У Паставах прайшоў міжнародны фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік»

Касі каса, пакуль гучыць гармонік

У той час, як у Паставах гучалі цымбалы і гармонік, у аграсядзібе вёскі Жылінскія звінелі косы
АЖНО з Петрапаўлаўска-Камчацкага, за 7,5 тысячы кіламетраў адсюль, рознымі відамі транспарту дабіраўся ў Паставы гарманіст Міхаіл Саватнееў, каб паўдзельнічаць у конкурсе «Хто каго» на міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». Яго выступленне доўжылася хвіліны тры, але госці  віталі  маэстра доўгімі апладысментамі. Як, зрэшты, і народны ансамбль песні «Берагіня» з Херсона, дуэт з Літвы, ансамбль цымбалістаў з Латвіі, ансамбль народнай музыкі і песні «Суседзі» з Пінскага раёна і многіх іншых.

Момант свята
Момант свята

Паставы

Сёлетні фестываль стаў юбілейным, 25-м. Яго заснавальнік, былы работнік Міністэрства культуры, ураджэнец Пастаўшчыны Тадэуш Стружэцкі выказаўся з гэтай нагоды так:

— Калі ўсё пачыналася, мы задумваліся над тым, каб на фестывалі галоўнай дзеяй стала сапраўды народнае спаборніцтва накшталт таго, як на вясковым вяселлі збіраюцца розныя гарманісты, і кожны імкнецца перайграць адзін аднаго на гармоніку, цымбалах, скрыпцы, дудцы або пераспяваць. І гэта, лічу, нам удалося. З года ў год фестываль набірае моц, шырыцца геаграфія яго ўдзельнікаў, на пляцоўках фестывалю выступілі за гэты час 12 тысяч самадзейных артыстаў з больш чым 20 краін свету.

На жаночай дзялянцы
На жаночай дзялянцы

Фестываль доўжыўся тры дні. Тут і агляд-конкурс сельскіх падворкаў, і літаратурнае свята, прымеркаванае да 115-годдзя з дня нараджэння земляка Уладзіміра Дубоўкі, і маладзёжная акцыя “Мой горад, мая краіна”, і канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, а таксама традыцыйныя “Пастаўскі баль”,  тэатралізаванае прадстаўленне “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб”, шэсце ўдзельнікаў і гасцей фестывалю да гарадскога парку, дзе адбыўся заключны канцэрт.

Знамянальнай падзеяй фестывалю стала адкрыццё памятнага знака гарадам-пабрацімам. Іх у Паставах было 12. На фестывалі падпісаны трынаццаты дагавор з латвійскім горадам Віесітэ.

Старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Гутараў падкрэсліў, што гэта мерапрыемства спрыяе развіццю інфраструктуры горада, сферы абслугоўвання, добраўпарадкаванню, а сама Пастаўшчына поўніцца талентамі. Сёння маладыя цымбалісткі раёна Лізавета Глазава, Валерыя Патрушава, баяністка Кацярына Ясінская абараняюць гонар раёна на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.

Праўда, трохі з гумарам было зазначана, што Паставы, “дзякуючы” фестывалю, перасягнулі мяжу для малых гарадоў у 20 тысяч насельніцтва і цяпер маюць 20067 жыхароў і тым самым пазбавіліся многіх прывілеяў.

Вёска Жылінскія

У той час, як у Паставах гучалі цымбалы і гармонік, у аграсядзібе вёскі Жылінскія звінелі косы. Тут у рамках фестывалю праходзіў рэгіянальны адборачны тур кандыдатаў на міжнародны конкурс касцоў, ужо чацвёрты па ліку. І калі на першы сабраліся адзінкі, то сёння прыехалі 26 чалавек не толькі са свайго раёна, але і з суседніх — Браслаўскага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага, Полацкага і нават Маладзечанскага.

Маім гідам была гаспадыня аграсядзібы Галіна Лузгіна, бо яе муж Пётр таксама завіхаўся з касой. Найперш мы падаліся да жанчын. Сёлета ў адрозненне ад мінулых гадоў яны спаборнічалі асобна ад мужчын. І гэта правільна, заўважыла  Галіна, бо дзе ж ім угнацца  за мужыкамі. Але калі падышлі да “жаночай” дзялянкі, трохі ў гэтым засумняваліся: дужа ж шпарка рухаліся дзяўчаты, роўненька клаліся за імі пракосы. І гэта, нягледзячы на тое, што касьба пачалася ў 6 раніцы, а цяпер было каля 10 гадзін. Пашчасціла пагаварыць з некаторымі ўдзельніцамі конкурсу:

— Я працую поварам у Паставах, — паведаміла Таццяна Лесік. — Касу навучыў трымаць у руках дзядуля. Цяпер прыязджаю да бацькоў у Навасёлкі, дапамагаю абкошваць тэрыторыю навокал дома. У спаборніцтвах удзельнічаю першы раз. Даведалася аб гэтым з інтэрнэта.

А палачанка Наташа Саўчук атрымала асабістае запрашэнне, бо найлепшым чынам паказала сябе тут летась:

— З касой “пасябравала” з дзяцінства. Бачыла, як бацькам цяжка рыхтаваць сена, таму і дапамагала. Гэты конкурс мне падабаецца, змяніла атмасферу, абстаноўку, зарадзілася энергіяй на цэлы год.

Нежартоўнае спаборніцтва разгарэлася сярод мужчын. І самае гарачае – паміж выконваючым абавязкі старшыні Курапольскага сельвыканкама Мікалаем Яльчыкам і менеджарам адной з фірм Валерыем Каліцкім. Справа ў тым, што летась абодва выступалі камандай на еўрапейскіх спаборніцтвах касцоў у Бярозе, дзе сенсацыйна занялі другое месца. Больш таго, Мікалай Яльчык у асабістым заліку стаў бронзавым прызёрам. Сёлета Валерый Каліцкі паставіў задачу даказаць, што і ён не лыкам шыты.

І даказаў — скасіў 31 сотку. Перамога і разам з ёй галоўны прыз у 4 мільёны рублёў дасталіся яму. Яго сапернік-сябар Мікалай Яльчык на другім месцы. Яны запрошаны на чэмпіянат касцоў у Польшчу, які адбудзецца ў верасні. Сярод жанчын чэмпіёнкай стала  Таццяна Лесік, на рахунку якой 15 сотак. А ўсяго трава была скошана больш чым на 4 гектарах.

Водгукі пра пастаўскі фестываль самыя найлепшыя. Вось адзін з іх, гарманіста з украінскага горада Жашкава Івана Сухога:

— Я фанатычна люблю гармонік. У сябе на радзіме адчыніў музей, у якім сабрана іх ажно 200. А сюды заўжды еду з вялікай асалодай, тут, калі расцягну мяхі свайго гармоніка разам з такімі ж фанатыкамі гэтай справы, адпачываю душой і сэрцам. Самыя вам, сябры, цёплыя словы падзякі за гэта свята.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота Уладзіміра САУЛІЧА, «СГ»

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter