Касцёл знутры

Розныя хрысціянскія канфесіі маюць свае месцы сумеснай малітвы. У нашай краіне мы часта праходзім каля цэркваў і касцёлаў, часам яны знаходзяцца вельмі блізка і ўражваюць прыгажосцю, прывабліваюць таямнічасцю. Што мы ўбачым, увайшоўшы ў касцёл, і чым касцёл і царква падобныя? Якое ўладкаванне касцёла і якое прызначэнне прадметаў унутры яго? Запрашаю крыху паразважаць на гэту тэму.

Галоўным месцам у касцёле з'яўляецца алтар. У праваслаўнай традыцыі алтар носіць назву «престол». Гэта стол, на якім здзяйсняецца ахвяра святой Імшы. У праваслаўнай традыцыі святая Імша называецца Боскай літургіяй.

Ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі алтар схаваны ад вачэй вернікаў іканастасам. Звернем увагу на розніцу тэрмінаў. У царкве алтаром называецца ўся частка храма за іканастасам. У касцёле гэта месца храма называецца «прэзбітэрый» або «алтарная частка». Ва ўстойлівых выразах мы пераважна ўжываем слова «алтар» у яго заходнехрысціянскім разуменні — як стол, на якім складаецца ахвяра, не маючы на ўвазе прастору вакол алтара. Мы кажам, што «прыносім штосьці на алтар» перамогі, навукі, мастацтва і г.д.

У сярэдзіне ХХ ст. у заходняй літургіі адбыліся змены, што паўплывала і на ўладкаванне касцёлаў. Проста кажучы, раней святар служыў літургію, стоячы спінай да вернікаў, а алтар быў «прымацаваны» да сцяны храма. Пасля ж новаўвядзенняў святар стаіць падчас літургіі з аднаго боку алтарнага стала, а вернікі — з іншага. У некаторых касцёлах можна адначасова ўбачыць абодва тыпы алтароў.

Іншая важная частка храма — амбона, ці амвон — месца чытання ўрыўкаў з Бібліі. У касцёле амбона пераважна выглядае так, як трыбуны, якія выкарыстоўваюцца для публічных выступленняў.

Яшчэ адно важнае месца ў касцёле — месца кіраўніка літургіі. У размоўнай мове некаторыя называюць яго «трон». Гэта своеасаблівае крэсла, стоячы каля якога, святар звяртаецца да вернікаў падчас літургіі і, зразумела, выкарыстоўвае яго для сядзення. У галоўных касцёлах біскуп мае сваё спецыяльнае «месца кіраўніка» — кафедру. Менавіта таму кафедральнымі называюцца галоўныя храмы ў каталіцтве і праваслаўі. Слова «кафедра» знаёма многім з універсітэцкіх часоў і таксама мае сувязь з прамовамі і навучаннем.

У касцёлах і цэрквах знаходзіцца таксама табэрнакулюм, які яшчэ называюць даразахавальніцай. Гэта своеасаблівая аздобленая шафа, у якой захоўваецца Цела Хрыста. Католікі і праваслаўныя вераць, што хлеб, над якім прамоўлены адпаведныя малітвы, падчас Імшы (Боскай літургіі) становіцца Хрыстовым Целам. Знешне, па хімічным складзе гэта надалей хлеб, але па сутнасці гэта ўжо штосьці кардынальна іншае. Можна сказаць, што табэрнакулюм у заходнім хрысціянстве мае большае значэнне, на ім робіцца большы акцэнт, чым ва ўсходнім. У касцёлах побач з гэтай аздобленай шафай няспынна гарыць чырвоная лампада, а вернікі пры набліжэнні да табэрнакулюма становяцца на калені і захоўваюць цішыню.

Само ўладкаванне нашых храмаў падказвае і тлумачыць нам асноўныя моманты хрысціянскай веры, таму варта пашыраць нашы веды ў гэтай тэме.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter