Касяк выйшаў

Споведзь наркаманаў: наступствы ад ужывання нібыта бяскрыўднай марыхуаны — самыя цяжкія

Калаж Юліі КОСЦІКАВАЙ
Ва ўсім свеце каля 162 мільёнаў людзей ужываюць марыхуану не радзей чым адзін раз у год. Многія наіўна ўпэўнены: гэты «натуральны прадукт» не выклікае залежнасці і не прычыняе шкоды. З чым не згодныя нарколагі і супрацоўнікі міліцыі. Пакаранне за абарот наркотыкаў — няважна, «траўкі» або какаіну – пазбаўленне свабоды. Карэспандэнт «Р» сустрэлася са спажыўцамі «натуралкі» і праніклася іх сумнымі гісторыямі.

На слыху нядаўні інцы­дэнт: у жыхара Наваполацка знайшлі 2 кг 80 г высушанай марыхуаны — канфіскавана найбуйнейшая партыя ў Віцебскай вобласці з пачатку гэтага года. Максімальнае пакаранне за гэта — 13 гадоў зняволення з магчымай канфіскацыяй маёмасці. Такія затрыманні нядаўна былі ў Рэчыцы, Полацку, Віцебску, Вілейцы, Магілёве, Мінску і іншых гарадах. З «траўкай» ловяць за руку не толькі вопытных наркадылераў, але і пачаткоўцаў. Так, у Брэсце дзве сяброўкі пакурылі марыхуану: адна трапіла ў рэанімацыю, другая, якая схіліла да гэтага, — за краты. А нядаўна на лаве падсудных у Мінску сядзела маладая маці: яе супрацоўнікі міліцыі затрымалі адразу пасля куплі запаветнага пакеціка.

— Вырашыла што-небудзь пакурыць, каб расслабіцца, зняць напружанне. Год быў цяжкім. Бяздумна купіла «эліксір» і цяпер разумею, што не трэба было. Я падвяла блізкіх, — 30-гадовая дзяўчына шчыра раскайваецца ва ўчынку.

Іншыя спажыўцы самі пачынаюць вырошчваць забаронены прадукт і пра наступствы часта не задумваюцца. З апошняга: жыхар Віцебска вырошчваў марыхуану ў падвале жылога дома, другі хлопец стварыў лабараторыю прама ў кватэры. На днях вызначыўся жыхар Дзяржынскага раёна, які разбіў тры плантацыі марыхуаны. Месцы для гэтага падбіраў непрыкметныя, у глыбіні лясоў, максімальна аддаленыя ад цывілізацыі. У затрыманага знойдзена і канфіскавана больш за 1 кг марыхуаны на суму больш за 20 тыс. долараў. Дарэчы, усе затрыманыя панясуць пакаранне па ч. 1 арт. 328 КК — незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.

— Знайсці «траву» ў нас нескладана, — на ўмовах ананімнасці тлумачыць малады чалавек, які, як гаворыцца, у тэме. — Калі выехаць за межы МКАД, пагуляць па глухіх лясах у рэгіёнах, можна вярнуцца з поўнымі кішэнямі «натурпрадукту».

Дзмітрыя М. толькі што даставілі ў Ленінскае РУУС Мінска. Затрымалі з наркотыкамі. З выгляду сумны, але да канца не ўсведамляе, за што яго так моцна пакараюць. Упэўнены: «трава» бясшкодная. А адыходзіць ад яе значна лягчэй, чым ад алкаголю.

— Моцныя наркотыкі спрабаваў, не спадабалася. А вось марыхуана апраўдала надзеі, — расказвае як зачараваны. — Пабочных дзеянняў практычна няма. Пакурыў і кайфуеш. І жыццё, як казка, ніякіх праблем. Пакуль эфект не пройдзе...

Гэта Дзіма цяпер так кажа. Па­глядзім, як ён заспявае, калі ўсвя­доміць, што за сваё «свавольства» прыйдзецца не адзін год правесці ў турме. Яму яно трэба?

— З «хіміяй» я даўно завязаў, — дзеліцца другі наркаман. Праўда, такім ён сябе не лічыць. — Зараз жыву нармальна. Працую, ажаніўся, выхоўваю дачку.

— І «траўку» не курыш? — рыхтуюся пахваліць.

— Куру, вядома. Бяскрыўдная забаўка, — нечакана выдае Андрэй Н.

А другі, з большым стажам наркаман, так не лічыць. З «траўкі» ён пачынаў свой доўгі і цярністы шлях залежнага чалавека. Успамінае, і слёзы на вачах:

— Трэба ж быць такім дурным, каб павесціся на ўгаворы малазнаёмых людзей... Быў яшчэ падлеткам, гадоў 15. Цікаўнасць узяла верх — пакурыў раз, два, і зацягнула. Завязаць ужо не мог. Тым больш душа патрабавала працягу банкету — цягнула да нечага моцнага. Паспрабаваў спайс, і пайшло.

Максім зараз лечыцца, і ўжо не ў першы раз. Выходзіў з бальніцы, трымаўся пару месяцаў і зноў браўся за старое. Галавой разумее: трэба тэрмінова гэтую справу кідаць, але ўтрымацца не можа. Так і жыве.

— Больш за ўсё ў жыцці шкадую, што аднойчы павёўся на ўгаворы і паддаўся спакусе…

Часова выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка Ленінскага РУУС Мінска палкоўнік міліцыі Віталь Макрыцкі апісвае агульную карціну:

— Зараз наркотыкаў, як сінтэ­тыч­ных, так і раслінных, стала менш. Шмат у чым дзякуючы рэа­лізацыі палажэнняў Дэкрэта № 6.

З яго прыняццем гэтай вялікай праблемай стала займацца не толькі міліцыя, але і ўсё грамадства ў цэлым. Падключыліся школьныя і ўніверсітэцкія выкладчыкі, медыкі, сацслужбы, прадстаўнікі мясцовай улады і іншыя.

У галоўным упраўленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС агучылі лічбы: у гэтым годзе выяўлена больш за 3,7 тыс. нарказлачынстваў, з іх больш як 1,8 тыс. звязаны са збытам. Аднак назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння ўзроўню нарказлачыннасці ў краіне (мінус 16,4%). Зніжаецца колькасць выяўленых злачынстваў з удзелам непаўналетніх (зніжэнне ў 2,1 раза).

У  ТЭМУ

За час дзеяння спецыяльнай праграмы «Мак» МУС устаноўлена 5042 факты незаконных пасеваў нарказмяшчальных культур. Знішчана больш за 208 т раслін на плошчы звыш 282 га. З незаконнага абароту канфіскавана больш за 174 кг наркасыравіны, у тым ліку 105,5 кг макавай саломкі, 23,8 кг марыхуаны, 45,1 кг насення маку і звыш 50 кг гатовых псіхаактыўных рэчываў, у прыватнасці 43,4 кг гашышу. За 3,5 месяца праграмы за пасеў або вырошчванне забароненых раслін склалі 2048 адміністрацыйных пратаколаў.

ypopko@bk.ru
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?

Новости
Все новости