Свята “Ліпнішкаўскія сенакосы” ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці

Касі, каса, пакуль раса

Сустрэчныя машыны вітаюць гучнымі сігналамі. Людзі махаюць рукамі і фатаграфуюць. Напэўна, нейкі цуд убачылі! Улічваючы, што сёння, калі ўсе перайшлі на трымеры і бензакосы, убачыць чалавека з ручной касой — вялікая рэдкасць, то сустрэчу цэлай грамады касцоў з традыцыйнымі прыладамі і сапраўды можна назваць дзівам.


Ладзіць свята “Ліпнішкаўскія сенакосы” ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці пачалі з мінулага года. Свята, якое спрыяе захаванню старажытных традыцый, павышэнню іміджа сельскай працы, развіццю спартыўнай касьбы як новага экалагічнага віду спорту, так прыйшлося даспадобы, што сёлета ў яго цэнтральнай падзеі — конкурсе “Касец” — прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі сельсаветаў Іўеўшчыны, але таксама госці з суседніх Лідскага і Воранаўскага раёнаў.


— Наступіў чэрвень — гарачая пара сенакосу, — адкрыла свята старшыня Ліпнішкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Яніна Бузар. — Паўсюль па краіне ідзе масавая нарыхтоўка сена. Мы бачым, што сёння на лугах у асноўным працуе тэхніка. Але старэйшае пакаленне добра памятае час, калі на масавую касьбу выходзілі ўсёй вёскай. Мужчыны касілі траву, жанчыны з дзецьмі сушылі яе. Гэта было прыгожае свята. І мы збіраемся тут, у адным са старэйшых населеных пунктаў Іўеўшчыны, дзе заўсёды жылі працавітыя людзі, каб нагадаць, як праходзілі сенакосы, што ўмелі нашы дзяды, і, вядома, весела правесці час.


Косы ў рукі ўзялі і мужчыны, і жанчыны. Спаборнічаць прыйшлося не толькі ў хуткасці і якасці касьбы. Канкурсанты прадставілі разам з групамі падтрымкі творчыя візіткі, прадэманстравалі арыгінальна ўпрыгожаныя косы і накрылі “Абед на траве” з духмяным хлебам, салам, яйкамі, цыбуляй, квасам і іншымі стравамі. Так звычайна сустракалі касцоў з лугоў нашы бабулі і прабабулі.


Ніхто не адмаўляе тыя выгоды, якія прынесла сучасная тэхніка. Але памяць аб сваіх традыцыях таксама дарагога варта — яна, лічаць арганізатары свята, узбагачае і дазваляе рухацца наперад.

mila@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter