Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Самару і Тальяці наведаў кіраўнік Аддзялення ў Уфе Пасольства Беларусі ў Расіі Пётр Балтруковіч

Карысная сустрэча

Усім вядома: і дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі па свеце, і беларускія суполкі працуюць на карысць роднай культуры, нашай Бацькаўшчыны. А значыць — нам заўсёды варта супрацоўнічаць, быць заадно, задумваючы ды ўвасабляючы ў жыццё розныя культурна-асветніцкія праекты. Пра тое мы гаварылі з беларускім дыпламатам Пятром Балтруковічам, калі ён на пачатку мая з рабочым візітам наведваў Самару і Тальяці. 

Пётр Балтруковіч ( у цэнтры) на сустрэчы ў Тальяці 

У нашым Аўтагорадзе Пётр Іванавіч спачатку сустракаўся з кіраўніком Адміністрацыі горада Сяргеем Анташовым, потым — і з актывістамі беларускай суполкі “Нёман”, дырэктаркай Тальяцінскай бібліятэчнай карпарацыі Валянцінай Юсупавай, загадчыцай бібліятэкі “Истоки” Вольгай Горшаневай. Такі “расклад сустрэч” не выпадковы: з бібліятэкай мы ў супрацы даўно. У тальяцінскіх беларусаў там ёсць нават свой куток, у фондах беражліва захоўваюцца газеты і часопісы, якія атрымліваем з Беларусі.

Сустрэча праходзіла ў бібліятэцы. Можна сказаць: размова была душэўнаю, але і канструктыўнаю.

Дыпламат павіншаваў нас з тым, што “Купалінка”, вядомы беларускі творчы гурт з Тальяці, абараніў высокае званне “народны”. А потым яшчэ і з бляскам выступіў на абласным Фестывалі дружбы славянскіх культур у Самары — ён праходзіў у акруговым Доме афіцэраў. Мы расказалі, як адразу, на аўтавакзале адчулі цеплыню і ўвагу з боку Ксяндзова Алега Аляксандравіча, старшыні Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі па захаванні ды развіцці самабытнасці беларускага народа “Белая Русь”. Нашых артыстаў павезлі ў сталовую ДТСААФ, накармілі смачным абедам. Потым — у Дом афіцэраў. Там нас сустракаў Іван Іванавіч Капліенка, старшыня Украінскага зямляцтва “Промiнь”. Далі нам асобную грымёрку. Карацей — усё здорава было. Добрыя вядучыя, шмат удзельнікаў з Самарскай вобласці, з Саратаўскай. “Купалінку” прымалі вельмі цёпла. Нам прыемна, што змаглі парадаваць сваёй творчасцю жыхароў Самары.

Вось так і варта беларусам падтрымліваць адзін аднаго, пагадзіўся з намі Пётр Іванавіч. Не сварыцца, а ўмець знаходзіць паразуменне. Тады ўсюды нас больш будуць паважаць. Мы абмеркавалі з дыпламатам надзённыя справы суполкі “Нёман”, падзяліліся бліжэйшымі планамі — у тым ліку й на лета. Дамовіліся, як далей супрацоўнічаць — на агульную карысць.

Людміла Дзёміна, кіраўніца беларускай суполкі “Нёман”, г. Тальяці

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter