Всенародный сбор денег для Екатерины Гаркуши стал спасательной палочкой

Каця папрасіла шашлык, бацькi заплакалi ад шчасця

Шчасце, калі ёсць, то назаўсёды. Але ж бывае і так, што ад яго да бяды адзін крок, а зваротны шлях — цэлае жыццё або доўгія гады. Так здарылася ў сям’і Гаркушаў з Калінкавіч. Пяцігадовая Каця, вясёлая, гарэзлівая, такая прыгожая ў святочнай блакітнай сукенцы, у два гады перажыла складаную аперацыю па замене стрававода. І вось роўна з той хвіліны, калі яна, несвядомае зусім дзіцё, выпіла пякучую тэхнічную вадкасць, пачаліся блуканні па пакутах. І толькі дзякуючы людской спагадзе, дабрыні і чуласці Каця вярнулася да нармальнага жыцця. На наступны год збіраецца ў школу, ахвотна малюе, катаецца на веласіпедзе, сядае на шпагат і марыць стаць балерынай.



Яшчэ дзяўчынка «выхоўвае» ўласных труса і кацяня, якому з татам далі сур’ёзную мянушку Васіль Пятровіч. Хоча завесці хамяка, але баіцца, што ён згрызе ўсе яе сукенкі, Каця ж модніца — шафа літаральна трашчыць ад убораў. Часта цягне за руку бацькоў у гарадскі парк з надзіманымі горкамі, ёй даспадобы Калінкавічы, тут лепш, чым у Маскве, няма мітусні і пробак, усё знаёмае і роднае — прыводзіць у доказ дзяўчынка. А ў расійскай сталіцы яна была неаднойчы. І не дзеля забаў. Дзеля жыцця.

— Не дай Бог нікому, што мы перажылі. Гэта сапраўдныя маральныя, фізічныя і псіхічныя пакуты, — пачынае мама Людміла. — Калі здарылася няшчасце, Каці было год і тры месяцы. Яна дапытлівая, усюды лазіла, я ў асноўным асцерагалася, каб таблетак не схапіла, а здарылася зусім нечаканае — глынула вадкасці для апрацоўкі кухоннай пліты. Я ў той момант была таксама на кухні, таму адразу пазваніла ў «хуткую», стала трэсці дачку ўніз галавой…

«Хуткая» даставіла спачатку ў райбальніцу, потым у абласную, дзе мама з дачкой пачулі вердыкт: калі не з’явіцца праблем з глытаннем, то ўсё абышлося. Не абышлося. На 30-ы дзень дзяўчынка ўжо не магла праглынуць ежу. Спецыяльнай працэдуры па пашырэнні стрававода, якую ёй прызначылі ў Мінску, хапала на два з паловай тыдні. Праз год у страваводзе ўтварылася шчыліна, дзяўчынка трапіла ў рэанімацыю і паўгода харчавалася праз спецыяльны зонд…

Была неабходна аперацыя па пластыцы стрававода, чакаць якую з-за чаргі спатрэбілася б доўга. Тым часам на ўліку кожны дзень, кожная хвіліна. Бацькі пакутвалі разам з дзіцяці, перажывалі боль не менш. Радня, знаёмыя шукалі выйсце, як маглі. Знайшлі паслугу замарозкі стрававода ў Омску, але самым аптымальным варыянтам стала аперацыя па яго замене ў Маскве. Спецыялісты паабяцалі правесці яе ўсяго за паўтары гадзіны. Усё, здаецца добра, калі б не вялізны кошт паслугі.

— Адкрылі банкаўскі рахунак, але патрэбных грошай самастойна сабраць не змаглі. Бацькі іншых дзяцей, з якімі разам ляжалі ў бальніцы, параілі звярнуцца ў мінскі фонд «Шанс». Мы так і зрабілі. Яго спецыялісты прыехалі да нас дадому, паглядзелі, як жывём, упэўніліся, што вялікага дастатку не маем, і адобрылі просьбу. Неабходныя грошы сабралі за месяц, — дзякуе дабрачынцам Людміла.



Выйшаўшы з аперацыйнай, доктар паведаміў, што ўсё прайшло добра. Бацькі выдыхнулі, але з-за паўгадавога харчавання праз трубку дзяўчынка адвыкла ад ежы, баялася есці сама. Вяртаць смакавыя якасці пачыналі з ёгуртаў, а потым Каця папрасіла… шашлыку.

— Мы плакалі ад шчасця, — выцірае слёзы Людміла. — Дачка нарадзілася пышкай, а падчас трагедыі моцна згубіла ў вазе, так і засталася худзенькай. Хоць мае добры апетыт, вельмі рухавая.

Але і на гэтым яшчэ не кропка. Праз два з паловай месяцы пачалося пасляаперацыйнае ўскладненне. Дзяўчынка пачала задыхацца, пасля трохмесячнай тэрапіі ў калінкавіцкай бальніцы лягчэй ёй не стала. Спатрэбілася лазерная карэкцыя звязак, якую зрабілі ў тым жа маскоўскім хірургічным цэнтры, а фінансава ізноў падтрымаў «Шанс». Цяпер бацькі кожныя паўгода возяць дачку на планавы агляд, чарговы быў у красавіку — са здароўем у яе ўсё добра.

Каці ў канцы жніўня споўніцца шэсць. Больш за палову свайго жыцця яна хварэла, мала гуляла з аднагодкамі, у тым ліку і таму, каб выпадкова не зачапіць і не занесці інфекцыю ў трубкі, праз якія харчавалася. Цяпер упушчанае з лішкам наганяе. Такая гарэза: бегае, скача, а кантакт з незнаёмымі знаходзіць на раз-два, у парку дзеці за ёй ходзяць, як за качкай.

— Добра, што Каця мала чаго памятае. Мы стараемся пра гэта не размаўляць, вынялі з альбомаў усе фота, якія б нагадвалі пра тыя гады. Я і зараз не магу зразумець, як так атрымалася, — перадае свой адчай Людміла. — Побач была — усё здарылася за секунду.

Жанчына заклапочана, чаму так мала па тэлебачанні, у СМІ паведамляюць пра страшныя наступствы ад шчолачы:

— Я, напрыклад, не чула шырокага розгаласу пасля таго, як дзіця вып’е хімічнай вадкасці ці праглыне батарэйку. Усе ведаюць, што небяспечна, але не дасведчаны пра жудасныя наступствы. У бальніцы сустрэла шмат пацярпелых ад шчолачы. Самае страшнае, калі бацькі ў адчаі адмаўляюцца ад хворых дзяцей, бачыла і такое. Мы шчыра ўдзячны дабрачыннаму фонду «Шанс», які давёў нас да шчаслівага завяршэння праблемы.

Цяпер сям’я не можа нацешыцца шчасцем, якое, перакананы, трэба цаніць штодзённа, штохвілінна. Апірышча гнязда — тата Дзмітрый, ён вадзіцель. Людміла па спецыяльнасці прадавец. Падрастае дачка-сямікласніца Віка, старанная ў вучобе, іграе на баяне, ад прыроды добра малюе — карціны, як у галерэі. Меншая сястрычка таксама стараецца пераймаць і паўтарае рысы партрэтаў мамы і таты. Прыклад гэтай сям’і вучыць не апускаць рукі. Непрыемныя выпадкі часта цягнуцца адзін за адным, і, здаецца, ад іх рады няма. Але на кожную праблему ёсць рашэнне, і свет не без добрых людзей, як гэта адбылося ў выпадку з Кацяй. Дарэчы, яе любімая страва — макароны з сасіскамі і… шашлык, які яна папрасіла першым пасля аперацыі.

КАМЕНТАРЫЙ

Анастасія ШАЦЬКО, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю дабрачыннага фонду «Шанс»:

— З 2008 года, пакуль дзейнічае наш фонд, сабралі грошы для 941 хворага дзіцяці, цяпер аб’яўлены збор для дваіх. У любы момант да нас могуць звярнуцца сем’і, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе. Чаргі няма, але ёсць пэўныя абавязковыя правілы. Так, важнае значэнне для нас мае медыцынская даведка, якая пацвярджае патрэбу ў лячэнні, дарагіх прэпаратах. Дапамагаем аплаціць замежныя медпаслугі толькі тады, калі за іх па нейкіх прычынах не могуць узяцца ў Беларусі.

Звычайна зборы праходзяць паспяхова, у нас многа надзейных партнёраў, якія адгукаюцца на дабрачыннасць. Сярод іх не толькі бізнесмены, але і людзі са звычайным дастаткам ахвяруюць невялікімі сумамі, а ў цэлым набягае патрэбная для выратавання. Прымаючы дзяцей пад сваю апеку, у пэўнай ступені гарантуем ім, што грошы будуць сабраны, бо прыблізна разлічваем свае магчымасці. Сям’я Каці Гаркушы з Калінкавіч таксама звярнулася да нас за дапамогай, дзяўчынцы на лячэнне патрабавалася каля 10 тысяч долараў. Не для кожнай сям’і гэтыя грошы пад’ёмныя, агулам усё атрымалася. Мы сочым за лёсам падапечнай і рады, што ў яе ўсё добра.

Алена БАСІКІРСКАЯ

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter