Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Першая персанальная выстава мастачкі Марыі Мініч прайшла ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы

Карціны з горада дзяцінства

Большасці людзей добра зразумелы пейзажны жывапіс, бо, напэўна, няма таго чалавека, які б не захапляўся прыроднымі краявідамі. Дзяржынск — родны горад мастачкі Марыі Мініч. Сімвалічна, што менавіта на малой радзіме прайшла яе першая персанальная выстава. Скончыла Марыя Мініч Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, затым — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, аддзяленне “Тэорыя і практыка сучаснага мастацтва”, ёй прысвоена кваліфікацыя “бакалаўр”. 

Марыя Мініч (другая справа) на адкрыцці выставы
Фота: лявон целеш

На выставе было прадстаўлена каля трыццаці твораў таленавітай мастачкі, большасць з якіх прысвечана маляўнічым краявідам малой радзімы. Гэта — карціны “Альтанка Станькава”, “У летнім лесе”, “На заходзе дня”. 

Шэраг сваіх твораў, такіх як карціны “Сосны Палесся”, “Палескі пейзаж”, “Рака Случ. Палессе” мастачка прысвяціла, як відаць з назваў, Палессю, радзіме бацькі, вядомага беларускага мастака Васіля Мініча, якога, на вялікі жаль, няма ўжо на гэтым свеце. Нарадзіўся ж творца ў маляўнічым месцы: вёсцы Сукачы Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны. З дзяцінства і да канца жыцця любімай тэмай творчасці Васіля Мініча была прырода родных мясцін. Маці ж Марыі, Галіна Мініч (Русанава), таксама мастачка, аўтар  некалькіх абразоў для Дзяржынскай і Фаніпальскай цэркваў, удзельніца шэрагу мастацкіх выстаў. 

Некалькі разоў Марыя Мініч была ў Англіі. Пад уражаннем гэтых вандровак  напісаны палотны “У англійскім лесе”, “У партовым гарадку”, якія таксама экспанаваліся на выставе.

Летнія пейзажы Марыі падаліся мне такімі натуральнымі, што ажно захацелася басанож прабегчы па зялёнай траве ці зажмурыцца ад яркіх сонечных промняў. На філасофскі лад настройваюць творы з восеньскімі пейзажамі. Калі ўзіраешся ў сасновы бор мастачкі, то нібы сапраўды ўдыхаеш пах смалы. 

Сярод гасцей выставы былі сябры Беларускага саюза мастакоў спявачка Вольга Гоманава і Мікалай Паграноўскі. Прысутнічалі й маці мастачкі Галіна Мініч і дзядуля Іван Аляксеевіч. З вітальным словам да прысутных ды аўтаркі экспазіцыі звярнулася дырэктар Дзяржынскай раённай бібліятэкі Валянціна Клімовіч. 

Марыя Мініч шчыра дзякавала ўсім гасцям выставы. Казала, што на стварэнне твораў яе натхняе малая радзіма і прыклад бацькоў — мастакоў: па сцежцы, пракладзенай імі, яна й крочыць.

Лявон ЦЕЛЕШ.

Голас Радзімы № 24 (3576), чацвер, 28 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter