Каса выратуе балота?

Што мы ведаем пра заказнiкi “Cярэдняя Прыпяць”, “Простыр”, “Званец”? Тое, што яны ёсць, што iх iснаваннем абазначана унiкальная палеская разнастайнасць флоры i фауны. Гэтыя цiкавыя мясцiны не сталi месцам паломнiцтва iншаземных турыстаў, не сталi нават прадметам належнага гонару суайчыннiкаў. Тут засталося многа некранутага. Тут жывуць птушкi, якiм, на жаль, таксама пагражае знiкненне — вяртлявая чаротаўка, дупель, драч. Тут яшчэ ёсць многа вiдаў раслiн, якiя даўно знайшлi трывалую прапiску ў Чырвонай кнiзе. Балота — незвычайнае прыроднае ўтварэнне, яно выпрацоўвае кiслароду ў трыццаць разоў больш, чым лес. У захаваннi i падтрыманнi спрадвечнай асаблiвасцi нашых балот зацiкаўленасць выказваюць нават суседзi з далёкага замежжа. Але спецыялiсты б’юць трывогу: балотам, лясам запаведных зон пагражае небяспека.
Глабальны экалагiчны фонд Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый для рэалiзацыi прыроднай канвенцыi ў галiне аховы балот пiлотнай пляцоўкой выбраў Лунiнецкi раён. Тут пастаянна працуюць замежныя i айчынныя навуковыя эксперты, прайшлі ўжо чатыры навукова-практычныя канферэнцыi. Каб абагулiць, сканцэнтраваць i арганiзацыйна аформiць усе напрацоўкi навукоўцаў, па iнiцыятыве раённага Савета дэпутатаў адбылася ў свой час выязная сесiя з парадкам дня: “Роля мясцовага самакiравання ва ўстойлiвым развiццi прыродна-рэсурснага патэнцыялу Беларускага Палесся”. На працягу двух дзён дэпутаты знаёмiлiся з прапановамi i вывадамi экспертаў, затым агледзелi прыродныя аб’екты i выпрацавалi комплекс першачарговых мерапрыемстваў, якiя i склалi аснову рашэння сесii. Дарэчы, адным з галоўных мерапрыемстваў новага зместу аховы навакольнага асяроддзя стала змена схемы землекарыстання.
Людзi на балоце
Увесь комплекс праблем, звязаных з гаспадарчай дзейнасцю чалавека ў гэтых мясцiнах, спецыялiсты назвалi няўстойлiвым выкарыстаннем земляў заказнiка “Сярэдняя Прыпяць” i прылягаючых тэрыторый. Прасцей кажучы, хто як хацеў або хто як умеў, так i апрацоўваў гэту зямлю. Ворыва нярэдка вялося на тых участках, якiя ўваходзяць у ахоўную зону i з’яўляюцца астраўкамi балота. Апрацоўка значнай часткi зямлi не мела эканамiчнай выгады, а вось урон бiялагiчнай разнастайнасцi наносiла значны. Сапраўднай бядой сталi няграматнае вядзенне паляўнiчай, рыбнай гаспадаркi, браканьерства. Штогод знiжаецца колькасць традыцыйных вiдаў жывёл — лася, дзiка, казулi, i, наадварот, болей становiцца так званых iнтрадуцыраваных вiдаў — янотападобнага сабакi, амерыканскай норкi. Апошнiя, у сваю чаргу, становяцца прычынай рэзкага змяншэння папуляцыi крыжанкi, знiшчаюць дробную жыўнасць, пазбаўляючы корму драпежных птушак. Такiм чынам, парушаецца прыродны баланс, якi складваўся стагоддзямi.
Зараз на Лунiнеччыне, як i прадугледжана рашэннем сесii, прыступiлi да змянення схемы землекарыстання. З севазвароту выводзяцца землi, якiя дэградзiравалi, iх ператвараюць у лугi, пашы, дзейнiчаюць у адпаведнасцi з навукай. I калi ворыва ў межах заказнiка часта шкодзiць прыроднаму балансу, то скошванне пойменных лугоў балоту толькi на карысць. Памятаеце, як героi мележаўскiх “Людзей на балоце” прабiралiся цераз топкiя мясцiны i лавiлi кожны спякотны дзень, каб выкасiць траву, высушыць яе, а потым забраць сена ўжо зiмой, калi мароз скуе ваду. Зараз усё наадварот. Людзi не лiчаць патрэбным збiраць корм з палосак уздоўж рэк ды балотных астраўкоў. Па-першае, колькасць сельскага насельнiцтва памяншаецца, устойлiва радзее статак уласных кароў. Па-другое, аграрныя прадпрыемствы маюць машыны, якiя здольны працаваць на дастаткова вялiкiх плошчах. У вынiку нiзiнныя балоты i пойменныя лугi пачалi iнтэнсiўна зарастаць хмызнякамi i трыснягом. У такiх умовах стала надзвычай цяжка выжываць вяртлявай чаротаўцы i iншым яе таварышам па балоце. Наступленне хмызняку не толькi становiцца глабальнай пагрозай птушкам, некаторым вiдам раслiн, але i спрыяе супрацiўляльнасцi току вады i павелiчэнню ўзроўняў паводак, ад якiх Палессе цярпiць ледзь не кожную вясну.
Дык вось, адзiным спосабам падтрымання балот i лугоў у адкрытым стане з’яўляецца iх штогадовае скошванне. Нездарма ж у Польшчы перыядычна праходзiць мiжнародны чэмпiянат па кашэннi балот. Найпершы памочнiк у гэтай справе — каса. Зараз, праўда, у нас ёсць сельскагаспадарчая тэхнiка павышанай праходнасцi, якая можа дабрацца i ў топкiя мясцiны. А некалькi гаспадарак Лунiнецкага раёна атрымаюць фiнансавую падтрымку з тым, каб пераабсталяваць свае машыны i агрэгаты i зрабiць iх прыгоднымi для выкошвання балот. Потым плануецца распаўсюдзiць iх вопыт на iншыя забалочаныя тэрыторыi Беларусi.
Лес — не парк
Нездарма нашу радзiму называюць краем лясоў i балот. У сваiм iснаваннi адно на другое аказвае ўплыў, развiццё аднаго абумоўлiвае пэўныя змены другога. Любы палескi заказнiк уключае ў сябе i балотныя, i лясныя ўчасткi. На памянёнай сесii раённага Савета вялiкая ўвага была ўдзелена захаванню бiялагiчнай разнастайнасцi лесу, або экалагiчна арыентаванаму вядзенню лясной гаспадаркi. На гэта накiравана i працэдура лясной сертыфiкацыi, якая распачата ў нашай краiне. З 2007 года еўрапейскi рынак закрыты для несертыфiкаванай лясной прадукцыi, што само па сабе з’яўляецца эканамiчным стымулам для паскарэння работы i змянення падыходаў да вядзення галiны ў цэлым. Атрымаў дакумент i Лунiнецкi лясгас. Яго дырэктар Вячаслаў Торчык расказаў, што працэдура сертыфiкацыi прайшла па еўрапейскай схеме. Як заўважыў Вячаслаў Iванавiч, экалагiчна арыентаваная лясная гаспадарка падразумявае змену правiл i змену мыслення. Раней за непрыбраныя бярвеннi, галiны, сучча можна было атрымаць спагнанне, а цяпер пакiданне мёртвай драўнiны становiцца патрабаваннем тэхналогii. Гэтыя астанкi з’яўляюцца месцам пражывання шэрагу насякомых, якiя даюць пачатак многiм харчовым ланцужкам i праз некаторы час становяцца часткай вялiкай лясной сiстэмы. А пяць працэнтаў лясных угоддзяў наогул нельга чапаць, асобныя ўчасткi трэба пакiдаць без усялякага ўмяшання чалавека, каб мець магчымасць, так бы мовiць, вывучаць вопыт у прыроды. Лес — не парк, дзе ўсё павiнна быць ачышчана i падмецена.
Вялiкая ўвага зараз надаецца дзейнасцi школьных ляснiцтваў. Вучыць чалавека ведаць i разумець прыроду трэба з дзяцiнства. Вопытныя працаўнiкi лясгасаў успамiнаюць, што сiстэма дзiцячых арганiзацый пры ляснiцтвах была добра наладжана ў савецкiя часы. Потым развалiлася, але зараз узяты ўстойлiвы курс на яе адраджэнне. Ёсць школьныя ляснiцтвы i ў Лунiнецкiм раёне. Цiкавы вопыт прыцягнення ўвагi маладога пакалення да праблем захавання лесу назапашаны ў суседнiм Ганцавiцкiм раёне.
Кiраванне, адукацыя, супрацоўнiцтва
Сесiя дэпутатаў i канферэнцыi ў Лунiнцы папярэднiчалi стварэнню органаў кiравання заказнiкам “Сярэдняя Прыпяць”. Неабходнасць такой структуры наспела даўно. Яна дзейнiчае ад iмя дзяржавы пры падтрымцы Брэсцкага абласнога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. Як паведамiлi ў названай арганiзацыi, кiраўнiцтва “Сярэдняй Прыпяццю” будуць ажыццяўляць тры офiсы — у Лунiнецкiм, Пiнскiм i Столiнскiм раёнах. Iх арганiзацыйнае афармленне практычна закончана. У складзе кожнага офiса прадугледжаны стаўкi дырэктара i двух-трох супрацоўнiкаў з лiку мясцовых спецыялiстаў у галiне аховы навакольнага асяроддзя. Структура мае паўнамоцтвы кантраляваць любую дзейнасць на тэрыторыi заказнiка. Фiнансаванне праекта запланавана са сродкаў раённых фондаў аховы прыроды i iншых крынiц.
Адной з галоўных задач структуры кiравання заказнiкам у вынiковых дакументах сесii Лунiнецкага райсавета пазначана iнфармаванне насельнiцтва i асветнiцкая дзейнасць. Жыхары названых рэгiёнаў вельмi мала ведаюць пра альтэрнатыўныя крынiцы даходаў у сваiх унiкальных мясцiнах, напрыклад, экалагiчны турызм, продаж вырабаў традыцыйных народных промыслаў i гэтак далей. Асветнiцкiя цэнтры пры офiсах структуры кiравання павiнны “залатаць” гэту iнфармацыйную дзiрку. Такi цэнтр ужо ёсць у Лунiнцы. Яго спецыялiсты працуюць зараз над тым, каб людзi з навакольных вёсак ведалi, у якiм унiкальным месцы яны жывуць, як трэба ахоўваць раслiнны i жывёльны свет заказнiка i якую выгаду можа мець чалавек пры разумным i правiльным падыходзе да прыроды.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter