Нацыянальная касмічная праграма пашырае свае межы

Касмічная адысея мае працяг

Адна з мэт праекта — вывад на арбіту другога беларускага спадарожніка. Як і першы апарат, запушчаны ў космас у 2012 годзе, ён стане часткай расійска-беларускай касмічнай групоўкі і агульнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Добрай дапамогай у стварэнні гэтага лятальнага апарата сталі напрацоўкі навуковых устаноў Нацыянальнай акадэміі навук па праграмах Саюзнай дзяржавы. Адна іх іх — “Стандартызацыя-СД”, мэтай якой была распрацоўка адзіных патрабаванняў і правілаў да працэсаў і нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі пры стварэнні касмічнай тэхнікі. Праграма цалкам завершана ў снежні мінулага года. Распрацавана шэсцьдзясят дзевяць стандартаў: дваццаць дзевяць — беларускім бокам, сорак — расійскім.


— Вырашана важнейшая праблема, — расказаў намеснік дырэктара прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” Барыс Чарнуха, — выпрацаваны агульныя нормы, якія прыкметна аблягчаюць работу навукоўцаў і спецыялістаў.

За аснову ўзятыя расійскія і еўрапейскія касмічныя стандарты (ЕСSS), а таксама нарматывы NASA. Перш за ўсё адзіныя стандарты неабходныя для праектавання, якое прадвызначае ўсе астатнія рабочыя моманты па стварэнні касмічнай тэхнікі. Вялікую частку стандартаў расійскія і беларускія  прадпрыемствы — распрацоўшчыкі касмічнай тэхнікі ўжо выкарыстоўваюць на практыцы. У прыватнасці, пры стварэнні беларускай нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі, выкананні сумеснай праграмы “Экзамарс”, якая рэалізуецца Раскосмасам і Еўрапейскім касмічным агенцтвам, і ў праекце па распрацоўцы спецыяльнага праграмнага забеспячэння для кіравання касмічнай сістэмай дыстанцыйнага зандавання Зямлі для ракетна-касмічнай карпарацыі “Энергія” імя С.П. Каралёва. 
Інтэграваная сістэма стандартаў будзе папаўняцца, бо застаюцца яшчэ сферы, дзе яны неабходныя. 
Працягваецца рэалізацыя іншай саюзнай праграмы, звязанай са стварэннем касмічнай тэхнікі і спецыяльнай апаратуры для яе, — “Маніторынг-СД”. Праграма, заказчыкамі якой выступаюць Федэральнае касмічнае агенцтва і Нацыянальная акадэмія навук, прынята ў 2013 годзе і разлічана на пяць гадоў. На рэалізацыю ўсіх мерапрыемстваў плануецца затраціць прыкладна два з паловай мільярды расійскіх рублёў.

Выканаўчы дырэктар праграмы, загадчык аддзела сумесных праграм касмічных ды інфармацыйных тэхналогій Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Сяргей Караняка адзначае, што адна з галоўных задач — стварэнне імпартазамяшчальных тэхналогій. І хоць праграма дзейнічае менш за два гады, вынікі ўжо ёсць. Напрыклад, створаны мадэлі гіперспектральнай апаратуры для спадарожнікаў, аналагаў якой няма ні ў Беларусі, ні ў Расіі. Асноўная элементная база таксама ствараецца на прадпрыемствах дзвюх нашых краін. У высокай ступені гатоўнасці сістэмы метэорнай абароны спадарожнікаў, што ствараюцца супрацоўнікамі Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава НАН Беларусі. Распрацоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, якія дазволяць у рэжыме рэальнага часу апрацоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, што перадаецца са спадарожнікаў. 
Рэалізацыя праграм у галіне космасу і нацыянальнай касмічнай праграмы, паспяховы запуск беларускага спадарожніка і стварэнне эфектыўнай сістэмы Дыстанцыйнага зандавання Зямлі далі магчымасць Беларусі ў 2012 годзе стаць паўнапраўным членам Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах. Хоць не менш важна, што вынікі касмічных праектаў, у тым ліку рэалізуемых у рамках саюзных праграм, даюць магчымасць больш дакладна прадказваць надвор’е, прагназаваць прыродныя катаклізмы, папярэджваць пажары, паляпшаць навігацыю.

Герман Маскаленка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter