Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Шанхаі з’явіўся Цэнтр эталоннай прававой інфармацыі Беларусі

Карысны рэсурс

Ва Усходне-кітайскім педагагічным універсітэце ў Шанхаі адкрыўся Цэнтр эталоннай прававой інфармацыі Беларусі. Пад час адкрыцця ўстановы Генеральны консул Беларусі ў Шанхаі Валеры Мацэль выказаў надзею: цэнтр будзе запатрабаваны ўсімі, хто цікавіцца Беларуссю, яе ўнутранай і знешняй палітыкай, нацыянальным заканадаўствам, беларуска-кітайскімі стасункамі. А сёння як ніколі дынамічна развіваюцца адносіны паміж дзвюма краінамі ў розных кірунках. Паводле слоў дыпламата, адкрыццё цэнтра — канкрэтны ўклад у рэалізацыю праграм “Эканамічны пояс Шаўковага шляху” і “Марскі Шаўковы шлях ХХI стагоддзя”.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Беларусі Яўген Каваленка ўпэўнены: цэнтр стане адной з пляцовак, дзе можна азнаёміцца з інфармацыйна-прававымі рэсурсамі Беларусі ды атрымаць навыкі працы з імі. Акрамя таго, кітайскія навучэнцы змогуць там выпрацоўваць і ўласныя падыходы да выкарыстання дасягненняў беларускіх спецыялістаў у сферы права ды інфарматызацыі. Прычым усё гэта будзе на карысць юрыдычнаму супрацоўніцтву паміж краінамі. Рэктар Усходне-кітайскага педагагічнага ўніверсітэта Чэнь Цюнь лічыць: новы цэнтр стане важнай платформай, якая дасць магчымасць кітайскім студэнтам даведацца пра досвед Беларусі ў сферы заканадаўства і рэфармавання судовай сістэмы.

Дарэчы

Беларускі цэнтр эталоннай прававой інфармацыі ў Шанхаі створаны Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Беларусі сумесна з Усходне-кітайскім педагагічным універсітэтам.

Голас Радзімы № 13 (3517), чацвер, 30 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter