Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Будучыя спецыялісты Беларускай атамнай станцыі прайшлі падрыхтоўку ў Расіі, на Калінінскай АЭС

Каштоўны досвед ад прафесіяналаў

Больш за 20 студэнтаў апошняга курса фізічнага факультэта Беларускага дзяржуніверсітэта, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Ядзерныя фізіка і тэхналогіі”, прайшлі вытворчую практыку на Калінінскай АЭС — у горадзе Удомля, што ў Цвярской вобласці. Сёлета гэта быў ужо трэці візіт студэнтаў-атамшчыкаў у той горад. Паездкі адбыліся дзякуючы праектам па супрацоўніцтве “Росатома” з вядучымі ВНУ Беларусі.

Будучыя спецыялісты знаёмі­ліся з работай дзеючай АЭС, паспяхова прайшлі практычную падрыхтоўку ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных. Пад кіраўніцтвам інструктараў вучэбна-трэніровачнага падраз-дзялення Калінінскай АЭС студэнты асвоілі спецыфіку вытворчасці электраэнергіі на энергаблоках з рэактарамі ВВЭР — гэты ж тып рэактараў лёг у аснову праекта, па якім будуецца Беларуская АЭС. Было таксама знаёмства з тэхнічнымі характарыстыкамі абсталявання цэхаў, госці з Мінска вывучалі прынцыповую цепласхему станцыі, прайшлі заняткі ў тэхнічных класах і на поўнамаштабным трэнажоры. Дарэчы, як патлумачыў намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы персаналу — начальнік вучэбна-трэніровачнага падраздзялення Калінінскай АЭС Рыгор Хахулін, прафесійнае навучанне на трэнажоры — гэта найважнейшы этап падрыхтоўкі эксплуатацыйнага персаналу, паколькі бяспека АЭС напрамую залежыць ад кваліфікацыі персаналу блочнага шчыта кіравання. Так што будучыя работнікі АЭС засвойвалі ўнікальны досвед ад людзей, якія непасрэдна працуюць з абсталяваннем, знаёміліся са спецыфікай працы АЭС. 

Між тым падобная практыка — гэта абавязковая частка навучання будучых спецыялістаў-атамшчыкаў у Беларускім дзяржуніверсітэце. Кожны студэнт на ўласным досведзе знаёміцца з працай дзеючай атамнай станцыі, а калі завяршае навучанне, то ў поўнай меры гатовы ўжо выконваць свае прафесійныя абавязкі: як спецыяліст Беларускай АЭС, якая ўжо хутка будзе запушчана ў эксплуатацыю. Як адзначыў дэкан фізічнага факультэта БДУ, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, прафесар Віктар Анішчык, такая паездка — гэта частка вучэбнага плана. Паколькі ў Беларусі пакуль няма АЭС, якія працуюць, то беларускія студэнты на практыку едуць у Расію. І такія паездкі праходзяць штогод. Прафесар удакладніў: студэнты з Мінска наведваюць Іванаўскі дзяржаўны энергетычны ўніверсітэт, Інстытут ядзернай энергетыкі ды тэхнічнай фізікі ў Ніжнім Ноўгарадзе, Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт “МІФІ”, а таксама АЭС ды іншыя атамныя аб’екты. Вядома ж, працу на сапраўдным рэактары студэнтам замяняе практыка на трэнажоры, аднак яны вяртаюцца з новым досведам і ўласным уяўленнем пра спецыфіку будучай прафесіі.

Іван Іванаў

Голас Радзімы № 45 (3549), чацвер, 30 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter