Каштоўныя скарбы з Падляшша

Гісторык, этнограф і выдавец з Польшчы Дарафей Фіёнік прэзентаваў у Нацыянальнай бібліятэцы ўнікальныя кнігі пра беларусаў з гістарычнага рэгіёна Беласточчыны


Дарафей Фіёнік (справа) і Алесь Суша на прэзентацыі кніг у Нацыянальнай бібліятэцы

Фото: Надзея Зуева

  Слухаючы гэтага навукоўца з польскага Бельска Падляскага, дзівілася: няўжо там ёсць куточак самавітай аўтэнтычнай беларускасці? Аднак ягоны аповед, выдадзеныя ім кнігі, напісаныя, да таго ж, кірыліцай на падляскай мове, пацвярджаюць: так і ёсць. Само Падляшша — гэта гістарычны рэгіён на захадзе Вялікага Княства Літоўскага, які ахопліваў Дарагічынскую, Мельніцкую і Бельскую землі. Ён унікальны тым, што там жывуць этнічныя беларусы, здаўна суіснуюць польская і беларуская культуры.


На прэзентацыі серыі кніг “Гісторыя і культура падляскіх беларусаў” намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша казаў: “Беларусы ў тым рэгіёне як захоўваюць свае традыцыі, так і развіваюць, асэнсоўваюць іх”. Дарафей Фіёнік згаджаецца і дадае: “У серыі выданняў, якую мы распачалі кнігай “Места ў гісторыі і культуры падляскіх беларусаў”, паказалі: аснова нашай культуры — на Падляшшы. Мы ж самі прыехалі з таго месца, дзе знаходзілася колісь галоўнае кнігасховішча беларускай літаратуры, з-пад славутага Супрасля. Месца, дзе на працягу вякоў стваралася жывое беларускае слова. Мы ж цяпер — прадаўжальнікі той традыцыі”.

Асаблівую ўвагу надае спадар Дарафей мове, якой напісаныя кнігі. Называе ж яе падляскай, альбо старабеларускай, альбо... каралеўскай. І растлумачвае: “Падляская — па сутнасці старабеларуская мова. Бяру, напрыклад, якую метрыку ці прывілею XVI стагоддзя — бачу: гэта тая мова, якой мы й сёння карыстаемся штодзень. Мы — носьбіты каралеўскае мовы. Бо яшчэ ў ХІХ стагоддзі жыхары Бельска і ваколіц гаварылі: наша мова каралеўская. А яна й сапраўды была моваю каралеўскіх актаў”.

Усяго ў серыі “Гісторыя і культура падляскіх беларусаў” сем кніг, якія распавядаюць пра беларускую культуру на Падляшшы. Кожная з іх падрыхтаваная на багатым архіўным матэрыяле, успамінах мясцовых жыхароў, выдатна праілюстравана. Пра важныя гістарычныя падзеі ў жыцці беларусаў, якія жывуць на беларуска-польскім памежжы, можна прачытаць у такіх кнігах, як “Бежанства. Дарогі і павароты. 1915?1922”, “Бельскі Сойм Вялікі року Божага 1564”. Апошняя ж кніга серыі “Айцец Канстанцін Байко. Духаўнік. Настаўнік. Лекар” пабачыла свет у студзені 2017-га, прысвячаецца асобнаму чалавеку. На гэтым выданні засяродзіў увагу і прарэктар па навукова-багаслоўскай рабоце Мінскіх духоўных семінарыі ды акадэміі Аляксандр Слесараў: “Кніга пра Канстанціна Байко цікавая — праз лёс аднаго святара выяўляецца трагічны этап у гісторыі беларускага праваслаўя”. Герой дакументальнай аповесці — багаслоў, настаўнік, лекар, якога саслалі ў лагер у сібірскую Варкуту. Але ён і там адстойваў сваю веру, мову, культуру. Дагэтуль кніга была прэзентаваная ў царкве ў Клецку, дзе калісьці служыў святар, а таксама ў Жыровічах і Гродне.

Незвычайнасць выданняў,  прадстаўленых у НББ, і ў тым, што напісаны яны кірыліцай. Апрацоўваў тэксты філолаг Мікалай Урублеўскі. Дарэчы, на прэзентацыі можна было пазнаёміцца і з ягоным “Слоўнікам гаворкі бельска-падляскай”, які складзены ў 60-я гады ХХ ст.

Як адзначаў Дарафей Фіёнік, Беласточчына — край усіх гаворак і бязмежная прастора для творчасці этнографаў, мовазнаўцаў. На поўдні Падляшша мова жыхароў, напрыклад, падобная да берасцейскай, на поўначы — да гарадзенскай. А ў сярэдняй частцы гавораць так, як на Ваўкавышчыне ды Наваградчыне. Так што гэты польскі рэгіён у мікрамаштабе ўвабраў у сябе амаль усю Заходнюю Беларусь. І ў тым, пэўна, ягоная моц і багацце.
А дзе ж на той карце, намаляванай так вобразна госцем, шукаць Студзіводы? Бо менавіта ў тым раёне Бельска на працягу 30 год існуе Музей малой Бацькаўшчыны, дзейнічае гурт “Жэмэрва” ды праходзяць шматлікія фальклорныя фэсты, адзначаюцца народныя святы. “Студзіводы — прадмесце Бельска, — удакладняе Дарафей Фіёнік. — Раней на тым месцы была вёска, валодаў ёй мешчанін Іван Сегіневіч, войт Бельскі. І яна б даўно ўжо растварылася сярод вялізных будынкаў горада, калі б не наш музей, які ўдалося ўтварыць на базе адной старой хаты. І цяпер у нас — музей пад адкрытым небам з некалькіх дамоў драўлянай архітэктуры ў мяшчанскім і сялянскім тыпах. Ёсць этнаграфічныя ды гістарычныя экспанаты, архіў, бібліятэка”.

Штогод праходзяць у Студзіводах фальклорныя фэсты “Там па маёвай росі”, “Алень па бору ходзіць”. Рыхтаваўся Дарафей Фіёнік з памочнікамі й да Дзён славянскага пісьменства: яны пачаліся ўжо, прысвячаюцца 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. На свята запрошаны пісьменнікі, музыканты, тэатральныя дзеячы з Беларусі ды Польшчы. Гэтымі днямі праходзіць і навуковая канферэнцыя, мерапрыемствы духоўнага зместу. “Паўдзельнічаюць калегі з розных краін, — казаў Дарафей Фіёнік. — Супольнымі сіламі плануем зрабіць вялікую справу — для ўсіх беларусаў замежжа”.
Даведка ГР
Прыватны музей-скансэн этнаграфічна-гістарычнага характару быў заснаваны ў 1993 годзе Дарафеем Фіёнікам у Студзіводах — прадмесці Бельска Падляскага. Аб’яднанне Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах ладзіць выставы, майстар-класы народных рамёстваў, фестывалі, праводзіць этнаграфічныя экспедыцыі, а таксама займаецца выдавецкай дзейнасцю. Перыядычнае выданне Музея — штомесячнік “Бельскі Гостынэць”. Па выніках экспедыцый з’яўляюцца кружэлкі з запісамі аўтэнтычнага фальклору, а таксама кніжныя публікацыі на гістарычную і этнаграфічную тэмы.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 19 (3523), чацвер, 25 мая, 2017 у PDF


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter