век падараваў лёс палескаму партызану, а ў мірны час вядомаму на Брэстчыне юрысту, ганароваму грамадзяніну горада Лунінца Паўлу Акімавічу ДАБРЫНЦУ. У свае дзевяноста дзевяць гадоў ён захаваў выдатны слых, зрок і трывалую памяць пра перажытае. Чысціня і парадак пануюць у прасторнай светлай кватэры, дзе жыве аўдавелы ветэран вайны і працы. Праз вокны віднеецца галоўная плошча райцэнтра, куды ў святы Павел Акімавіч выходзіць у парадным строі. Адзіны ён застаўся з атрада народных мсціўцаў імя Кірава брыгады Сцяпана Каплуна. 

Заслугі ветэрана адзначаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над Германіяй», шматлікімі граматамі і юбілейнымі ўзнагародамі. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам у мясцовыя органы ўлады. Пашчасціла яму на трывалы і доўгі сямейны саюз з жонкай Галінай Фёдараўнай. Па слядах бацькі пайшоў сын Валерый: скончыў юрыдычны факультэт БДУ, працуе па спецыяльнасці ў Брэсце.


Рана асірацелага ўнука Паўліка дзед Майсей любіў усёй душой, але трымаў у строгасці. Не шкадаваў траціць часу на яго выхаванне: браў з сабою на сенажаць, у лес, калі дровы нарыхтоўваў, вучыў за плугам хадзіць, баранаваць поле. Аўдавелая маці хлопчыка працавала санітаркай у бальніцы, дзяжурствы выпадалі і ў выхадныя дні. Ня­дзельным ранкам і ў святы бабуля Таццяна брала з сабой унукаў Паўла і Кацярыну да сваякоў. Там гучалі розныя гісторыі пра сялянскія справы, абмяркоўваліся навіны. У сем гадоў хлопчык пайшоў у польскую школу, што дзейнічала за польскім часам у Століне. Вучням на занятках не дазвалялася размаўляць на роднай мове, настаўнік пільна сачыў за імі. Хто не слухаўся, атрымліваў драўлянай лінейкай па руцэ. 

Запомнілася падлетку, як восенню 1939-га, пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, школу ўзначаліў Мікалай Адамавіч Абадоўскі. Выкладаў матэматыку, захапляўся паэзіяй і сам пісаў вершы. У створанай рускай сярэдняй школе не хапала падручнікаў і мастацкай літаратуры, таму дырэктар звярнуўся за дапамогай у Мінск да Якуба Коласа. Яны былі знаёмы з часоў, калі малады Колас пачынаў настаўніцтва на Палессі. Пісьменнік адгукнуўся на просьбу педагога і прыслаў кнігі для бібліятэкі. Іх чыталі не толькі вучні і настаўнікі, але і бацькі. Прыязджалі нават жыхары навакольных вёсак. Створаная бібліятэка стала гонарам школы, а дырэктар карыстаўся вялікай павагай сярод тутэйшых. 

Хвалюючая падзея з даваеннага дзяцінства Паўла Дабрынца — прыём вучняў у піянеры. Ці можна забыць, як вяртаўся дамоў з чырвоным гальштукам на грудзях? Аднакласнік і неразлучны сябра Паўліка Іосіф Дзяжурка ў складзе дэлегацыі піянераў Піншчыны напярэдадні 1940 года ездзіў у беларускую сталіцу. Прыяцелі рыхтаваліся да ўступлення ў камсамол.

Вайна абарвала мірнае жыццё. Павел паспеў скончыць толькі шосты клас. З дзедам займаліся справамі па гаспадарцы, калі пачулі ў небе гул самалётаў, што ляцелі на ўсход. А неўзабаве па брукаванай вуліцы Століна з боку Пінска несліся гітлераўцы на матацыклах. Перапужаныя людзі хаваліся, каб не трапіць на вочы акупантаў. З першых дзён страшэннай навалы ў густых барах, што цягнуліся за ракой Гарынню да ўкраінскіх паселішчаў, пачаў арганізоўвацца атрад народных мсціўцаў. Многія мясцовыя жыхары падаліся туды, каб змагацца з ворагам.

— Пра справы партызан нам даверліва расказваў школьны дырэктар, — узгадвае Павел Дабрынец. — Мікалай Адамавіч захварэў і не мог пайсці ў атрад. Дом, дзе той жыў, стаяў непадалёку ад школы, і мы часцяком забягалі да дырэктара. Па яго ініцыятыве ўсе кнігі са школьнай бібліятэкі і некаторыя больш значныя навучальныя прыборы закапалі на агародзе, каб зберагчы ад ворага. Вечарамі перапісвалі звесткі Саўінфармбюро, пісалі лістоўкі і разносілі па навакольных вёсках, гаварылі людзям праўду пра сэнс фашысцкіх парадкаў. Дырэктар трапна складаў сатырычныя вершы пра акупантаў.

У першыя дні вайны чырвонаармейцы спешна адступалі на ўсход. У бальніцу, дзе працавала маці Ганна Майсееўна, грузавіком прывезлі з Пінска моцна параненых байцоў. Медыкі іх ратавалі, а калі нашу мясцовасць акупіравалі ворагі і салдат трэба было недзе схаваць, яны ўпотайкі разабралі іх па дамах. Чацвярых маці ўвечары прывяла да сябе. Хатка наша была невялікая: кухня з печчу і пакой. Для параненых падлогу за печчу ўслалі саломай. Нікому з суседзяў пра чырвонаармейцаў не гаварылі. Маці прыносіла з бальніцы лекі, бінты і перавязвала іх раны. Яны мне расказвалі пра першыя баі з ворагам. У школьны сшытак запісаў іх адрасы. Памятаю, што адзін з іх быў з Кіраўскай вобласці. Пасля вайны я напісаў пісьмо ў сельсавет, адкуль той быў родам. Франтавік вярнуўся дамоў жывым, працаваў у сельвыканкаме. Маё пісьмо атрымаў і запрасіў у госці. Мы сустракаліся.

— А як склаўся лёс астатніх трох салдат?

— Аднаго з іх, Васіля Губніцкага, зімою мой дзед коньмі адвёз у глухое ўкраінскае Старое Сяло, што за ракою Гарынню. Маці падлячыла ўсіх чатырох байцоў. Да нас начамі прыходзілі сувязныя з партызанскага атрада за медыкаментамі. Перадавалі яго камандаванню звесткі пра варожыя фарміраванні. Калі ўдавалася раздабыць зброю, то яна таксама адпраўлялася народным мсціўцам. Рызыка была высокая. Ворагі лютавалі: частку вуліц Століна агарадзілі калючым дротам і сагналі туды яўрэяў, трымалі іх у няволі да восені 1942 года. Па вуліцы, дзе мы жылі, з раніцы ішлі калоны зняможаных людзей за горад і далей па полі ў стасінскі лес. Два дні гучалі аўтаматныя чэргі з месца расстрэлу. Болем у сэрцы гэта адгукалася. 

З аднакласнікам Іосіфам Дзяжуркам штодня наведваліся да Мікалая Адамавіча Абадоўскага, атрымлівалі заданні і выконвалі іх. Наша камсамольская падпольная група пастаянна павялічвалася: далучыліся Іван Мірановіч, Лёня Робец, Іван Валанцэвіч, Ганна Ліцвінка.

У хаце майго сябра Іосіфа Дзяжуркі адкрылі цырульню. Дзверы з пакоя выходзілі на вуліцу, звонку вывесілі спецыяльную шыльду. Гэта стаў наш канспіратыўны штаб. Сюды наведваліся партызанскія сувязныя практычна на вачах акупантаў. Народныя мсціўцы называлі наша маладзёжнае падполле «Бязвусай камандай». Паступалі заданні збіраць і перадаваць зброю, весці разведку, дапамагаць старэйшым ладзіць дыверсійныя заданні, вывешваць на людных месцах абвесткі, а дырэктар школы мудра кіраваў намі. 

— А як трапілі ў партызанскі атрад?

— На пачатку зімы 1943-га. Здраднікі выдалі гітлераўцам наша маладзёжнае падполле. А Веру Гаўрылаўну Дзяжурка, гаспадыню дома, у якім дзейнічала цырульня, фашысты арыштавалі, доўга катавалі ў турме, а потым расстралялі. Цудам тады ўратаваўся сябра Іосіф. Суседзі папярэдзілі яго пра налёт акупантаў у іх дом. Узрушаны горам пра арыштаваную маці, ён падаўся да партызан. Старэйшыя байцы атрада адразу далі яму прозвішча Арляня. Часта ўстройваліся рэйды на акупантаў. Небяспечна станавілася дзейнічаць падполлю. 

Каб не трапіць у рукі ворага, падаўся да партызан. Пешшу дабраўся да ракі Гарынь, там убачыў рыбакоў у лодцы. Пераправілі яны мяне на другі бераг і адтуль напрасткі пакрочыў шукаць атрад. На лясной сцяжыне мяне сустрэлі паставыя ахоўнікі і прывялі да камандавання партызанскага атрада, якім кіраваў жыхар вёскі Варані Шумко. На жаль, імя яго не запомніў. Два дні правёў там, і камандаванне вырашыла адправіць мяне ў атрад, якім камандаваў Сцяпан Кап­лун. Асабіста сам выслухаў мяне (гутарылі ў зямлянцы). Расказваў пра родных, сяброў і ўвесь час нешта занатоўваў у тоўсты сшытак. Камандзір накіраваў мяне ў першую роту — так пачалося маё партызанскае жыццё. Восенню атрад Сцяпана Каплуна папоўніў і дырэктар школы Мікалай Абадоўскі: залічылі яго ў брыгаду разведчыкаў спецыяльнага прызначэння, якая была закінута на Палессе з-за лініі фронту разведупраўленнем Генштаба Чырвонай арміі. 

Сярод партызан было шмат знаёмых. Аднойчы да нас у атрад прыскакаў на кані жвавы Аляксандр Іванавіч Барэйка, з якім мы сябравалі. Пасля сустрэчы з камандзірам Сцяпанам Каплуном ён прапанаваў адправіцца ў атрад, які толькі арганізаваў. 

Я ўскочыў на каня, і мы галопам панесліся да стаянкі. Там байцы новаўтворанага атрада ўладкоўвалі зямлянкі. Даручылі быць сувязным паміж атрадамі: я добра ведаў мясцовасць. Амаль штодня курсіраваў па балотных сцежках. 

— А з роднымі мелі сувязь?

— Ніякіх звестак пра маці, дзядулю, бабулю і сястру Кацярыну не атрымліваў. Грымела вайна. Па радыё слухалі паведамленні з Масквы: радаваліся за кожную навіну пра ўдачы нашых войск на фронце, перажывалі. Імкнуліся адпомсціць ворагу за спаленыя гарады і вёскі: хадзілі на заданні, узрывалі чыгуначныя эшалоны з варожымі боепрыпасамі на лініі Лунінец — Сарны. 

Нас падтрымлівалі з «вялікай зямлі» зброяй, медыкаментамі, харчаваннем, адзеннем. Ворагі лютавалі на акупіраванай тэрыторыі. Балюча ўспрынялі вестку, што ў вёсцы Варані, якая стаяла на ўскрайку лесу, фашысты расстралялі за сувязь з партызанамі дзесяць актывістаў. А зімою 1943 года гітлераўцы поўнасцю спалілі гэту вёску і яе жыхароў. Перажываў за родных, хацелася ведаць, што з імі. 

Нечаканай выдалася сустрэча з маці на аддаленым палескім хутары, дзе ў былым доме лесніка месціўся партызанскі шпіталь. Камандаванне адправіла мяне туды па справах. Матуля кінулася да мяне, стала плакаць. Супакойваў яе. Мне ўжо споўнілася 18 гадоў. Пасля таго як падаўся ў партызаны, родным небяспечна было заставацца дома. Выбраўшы спрыяльны момант, маці адправілася ў атрад. Даручылі ёй гатаваць на партызанскай кухні. Страву варылі ў вялікіх катлах. Аднойчы адзін з іх выбухнуў, і маці атрымала моцныя апёкі. Лячыцца яе накіравалі ў партызанскі шпіталь. Там сустрэлася са знаёмым урачом, з якім раней працавала. Доктар прапанаваў застацца ў шпіталі санітаркай. Так да канца вайны яна і выходжвала параненых байцоў.

— Вам, маладому партызану, камандаванне давярала адказныя заданні?

— На вайне лёгкіх заданняў не бывае. Кожны раз рызыкавалі жыццём. Камандаванне падтрымлівала сувязь з Масквою. На наш партызанскі аэрадром праз лінію фронту пераляталі самалёты і дастаўлялі тол, стрэльбы, аўтаматы, патроны. У атрад імя Кірава за папаўненнем зброі дабраліся народныя мсціўцы з Жытомірскай вобласці Украіны. Камандзір аднаго з партызанскіх атрадаў па прозвішчы Уздзенаў папрасіў у Сцяпана Каплуна, акрамя зброі, выдзеліць яму байцоў. Так я разам з баявымі сябрамі трапіў на Жытоміршчыну. Былі там розныя баявыя заданні, не аднойчы даводзілася ісці на рызыку. Трымаліся адзін аднаго. Праз дзесяцігоддзі ўзгадваю мінулае і прыходжу да высновы: для сапраўднага сяброўства неабходна мець аднолькавае светаадчуванне, агульную мэту. У нас яна была — перамагчы фашызм.

Памятаю, як амаль год трымаўся на Палессі фронт. Азвярэлыя гітлераўцы палілі вёскі, знішчалі ўсё навокал. Летам 1944-га наш атрад перадыслацыраваўся на захад Брэстчыны, атабарыліся каля Маларыты. Кожны дзень па радыё паведамлялі пра вызваленыя ад гітлераўцаў савецкія гарады. Незабыўным эпізодам засталося ў памяці, як самалётам адпраўлялі ў Маскву чатырох важных польскіх кіраўнікоў з Краёвай Рады Нарадовай. 

Перад сустрэчай з часцямі Савецкай арміі, якія гналі ворага на захад, атрымаў цяжкае раненне. Лячыўся ў ваенным шпіталі ў Брэсце, стаў інвалідам I групы. Перажытае і праз дзесяцігоддзі ўзгадваецца. У Год гістарычнай памяці часта выступаю перад моладдзю, расказваю, якой цаной далася Перамога. У верасні па запрашэнні педагогаў і вучняў столінскай сярэдняй школы № 2 выступаў на адкрыцці музея імя партызанскага камбрыга Сцяпана Каплуна.

— Як склаўся ваш лёс у пасляваенныя гады?

— Скончыў школу працоўнай моладзі, па накіраванні партыйных органаў паехаў вучыцца ў Мінскую юрыдычную школу. Потым завочна скончыў юрыдычны факультэт БДУ, працаваў у розных кутках Беларусі. Апошнія два дзесяцігоддзі быў намеснікам пракурора, а потым старшынёю раённага суда ў Лунінцы. З жонкаю Галінай Фёдараўнай пражылі разам сем­дзесят гадоў, нашы сямейныя адносіны заўжды мацавалі давер і шчырасць. 

— Павел Акімавіч, быць суддзёю — справа адказная. Ад вашага рашэння залежалі лёсы людзей. Сэрца падказвала, якое прыняць рашэнне?

— Важна, каб халоднай была галава. Нягледзячы на тое што маё прозвішча Дабрынец, судзіў строга. Бывала, замест турэмнага пакарання, улічваючы розныя абставіны, даваў чалавеку шанс іншым метадам выправіць віну. Заўжды імкнуўся трымацца прынцыпу: закон для ўсіх аднолькавы. Не памятаю, каб абласны суд хоць раз адмяніў каму мой прысуд. Задаволены, што сын Валерый працуе юрыстам. Калі настае неабходнасць, кансультую яго, разам абмяркоўваем справы і прымаем рашэнне. Цікаўлюся сучаснымі грамадска-палітычнымі падзеямі. Настроены сабраць родных і сяброў і адзначыць сваё стагоддзе пад мірным небам роднай Беларусі. 

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter