Кацiны канцэрт

Кастусь пасварыўся з жонкай. Каб не напiцца ў выпадковай хеўры, цiхенька сабраў рыбац­кiя прычындалы i на­кiраваўся да ракi Лучосы

Кастусь пасварыўся з жонкай. Каб не напiцца ў выпадковай хеўры, цiхенька сабраў рыбац­кiя прычындалы i на­кiраваўся да ракi Лучосы. Хоць клёў не вельмi радаваў, затое паступова раздражненне адступiла, выветрылася. Прыстойная рыба пачастункам на кручку адкрыта грэбавала. Затое юрлiвы, халерычны пячкур сам кiдаўся на прынаду. Кастусь толькi паспяваў закiдваць вуду i здымаць з кручка слiзкiх i вёрткiх рыбак. Самых малых выкiдваў назад у раку, а буйнейшых складваў у невялiкае пластмасавае вядзерца.

Падумалася: няхай сабе гэта рыба i не царская, а вось юшка з яе дужа смачная. Гэта дылетанты-верха­гляды ганяюцца за вялiкiмi асобi­намi. Не ведаюць, дурнi, што менавiта з печкура такая духмяная юшка, што i цара не сорамна пачаставаць. Ёсць жа нейкi сакрэт i тлумачэнне такiм гастранамiчным дзiвосам, але Кастусь не стаў забiваць галаву ўсялякай вучонай трасцай. У адным ён не сумняваўся: юшка будзе адмысловая!

Калi нацягаў з кiлаграм рачной драбязы, супынiўся, зматаў няхiтры рыштунак. Па вузенькай сцежцы ад берага накiраваўся напрасткi ў свой мiкрараён. Балазе жыве Кастусь у так званым спальным квартале, на гарадской ускраiне. Ужо да дому па­дыходзiў, як нечакана напярэймы рыбаку выскачыла з падвала знаёмая кошка з кацянём. Худая, як вобла, заўсёды цяжарная i неверагодна прыстасаваная да спартанскага жыцця. Жыве сама па сабе, нiкому не належыць, але мае спагадлiвых «спонсараў» сярод насельнiкаў шматпавярховага дома. Час ад часу Кастусь таксама кладзе побач з падвальным акенцам нейкiя рэшткi з абе­дзеннага стала. Таму кошка, можна сказаць, ведае яго нават па паху i кроках.

Вось i цяпер, хiтруння, высачыла з засады, што ён шыбуе з вядзерцам мiма падвала. З мурлыканнем кiнулася да знаёмага дабрадзея. Ды яшчэ кацяня прыхапiла, каб больш расчулiць. Ну як тут не пачаставаць «бамжоў»?

Кастусь адшкадаваў з вядзерца некалькi яшчэ жывых печкуроў. Браты меншыя расправiлiся з пачастункам у адзiн момант, як кухар з бульбiнай. Нечакана з акенцаў падвала высыпалася цэлае кодла коцiкаў i кошачак. Можа, дзетак  гэтай «воблы», а можа, з другога «гнязда»? Як бы там нi было, а яны акружылi Кастуся з усiх бакоў i ўзнялi такi канцэрт, што хоць вушы затыкай.

Што тут зробiш? Давялося пачаставаць i гэтых нахабнiкаў. Кастусь не заўважыў, як у вядзерцы нiчога не засталося. Галодныя каты аблатошылi рыбака да нiткi. Калi Кастусь ахвяраваў апошняга печкура, ён i сам разрагатаўся з вялiкай асалодай. Шкадавання ад страты ўлову не было. Наадварот, на душы зрабiлася неяк узнёсла i светла. Быццам камень з яе звалiўся. I на жонку сварлiвую крыўда знiкла.

Ну i што, калi з юшкай канфуз атрымаўся? Дзякаваць Богу, паесцi ў доме iншае знойдзецца. Затое такi мiр i згода на душы, як у бесклапотным дзяцiнстве. Ды яшчэ бяс­платны кацiны канцэрт на розныя галасы. А самi «артысты» пасля смачнага пачастунку, нiбы тыя вужакi, ужо без гвалту i спешкi зноў схавалiся ў падвальным «iнтэрнаце». У адрозненне ад сквапных i ненажэрных двухногiх iстот, як, аказваецца, нямнога трэба для шчасця братам нашым меншым.

----------------

Цi  саладзейшы  хрэн  за  рэдзьку?

Некалькi непрыемных водгукаў ад розных людзей пра аднаго i таго ж чалавека. Вядомага ў горадзе прадпрымальнiка. Сэнс у тым, што чым багацейшым ён робiцца, тым становiцца болей сквапным. Так званы бягучы радок на тэлеэкране няспынна круцiцца з заклiкам аб прыёме на працу ў вядомую фiрму. Але хутчэй гэта нагадвае канвеер звальненняў. Прадпрымальнiк плацiць лю­дзям па мiнiмуму. Цi, як жартуюць у народзе, каб не здохлi.

Нямала выпадкаў, калi наймiты звальняюцца нават без разлiку. Прыватнiку такая форма адносiн нават прывабная. А што? Не прайшлi выпрабавальны тэрмiн. Не сышлiся характарамi. Абрусам дарожка!  А «бягучы радок» круцiцца. Новыя «лохi» хапаюць прынаду, як рыба матыля.

Яшчэ прыклад змрочнага гумару. Да Дня работнiкаў гандлю гаспадар «раскашаваўся». Выдаў кожнаму супрацоўнiку фiрмы ажно па 10 тысяч рублёў прэмii! Грузчыкi ды экспедытары з пацехi за жываты хапалiся. Як-нiяк, за «прэмiю» можна бутэльку гарэлкi купiць ды яшчэ такую-сякую закусь. Затое для правяраючых у гаспадара важкi аргумент: людзi не толькi зарплату, але i прэмii атрымлiваюць.

Ходзяць легенды, нiбыта прыватны бiзнес ледзь не паратунак для народа i дзяржавы. Не ведаю такiх прыкладаў. Хiба што прыватнiк умее азалацiць толькi сябе. А парабкам плацiць роўна столькi, каб цягнулi ярмо i не здохлi ад голаду.

У гэтым сэнсе дзяржаўны сектар — больш прывабны партнёр. Праўда, могуць запярэчыць, што i тут не заўсёды прыстойна плацяць. I тады хрэн сапраўды не саладзейшы за рэдзьку.

Затое на дзяржаўных хлябах можна на пенсiю разлiчваць. У савецкiя часы — даволi-такi значную. Для аўтара гэтых радкоў яна вызначалася ў межах 135—140 рублёў у месяц. Пры месячнай аплаце за кватэру i камунальныя паслугi да дзесяцi рублёў — вельмi нядрэнна. Тады пенсiянер мог дзецям i ўнукам дапамагчы. З цяперашняй дзесяткi, як жартуюць наймiты прадпрымальнiка, хiба што бутэльку з нiшчымнай закуссю i купiш.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter