Карты на стол!

Нацыянальная бібліятэка атрымала партыю рарытэтаў

Нацыянальная бібліятэка атрымала партыю рарытэтаў

Рукапісныя кнігі старавераў, беларускія і нямецкія газеты перыяду Другой сусветнай вайны, заходнееўрапейскія карты, дакументы часоў Рэчы Паспалітай — столькі рэдкасцей не кожны дзень з’яўляецца ў фондах галоўнай бібліятэкі краіны. Між тым усе набыткі паступілі бясплатна.

— Гэтыя кнігі немагчыма набыць у звычайным кніжным магазіне. Амаль кожная з іх напісана ад рукі і таму існуе ў адзінкавым экземпляры. А каб знайсці яе ў прыватным зборы або ў антыкварнай лаўцы, патрэбен пошук на працягу не аднаго дня, — адзначыў каштоўнасць прыдбаных рарытэтаў Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі. Скарбы перадала ў сховішча “алмаза” кампанія “Брытыш-Амерыкан Табака”. Самая старая кніга з атрыманых у дар, дарэчы, друкаваная: праца рымскага гісторыка Ціта Лівія, выдадзеная ў 1654 годзе ў Амстэрдаме вядомым выдавецкім домам Эльзевізараў. На думку дырэктара бібліятэкі, самым значным набыткам сталі тры карты з выявамі тэрыторыі Беларусі, надрукаваныя ў Францыі, Аўстрыі і Польшчы. — У гады Вялікай Айчыннай вайны калекцыя карт Дзяржаўнай бібліятэкі Беларусі была амаль цалкам страчана, таму па сённяшні дзень кожны рарытэт, які трапляе ў фонды, — на вагу золата, — падкрэсліла Галіна Кірэева, загадчыца навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства. Бадай, найбольш незвычайнымі паступленнямі сталі дзве газеты, выдадзеныя ў Вільні ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Паводле слоў Рамана Матульскага, нямецкамоўная “Wilnaer Zeitung” і беларускамоўная “Bielaruski holas” (што цікава, лацінскім шрыфтам) дадуць магчымасць айчынным даследчыкам глыбей вывучыць перыяд нямецкай акупацыі: “Гісторыя — суб’ектыўная навука. А карты і газеты — вельмі карысныя крыніцы для высвятлення невядомых бакоў мінулага Айчыны”. Цяпер супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі пераводзяць старадрукі на лічбавыя носьбіты. Намеснік міністра культуры Віктар Кураш лічыць гэта вельмі важнай работай, якая зробіць рукапісныя выданні даступнымі для кожнага жадаючага: “На жаль, адчуваецца нястача дарагога сучаснага абсталявання для ацыфроўкі”. Тым часам старыя кнігі практычна не выдаюцца ў карыстанне чытачам. У электронным жа выглядзе рарытэтамі маглі б карыстацца і навукоўцы, і цікаўныя грамадзяне. А непатрывожаныя арыгіналы атрымалі б гарантыю захаванасці на яшчэ больш доўгі час.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter