Наши ученые разработали технологию получения сухого змеиного яда

Каштоўныя грамы здароўя

У  Нацыянальнай акадэміі навук распрацавалі метад атрымання змяінага яду ў гадзюк. Ужо гатовая першая доследная партыя сыравіны высокай якасці, якую можна выкарыстоўваць для вытворчасці медпрэпаратаў. Сёння мы трацім вялікія грошы і прывозім некаторыя лекі з-за мяжы, але ад часткі імпарту можна адмовіцца. Наша краіна валодае вялікімі рэсурсамі для вытворчасці змяінага яду: без шкоды для прыроды можна атрымліваць 300—400 грамаў у год. Між іншым, штогод мы маем патрэбу ў 60—100 грамах гэтай каштоўнай субстанцыі, і лішкі прынясуць немалы экспартны прыбытак.

Па словах вучоных, у бліжэйшы час ёсць магчымасць атрымаць ужо 5 грамаў каштоўнага прадукту. Далей — больш.

Змяінае царства


У краіне тры віды змей: гадзюка звычайная, вуж звычайны і мядзянка звычайная. Да ядавітых адносіцца толькі першы від. У Навукова-практычным цэнтры НАН па біярэсурсах падлічылі: папуляцыя гадзюк у нас налічвае ад 500 000 да 550 000 асобін.

Беларусь — краіна лясоў і ба­лот. Узлескі, лясныя паляны, прасекі, ускраіны балот — упадабаныя месцы змей. Адзін з найбольш каштоўных відаў фаўны ёсць паўсюдна, але самыя буйныя папуляцыі адзначаны на Віцебшчыне — пераважна ў Расонскім раёне, на Брэстчыне — гэта Ляхавіцкі, Ганцавіцкі і Івацэвіцкі раёны, у пойменных месцах меліяраванай Прыпяці.

Без перабольшання можна сказаць: мой суразмоўца Сяргей Драбянкоў ведае пра гадзюку ўсё. Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наземных беспазваночных жывёл кандыдат біялагічных навук, дацэнт ужо каля 30 гадоў працуе побач са змеямі. За восем гадоў ён удзельнічаў у трох праграмах па распрацоўцы і асваенні інавацыйных тэхналогій рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Задачай стала ацэнка біялагічных «запасаў» звычайнай гадзюкі. Вынікі ўразілі.

— Аказалася, змей гэтага віду ў нас шмат. Вызначалі таксама, колькі можна адлоўліваць без шкоды, — тлумачыць Сяргей Драбянкоў. — Без наступстваў для прыроды можна выключыць каля 10 працэнтаў усёй папуляцыі. Але вось што цікава: каб забяспечыць сухім ядам патрэбу фармакалагічнай прамысловасці краіны, хопіць 1—2 тысяч змей.

Змяя адлоўліваецца ў прыродзе беражлівым спосабам, яе нельга траўміраваць.

Трафей на кручку


Вучоны прыводзіць цікавы прыклад: з адной дозы, якую аддае змяя, а гэта 3,5 міліграма сухога яду, можна прыгатаваць да 100 цюбікаў мазі віпрасал В — гэта магутны абязбольваючы прэпарат. Вучоны прыводзіць лічбы, якія прымушаюць задумацца: на набыццё такіх лекаў наша краіна штогод траціць каля 400 тысяч еўра. Гэтак жа і з іншымі медыкаментамі, у складзе якіх ёсць змяіны яд. Гэта лекі, што палягчаюць боль пры рэўматызме, поліартрыце, астэахандрозе, радыкуліце. Таксама — супрацьзмяіныя сывараткі. На аснове яду ствараюць прэпараты, якія прадухіляюць сардэчна-сасудзістыя захворванні, нават могуць блакіраваць рост ракавых пухлін! На яго аснове таксама вырабляюць аналагі наркатычных прэпаратаў, якія не выклікаюць ніякага прывыкання. Спектр прымянення яду гадзюкі з кожным годам сур’ёзна пашыраецца.

Штогод у свеце фармацэўтычная прамысловасць выкарыстоўвае каля 10 кілаграмаў яду. Вучоныя Акадэміі навук атрымалі першую доследна-прамысловую партыю высокай якасці — сухі змяіны яд масай 1,5 грама. Сяргей Драбянкоў маляўніча апісвае карціну, як гэта ўсё звычайна адбываецца ў лесе:

— Змяя адлоўліваецца ў прыродзе акуратна, яе нельга траўміраваць. Трэба быць вельмі ўважлівым: нагой, абутай у гумовы бот, акуратна наступаю на змяю. Спецыяльным металічным кручком прыціскаю галаву гадзюкі, бяруся за яе ў раёне шыйнага пера­хвату, змяшчаю ў мех. Іх там можа захоўвацца штук 10, не болей.

Далей герпетолаг нясе мех у лагер, дзе змей кладуць у адмысловыя пластыкавыя ці драўляныя кантэйнеры. Затым вязуць у лабараторыю, дзе і адбываецца здабыча яду.

— Спецыяльнай прэпаравальнай іголкай цягнуцца наперад два яе ядавітыя зубы. Падстаўляю пад іх кубак Петры і акуратна націскаю — выходзіць вадкі яд. Далей ён высушваецца ў парах хлорыстага кальцыю і ператвараецца ў жоўты парашок. За гадзюк не варта турбавацца: пасля такой працэдуры іх адпускаюць у натуральнае асяроддзе. У прыро­дзе яны жывуць у сярэднім 8—11 гадоў.

Каб лавіць змей і атрымліваць яд, патрэбны не толькі навык: трэба мець усе дазволы, ліцэнзіі, допускі. Адзін грам змяінага яду ў дзесяць разоў даражэй за грам золата, сухі яд захоўвае свае ўласцівасці да 40 гадоў. Прага нажывы непрафесіяналаў можа сур’ёзна нашкодзіць прыродзе, таму каштоўны прадукт здабываюць адзінкі.

Бяры не хачу


Успомнім запаведзь медыцыны: «Вялікія дозы — яд, а малыя — лекі». Так і з ядам гадзюкі: ён можа аказваць не толькі згубнае, але і лячэбнае ўздзеянне на чалавека. Мы рэдка пра гэта задумваемся, але роля змей у нашым здароўі велізарная: іх яд з’яўляецца эфектыўным складнікам многіх лекавых сродкаў. Нездарма ж на выявах бога лячэння Эскулапа ёсць жазло са змяёй, якая абвілася вакол яго. Да таго ж келіх са змяёй — найбольш распаўсюджаная ў СНД медыцынская эмблема.

Яд звычайнай гадзюкі ва ўсе часы быў і будзе вельмі запатрабаваны сусветнай фармацэўтыкай. Наладзіць здабычу такой каш­тоўнай лекавай сыравіны ў нашай краіне, на думку вучонага, можна за лічаныя месяцы. Сёння выяўлены найбольш буйныя папуляцыі гадзюкі, засвоены метад прамысловага збору яду, скла­дзены бізнес-план арганізацыі яго вытворчасці, праведзены ўсе неабходныя эканамічныя разлікі эфектыўнасці — чакаецца вялікая рэнтабельнасць.

— Атрымліваецца, неабходныя рэсурсы ў нас ёсць, тэхналогія распрацавана, выгада праглядаецца, але далейшыя перспектывы пакуль не ясныя, — наракае Сяргей Драбянкоў.

У нашай краіне жыве каля паўмільёна гадзюк. Таксама мы валодаем штатам кваліфікаваных герпетолагаў, здольных арганізаваць атрыманне буйных партый змяінага яду. Па словах вучоных, у бліжэйшы час ёсць магчымасць атрымаць ужо 5 грамаў каштоўнага прадукту. Далей — больш. Што ж замінае наладзіць прамысловае атрыманне змяінага яду? Сяргей Драбянкоў разважае:

— Яд гадзюкі лічыцца хадавым таварам на сусветным рынку. Мы думаем не толькі пра імпартазамяшчэнне, але і пра экспарт. Гэтыя пытанні ў зацікаўленых установах разглядаюцца ўжо некалькі гадоў. На жаль, сёння ўвесь гэты патэнцыял — прыродны і кадравы — пакуль не задзейнічаны. Відавочна, без дзяржаўнай падтрымкі гэтаму напрамку ніяк не абысціся.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter