Касцёл у Шэметаве

Як сведчаць дакументы, першы драўляны касцёл ў Шэметаве, што ў Мядзельскім раёне, быў пабудаваны мінскім ваяводам і ашмянскім старастам Крыштафам Зяновічам і яго жонкай Ядвігай.

Стаяў ён каля дарогі на Кабыльнік, “пры самым павароце”. У 1687 годзе Зяновічы фундавалі кляштар кармелітаў старога статуту ў Засвіры і абавязалі манахаў абслугоўваць фамільны касцёл у Шэметаве. Тады пры касцёле і пачала дзейнічаць місія кармелітаў.

У 1810 годзе на гэтым жа месцы замест старога касцёла быў узведзены новы, таксама драўляны, але большых памераў, з трыма алтарамі. Сродкі на будаўніцтва даў тагачасны дзедзіч Шэметава мінскі губернатар Казімір Сулістроўскі. Касцёл асвяцілі пад тытулам Унебаўшэсця Пана, а ў 1813 годзе ён атрымаў статус парафіяльнага. Праз тры гады Сулістроўскі ўзвёў на пагорку пры сядзібе каменную капліцу, якую асвяцілі пад тытулам св. Казіміра, дзе знаходзіўся фамільны склеп Сулістроўскіх.

Але ў 1832 годзе, калі быў скасаваны засвірскі кляштар, зачынілі і шэметаўскую рэзідэнцыю, а праз некалькі гадоў нават разабралі будынак касцёла.

Толькі ў 1902 годзе, калі Шэметава стала належаць ужо Скірмунтам, новы дзедзіч маёнтка Баляслаў Скірмунт цалкам перебудаваў капліцу Сулістроўскіх. Цяпер гэта крыжападобны бязвежавы касцёл у стылі класіцызму. Прыгожае ўнутранае ўбранства касцёла ўражвае і сёння: за алтаром уся сцяна распісана на сюжэт Укаранавання Марыі Панны. Сам алтар дэкараваны пазалочанай драўлянай разьбой. Там жа знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай, а над ім — абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Дарэчы, гэта дакладная копія цудатворнага абраза з касцёла св. Альфонса ў Рыме.

На дзве гранёныя драўляныя калоны абапіраюцца высокія хоры з арганам на дзевяць галасоў. Вокны ў выглядзе арак, у якіх каляровыя вітражы з выявамі св. Казіміра, св. Станіслава, св. Саламея і інш.

30 ліпеня 1904 года касцёл быў кансэкраваны пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі, а тытул св. Казіміра перайшоў да пабудаванай тут капліцы. Касцёл у Шэметаве дзейнічае бесперапынна да сённяшняга дня. Святыня гэта лічыцца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння і, дарэчы, вельмі ўпрыгожвае наваколле.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter