Касцёл з капліцамі

У верасні 1642 года ў цэнтры Барысава быў узведзены па фундушы старасты горада Адама Казаноўскага першы каталіцкі касцёл, асвечаны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Ён быў драўляны, бязвежавы, з купалам у цэнтры. Быў там і арган на 8 галасоў, пад гукі якога праходзілі набажэнствы.

Праіснаваў ён да 1806 года, пакуль не адбыўся пажар, ад якога драўляная будыніна, зразумела, згарэла. Тады было вырашана пабудаваць каменную святыню. У тым жа годзе 15 жніўня ўрачыста быў закладзены краевугольны камень. Завяршылася будаўніцтва ў 1823 годзе, святыня была кансэкраваная. Месца галоўнага алтара займаў цудам ацалелы пасля пажару ў 1806 годзе “вялікі алтар у стылі, падобным да ракако”. У алтары знаходзіўся старажытны абраз Маці Божай з Езусам, які благаслаўляе свет. Абраз быў напісаны на дрэве і ўпрыгожаны срэбнай шатай з каронамі.

У 1900 годзе ў Барысаве адбыўся моцны пажар, ад якога драўляны горад зноў амаль цалкам згарэў. Дзівосным чынам сывятыня ацалела, хаця агонь не пашкадаваў і яе. Захаваліся ўсе чатыры драўляныя алтары: “галоўны — Маці Божай, бакавыя — св. Антонія Падуанскага, св. Казіміра і Езуса Хрыста”. Але і аднаўляць давялося шмат. Нанава пазалацілі, прыўзнялі і ўпрыгожылі разьбою галоўны алтар. Распісалі столь, усе 8 калонаў. Былі ўстаноўлены новыя, на 11 рэгістраў, арганы. Сам касцёл быў атынкаваны і пабелены, пакрыты чырвонай чарапіцай.

Вялікая беларуская парафія абслугоўвалася некалькімі капліцамі. Перш за ўсё гэта капліца на могілках за горадам — Кальварыя. Акрамя яе, яшчэ 7 капліц у паселішчах: Баяры, Забашэвічы, Кішчына Слабада, Лозіна (цяпер в. Навішчына), Любатоўшчына, Ратуцічы і Святое. Пробашчы касцёла апекавалі дзве школы, парафіяльную і павятовую на 80 вучняў, і шпіталь на 27 ложкаў. У канцы XIX ст. у барысаўскай парафіі налічвалася больш за 4000 вернікаў.

Надышоў 1936 год. Як і многія святыні краю, касцёл у Барысаве быў зачынены. Яго прыстасавалі пад склад. Пасля вайны будынак перабудавалі і адкрылі там кінатэатр. Знішчаны былі і ўсе, за выключэннем у в.Навішчына, парафіяльныя капліцы.

Пазней будынак касцёла быў аб’яўлены помнікам архітэктуры. І толькі ў 1988 годзе яго вярнулі вернікам. Адразу пачалася яго рэстаўрацыя. Праз год над касцёлам зноў была вежа, але ўжо пяціярусная. Адноўленая святыня была ўрачыста асвечана 14 ліпеня 1990 года пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны. Да барысаўскай парафіі аднесены таксама капліцы ў Навішчыне і Сівіцы.

Капліца на каталіцкіх могілках за горадам — Кальварыя — таксама адноўлена. Пабудаваная з дрэва ў стылі барока яшчэ ў XVIII ст., капліца была знішчана ў 50-я гады мінулага стагоддзя. У алтары яе была змешчана цудатворная фігура Пана Езуса — драўляная статуя XIX стагоддзя. Вернікам удалося выратаваць і захаваць яе. У 1989 годзе, калі пачалася рэстаўрацыя барысаўскага касцёла, фігура Пана Езуса была вернута. Зараз яна знаходзіцца ў паўночнай наве касцёла. Сама капліца зараз цагляная, атынкаваная, але захавала агульныя прапорцыі былой, драўлянай. 25 чэрвеня 1995 года яна была асвечана.

Татьяна ПЕТРАШКЕВИЧ, «БН»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter