Каталікі ў чаканні Свята Божага Нараджэння

Тадэвуш Кандрусевіч сустрэнецца з моладдзю, вязнямі і медыкаміУпершыню пасля святочнай літургіі Божага Нараджэння, якая адбудзецца апоўначы з 24 на 25 снежня, плошчу ля Мінскага архікатэдральнага касцёла ўпрыгожыць феерверк у суправаджэнні музыкі вялікага нямецкага кампазітара і арганіста Ёгана Себасцьяна Баха.

Адметнасць перадсвяточным дням надасць таксама спецыяльная праграма калядных сустрэч з вернікамі, якую ўпершыню правядзе кіраўнік Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Архіепіскап Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Такія сустрэчы традыцыйна называюцца аплаткавымі, таму што ў час іх вернікі дзеляцца паміж сабой танюсенькімі кавалачкамі белага хлеба, якія называюцца аплаткамі. “Звычай дзяліцца імі прыйшоў з першых стагоддзяў хрысціянства, калі паслядоўнікі Хрыста збіраліся на агапы — брацкія трапезы”, — растлумачыў ксёндз Ігар Лашук. Паводле яго слоў, ламанне аплаткі — гэта напамін аб праламленні хлеба Хрыстом у час Тайнай вячэры.
У гэтым годзе сустрэча мітрапаліта з выкладчыкамі, настаўнікамі і выхавальнікамі дзіцячых садоў адбудзецца 22 снежня ў 19.00 у сталічным касцёле святых Сымона і Алены. У ноч на 23 снежня (пачатак у 22.00) у Архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца сустрэча мітрапаліта з маладымі прыхаджанамі. 23 снежня кіраўніцтва архіепархіі наведае адну з турмаў. У гэты ж дзень у 19.00 запланавана сустрэча мітрапаліта з медыцынскімі работнікамі ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (былы касцёл святога Роха). 28 снежня ў 14.00 — з медперсаналам і хворымі ў Мінскім абласным клінічным шпіталі. 27 снежня Ў 18.30 Тадэвуш Кандрусевіч сустрэнецца з дзеячамі культуры Мінска ў Архікатэдральным касцёле. 29 снежня ў 16.00 — з дзецьмі ў касцёле святога Яна Хрысціцеля. 30 снежня а 16-й гадзіне — з сем’ямі ў парафіі Маці Божай Ружанцовай. Таксама плануецца наведванне кіраўніком Мінска-Магілёўскай архіепархіі Ваеннай акадэміі. 4 і 5 студзеня Архіепіскап сустрэнецца з катэхетамі і міністрантамі.
У будучым, як адзначыў ксёндз Ігар Лашук, магчыма, такія сустрэчы набудуць большы размах. У наступным годзе, як сказаў кіраўнік Мінска-Магілёўскай архіепархіі Тадэвуш Кандрусевіч, будуць праведзены калядныя сустрэчы са спартсменамі, а таксама з прадстаўнікамі іншых прафесій.
Акрамя таго, у дні калядных свят у Мінску пройдзе Тыдзень хрысціянскай культуры “Калядныя вечары на Залатой Горцы” (з 25 па 30 снежня). 28 снежня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) пройдзе арганны канцэрт Пятра Табакерніка. Падрабязней аб праграме свят можна даведацца на сайце www.mlitra.org

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter