Касцёл не адкідае разведзеных асоб

У  асяроддзі кожнага чалавека знойдуцца тыя людзі, якія ажаніліся паўторна і заснавалі новыя сем’і. Можна палічыць наяўнасць разводаў у сучасным грамадстве нармальным. Аднак многія веруючыя хрысціяне, якія трапілі ў такую сітуацыю, адчуваюць дакоры сумлення. Таму ў іх узнікаюць пытанні, як быць тым хрысціянам, якія перажылі развод.

У традыцыі ўсходніх і заходніх хрысціян са старажытнасці прасочваецца розны падыход да паўторных сужэнскіх саюзаў. Абедзве хрысціянскія плыні адмоўна ставіліся да разводаў. Аднак на Усходзе стаў дапускацца абрад паўторнага вянчання. У многім гэта было звязана з умяшальніцтвам імператараў Візантыйскай імперыі ў хрысціянскія практыкі, паколькі паступова на Усходзе толькі тыя шлюбы, якія былі заключаны з царкоўным благаслаўленнем, лічыліся законнымі з пункту гледжання дзяржавы. У такім выпадку людзі, якія развяліся, вырашалі звяртацца з просьбай аб паўторным вянчанні, успрымаючы яго як адзін з элементаў дзяржаўнай працэдуры заснавання сям’і. 

У заходнім хрысціянстве да сёння няма магчымасці благаслаўлення паўторнага сямейнага саюзу. Такі падыход звязаны са словамі Хрыста, якія запісаны ў Евангеллі: «што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». Вядома, бываюць выпадкі, калі шлюб не заіснаваў з самага пачатку, напрыклад у выпадку ўтоенай цяжкай хваробы, тады касцёльная ўлада прызнае яго несапраўдным. У такой сітуацыі лічыцца, што мужчына і жанчына ніколі не сталі мужам і жонкай перад Богам. У дзяржаўным заканадаўстве таксама існуюць выпадкі, калі шлюб прызнаецца несапраўдным, неіснуючым ад самага пачатку, і гэта зусім іншая працэдура, чым працэдура разводу. 

Няма магчымасці прызнаць усе шлюбы несапраўднымі, было б дзіўна, калі б яны ўсе былі заключаны з нейкімі парушэннямі. Таму, як гэта ні складана, але трэба пагадзіцца з думкай, што ў жыцці чалавека ёсць рашэнні, якія маюць незваротныя наступствы. Згодна з каталіцкай дактрынай такім рашэннем можа быць касцёльны шлюб і развод, які потым адбыўся. Адна справа, напрыклад, калі жанчына ўцякае ад мужа-тырана і пачынае жыць адна, і іншая — калі жанчына пакідае мужа дзеля другога чалавека.

Разведзеныя асобы, якія жывуць у пастаянных інтымных адносінах з іншым чалавекам, не могуць быць дапушчаны да таінстваў (сакрамантаў) споведзі і прымаць камунію (прычасце), калі яны маюць намер такія адносіны працягваць. Інакш гэта было б падобна на сітуацыю, калі чалавек хацеў бы атрымаць прабачэнне грахоў завочна, наперад. 

Жыццё складанае, і бываюць выпадкі, калі нехта звязаў сябе паўторным саюзам з асобай, якую не можа пакінуць у першую чаргу таму, што няма магчымасці раз’ехацца ў розныя месцы пражывання і выхоўваць паасобку супольных дзяцей. Хочацца нагадаць, што ў выпадку небяспекі смерці, напрыклад цяжкай хваробы, кожны можа паспавядацца і прыняць камунію, паколькі яго будучыня на зямлі цьмяная і непрадказальная і ён можа паяднацца з Богам перад абліччам смерці. Таксама ў выпадку пажылых асоб, якія не былі павенчаныя, але пражывалі як брат і сястра, прыняцце згаданых сакрамантаў дапускаецца. 

Тут узгадваецца павучальная гісторыя з адной парафіі. Дарослыя людзі, якія развяліся і жылі ў паўторным саюзе, прасілі сваіх дзяцей ра­зам з імі хадзіць у касцёл на святую Імшу, маліцца дома, захоўваць Божыя запаведзі і г. д. Калі ж дзеці прымалі прычасце і спавядаліся, бацькі прасілі прымаць сакраманты за іх, каб такім чынам умацаваць іх у чаканні таго моманту, калі яны ізноў змогуць спавядацца і прымаць камунію ў пажылым узросце. 

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter