Карціны як факты з біяграфіі краіны

Ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава “Сучасная Беларусь вачамі мастакоў”
З асаблівасцямі развіцця айчыннага мастацтва ў кантэксце традыцый і сучаснасці, творчай пераемнасці ды эксперыментальных пошукаў знаёміць выстава “Сучасная Беларусь вачамі мастакоў”, якая адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі



Сёння відавочна, што атрыманне суверэнітэту Рэспублікай Беларусь у 1991 годзе азнаменавала і цалкам новы этап мастацкай культуры. За гады незалежнасці ў грамадстве адбыліся істотныя змены, пачаўся працэс абнаўлення, рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу. А галоўнай асаблівасцю развіцця выяўленчага мастацтва, якая абумовіла яго небывалы наватарскі пошук і самабытнасць, стала магчымасць свабоднай творчай самарэалізацыі мастакоў без ранейшай ідэалогіі і цэнзуры. 

Працэсы трансфармацыі культурнай рэальнасці намецілі змену некалі адзінай мастацкай канцэпцыі разнастайнасцю новых напрамкаў, жанраў і форм. У выяўленчым мастацтве гэтага часавага адрэзка адбіліся маральныя задачы сучаснасці, праламаліся і трансфармаваліся найбольш ёмістыя ідэі і тэндэнцыі. Сярод іх першарадным было пытанне нацыянальнай культурнай самаідэнтыфікацыі, асэнсаванай неабходнасці зразумець сябе ў межах сваёй культуры, знайсці апору ў роднаснай глебе.

У гэтай сітуацыі ў творчасці многіх беларускіх мастакоў прасочваецца абвостраная цікавасць да нацыянальных традыцый, акцэнт на тэме каранёў і вытокаў. Яны чэрпаюць натхненне ў традыцыях этнакультуры, народных звычаях і паэтычнай спадчыне. Адзначаецца павышаная цікавасць да фальклорнага матэрыялу, да інтэрпрэтацыі народных святаў, легенд, паданняў і прыпавесцяў. У творчасці Мікалая Селешчука, Зоі Літвінавай, Мікалая Бушчыка, Васіля Касцючэнкі, Уладзіміра Кожуха, Віктара Альшэўскага элементы этнакультуры, розныя сімвалы і знакі арганічна ўпісваюцца ў кантэкст сучаснага мастацтва, суіснуючы з авангардысцкімі пластычнымі прыёмамі і прынцыпамі, што надае ім абсалютна новае гучанне. І пра гэта нагадвае цяперашняя экспазіцыя “Сучасная Беларусь вачамі мастакоў”, прадстаўленая ў галоўным музеі краіны. 

У сувязі з нацыянальнай ідэяй у творчасці многіх беларускіх мастакоў узяла верх гістарычная тэма. Аднаўленне сапраўдных гістарычных каардынат, рэканструкцыя вобразаў далёкага мінулага, незаслужана забытага і выцесненага з гісторыі мастацкай спадчыны, не абышло сваёй увагай прадстаўнікоў розных пакаленняў мастакоў. Цікавасць да гістарычных асоб і знакавых падзей мінулага краіны дэманструюць у сваіх работах Міхаіл Савіцкі, Леў Гумілеўскі, Іван Міско, Святлана Гарбунова, Аляксандр Чыгрын. Гістарычныя рэканструкцыі слаўных перамог і падзей нацыянальнай гісторыі, легенды пра веліч герояў узнаўляюць у аўтарскіх творах Міхаіл Басалыга, Уладзімір Савіч, Уладзімір Басалыга. Вядомыя гістарычныя архітэктурныя помнікі і вобразы ў своеасаблівай постмадэрнісцкай гульні ажываюць на палотнах Уладзіміра Тоўсціка, Георгія Сітніцы.


Выстава не пакідала наведвальнікаў, асабліва моладзь, абыякавымі

Пошукі новых духоўных асноў развіцця грамадства абумовілі актуалізацыю рэлігійнай тэмы. Духоўная праблематыка раскрываецца як у творчасці майстроў старэйшага пакалення, народных мастакоў Беларусі Міхаіла Савіцкага, Гаўрыіла Вашчанкі, так і ў творчасці мастакоў “новай хвалі” Наталлі Залознай, Ігара Цішына.

Дыяпазон творчых пошукаў беларускіх мастакоў быў звязаны не толькі з тэндэнцыямі “гістарызму” і “нацыянальнага адраджэння”, але таксама і з імкненнем пазнання творчых практык гістарычнага авангарда. Сярод усёй разнастайнасці жанраў паказальным стаў агульны інтарэс да беспрадметных, абстрактна-знакавых форм адлюстравання, які ўвасобіўся ў творчасці Анатоля Кузняцова, Сяргея Кірушчанкі, Галіны Гаравой.

Безумоўна, перыяд незалежнасці ўнёс новы змест ва ўсе віды мастацтва. Нараўне з жывапісам актыўна развіваюцца скульптура, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У тэматыцы многіх выстаўленых твораў знайшлі месца гістарычныя фігуры, архаіка, вобразы жывой прыроды, навакольнага свету, арнаментальныя матывы, характэрныя ў цэлым для мастацкай культуры перыяду неза­лежнасці.

Гэта агульнае меркаванне ў асяроддзі беларускіх мастакоў — Віталь Цвірка быў і застаецца непераўзы­дзеным майстрам пейзажа. Так, твор­часць майстра — гэта сапраўдная з’ява ў мастацкай культуры Беларусі, якая падзяліла існаванне жанру пейзажа ў айчынным выяўленчым мастацтве на тое, што было “да” Цвіркі, і тое, па якім шляху ён развіваецца цяпер. Bіталь Цвірка па праву лічыцца наватарам, першаадкрывальнікам у стварэнні асаблівага тыпу лірычнага пейзажа, невядомага да гэтага ў беларускім мастацтве. Менавіта ў жанры пейзажа Віталь Цвірка найбольш поўна раскрыў лепшыя бакі свайго таленту, характар беларускай прыроды, філасофскія разважанні. Ён умеў улавіць у кожным матыве тое галоўнае, што складае яго сутнасць, пры гэтым свае жывыя, яркія ўражанні віртуозна абагульняў сучаснымі выяўленчымі прыёмамі. Мастак стварыў палотны эпічнага гучання, абагульненыя вобразы — сімвалы роднай зямлі, шматлікія пейзажы-сказанні, якія сталі класікай беларускага жывапісу. У творах Віталя Цвіркі практычна заўсёды адсутнічаюць знешнія прыкметы часу. Пры гэтым сам вобразны лад яго карцін, арыгінальнасць кампазіцыйных рашэнняў, магутны каларыт, экспрэ­сіўны мазок адпавядаюць духу эпохі, у якой жыў і тварыў маэстра.



Сваёй творчасцю гэты выдатны мастак шмат у чым заклаў традыцыі, па якіх сёння працягвае развівацца беларускі пейзажны жывапіс. Быўшы яркім, адораным, энергічным чалавекам, Віталь Цвірка бліскуча праявіў сябе і як педагог, які выхаваў цэлую плеяду вучняў, многія з якіх у далейшым унес­­лі свой непаўторны ўклад у развіццё айчыннага мастацтва. Магчыма, што без Цвіркі не склалася б школа беларускага жывапісу ў тым выглядзе, у якім існуе яна цяпер. А сярод шматлікіх студэнтаў Віталь Канстанцінавіч асабліва вылучаў Леаніда Шчамялёва, Дзмітрыя Алейніка, Барыса Аракчэева, Мікалая Казакевіча, Георгія Паплаўскага, Івана Рэя — тых, хто пасля таксама ярка заявіў пра сябе.

— Ён быў неабыякавы да ўсяго, — успамінае Леанід Шчамялёў. — Дзесьці ў канцы пяцідзясятых гадоў у Маскве ўпершыню выстаўляліся карціны са збораў Дрэздэнскай галерэі. Людзі начамі стаялі ў чарзе, каб паглядзець шэдэўры сусветнага жывапісу. А Віталь Цвірка здолеў дамовіцца (не ведаю, як гэта яму ўдалося), што мы, цэлая група студэнтаў з Мінска, зма­г­­­лі паехаць у Маскву і цэлы тыдзень наведвалі выставу бясплатна. Незабыўна дагэтуль, і, вядома,  засталася вялікая павага да гэтага дзіўнага чалавека.

Вытокі творчасці Віталя Цвіркі вядуць у далёкую пару юнацтва, якое прайшло на Гомельшчыне. Чароўнасць сельскіх фарбаў, паэтычныя і спеўныя матывы прыроды пакінулі адбітак у сэрцы юнака. Паслярэвалюцыйная вёска, дзе бурліла жыццё, дзе моладзь імкнулася ажыццявіць свае мары, адкрыла шлях і для Віталя Цвіркі ў прывабны і нязведаны свет мастацтва. Любоў да малявання прывяла будучага мастака ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. У 1932 годзе Віталь скончыў тэхнікум, а ўжо ў 1935 годзе ўдзельнічаў у мастацкай выставе ў Маскве, поспех у якой прывёў да паступлення ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. Сёння творы Віталя Цвіркі знахо­дзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве ды іншых музеях Расійскай Федэрацыі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, краязнаўчых музеях Беларусі, а таксама прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін. Збор карцін Віталя Цвіркі ў Нацыянальным мастацкім музеі — 156 твораў — з’яў­ляецца адным з самых вялікіх.

Уласна, і творчасць Леаніда Шчамялёва дае магчымасць убачыць непаўторную прыгажосць роднай прыроды, разнастайнасць навакольнага свету, высакароднасць і годнасць самога чалавека. Мастацтва Леаніда Шчамялёва зачароўвае натуральнасцю, прастатой і непатрабавальнасцю сюжэтаў, чароўнасцю і прыгажосцю, якой літаральна струменяць яго карціны і якія ўспрымаюцца як натуральныя якасці жывапісу. Сёння Леанід Шчамялёў — шырока вядомы майстар сучаснага беларускага мастацтва. Ён удастоены звання народнага мастака і звання лаўрэата Дзяр­жаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны прэстыжным медалём Францыска Скарыны. На рахунку мастака дзясяткі персанальных выстаў у сябе на Радзіме і за мяжой, удзел у Сусветных і міжнародных мастацкіх форумах. Яго творы набылі многія мастацкія музеі і карцінныя галерэі свету, прыватныя калекцыянеры з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Канады, Італіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Аўстраліі, Ірана, Ізраіля.

Леанід Шчамялёў — мастак, які аддаў увесь свой прафесійны досвед развіццю беларускай выяўленчай культуры, майстар, чый уплыў на творчасць многіх сучасных беларускіх жывапісцаў шматгранны і плённы. Уласна, і наша гутарка ў майстэрні мастака ўжо пасля наведвання выставы ў музеі была менавіта на гэтую тэму.



З аўтабіяграфіі народнага мастака Беларусі Л. Шчамялёва: 

— Мне пашанцавала. Я нарадзіўся ў Віцебску, горадзе мастакоў. Дзя­цінства прайшло ў асяроддзі аматараў жывапісу. Праўда, гэта былі самадзейныя мастакі, і ўсё ж фарбы, палотны, пахі свежанапісаных карцін я спазнаў рана. Побач была Дзвіна — рака, якая дагэтуль для мяне свяшчэнная. Уражанні дзяцінства — захапленні зімовых прагулак на лыжах, летнія радасці на беразе Дзвіны, паездкі ў вёску да бабулі і, вядома, кіно. Абарвала ўсё гэта вайна. У 1941-м я пайшоў, як і іншыя, ваяваць. У 1943-м годзе пры вызваленні Беларусі пад Мазыром быў цяжка паранены. Пасля шпіталя зноў ваяваў. Словам, прайшоў цяжкі шлях страшнай вайны стагоддзя. Лёс захаваў мяне, я стаў вучыцца ў Мінску ў мастацкім вучылішчы. Пазней працаваў як педагог і, нарэшце, паступіў у мастацкі інстытут у Мінску. Мне зноў пашанцавала — я стаў вучнем Віталя Канстанцінавіча Цвіркі. Выдатны мастак і педагог, ён адкрыў для мяне магчымасць бачыць свет, як я яго разумею. Цяжка перажыў першыя творчыя няўдачы, але неўзабаве стаў выстаўляцца на многіх выставах у Мінску, Маскве, за мяжой. Жыццё мастака для мяне — лепшае, што створана богам. Захапленне навакольным светам, адлюстраванне дзіўных парадоксаў, радасць творчасці робяць мяне шчаслівым.

— Ваш настаўнік Віталь Цвірка лічыў за лепшае пазбягаць усякага роду публічных выступленняў — яго жывапіс быў больш красамоўны за словы. Да якой катэгорыі мастакоў адносіце сябе Вы?

— Я адношу сябе да ліку людзей, якія любяць сваю прафесію і, калі трэба, могуць сказаць звычайнай чалавечай мовай пра тое, што думаюць. Вядома, я не даследчык ні ўласнай творчасці, ні тым больш творчасці іншых мастакоў, але калі размова заходзіць пра майго настаўніка Віталя Цвірку, я магу гаварыць шмат і ­ўдзячна, захапляючыся ім як мастаком і чалавекам. Калі шмат і доўга вучышся, то над табой “працуюць” многія выкладчыкі, але Настаўнікам усё-такі застаецца адзін — той, хто навучыў галоўнаму, дапамог пераадолець доўгі і цяжкі шлях да прафесіі мастака, да ўсве­дамлення ўласнай ролі ў мастацтве і меры адказнасці за тое, што робіш. Віталь Цвірка быў для мяне менавіта такім настаўнікам. Быўшы вялікім мастаком, ён умеў даваць не толькі ўрокі прафесійнага майстэрства, але і прыклады чалавечнасці, любові да роднай прыроды, якую ён востра адчуваў і любіў да самазабыцця.

— Ці не таму і ў Вашай творчасці пераважаюць карціны прыроды, матывы самых разнастайных станаў і настрояў у ёй?

— “Чыстых” пейзажаў сярод маіх твораў параўнальна няшмат. У асноўным у іх закладзены прынцып карціннай пабудовы палатна, дзе прысутнічае не толькі пейзаж, але і нейкае дзеянне, рух людзей і жывёл — яны не толькі дапаўняюць і ажыўляюць пейзаж, але лагічна звязаныя з ім, а гэта ўжо карціна. А ў самой карціне я шукаю не сюжэт — гэта заўсёды сачыненне на зададзеную тэму, а факт з жыцця. Імкнуся асэнсаваць яго і паказаць гледачу. Я пішу само жыццё, нічога не прыдумляючы.

— Якія Вашы адносіны да тых часоў, калі ў выяўленчым мастацтве панаваў сацрэалізм?

— Я хачу сказаць, што таленавітыя майстры заўсёды знаходзілі спосабы рэалізаваць свае творчыя здольнасці, ствараючы часам сапраўдныя шэдэўры жывапісу. Адной з самых вялікіх заган сацрэалізму было навязванне ўмоў для ўсякага роду паддобрыванняў да сістэмы, якая яго стварыла, як спосабу набыцця разнастайных прывілеяў, званняў, пасад і да т. п. Вядома, тут вялікае значэнне мелі асоба мастака, яго жыццёвая пазіцыя. Адны гэтай хваробай заражаліся, другія — не, але небяспека спакусы была. Што датычыцца майго дачынення да гэтай тэрміналогіі і ці шмат у мяне карцін на “гістарычна-рэвалюцыйную тэму”, то адназначна адказаць цяжка, а па-іншаму — доўга. Тэма рэвалюцый і войнаў — гэта ж не абавязкова адлюстраванне людзей, якія страляюць. Часам дастаткова паказаць твар аднаго чалавека, каб меркаваць пра лёс цэлага пакалення.



— Мяркуючы па Вашай біяграфіі, Вы шмат ездзілі па нашай тады шырокай краіне, бывалі і ў Еўропе, і ў Азіі. Што давалі Вам гэтыя паездкі як мастаку, што Вы шукалі, што хацелі зразумець?

— Ездзіў я сапраўды шмат і, перш за ўсё, па краіне: тады яшчэ Савецкім Саюзе. Усе пятнаццаць саюзных рэспублік былі “асвоеныя” па ўсіх напрамках, заставаўся толькі Далёкі Усход. Шмат бываў і за мяжой. Вынікам кожнай паездкі заўсёды быў шырокі мастацкі матэрыял. Але самым галоўным і каштоўным сэнсам усіх гэтых паездак была магчымасць параўнаць, супаставіць убачанае з тым, што я бачыў і ведаў у Беларусі: менавіта ёй я хацеў прысвяціць АСНОЎНУЮ частку сваіх твораў. І ведаеце, што я зразумеў? Тое, што ведаў заўсёды: любое прафесійнае мастацтва ўзрастае, жывіцца і расцвітае толькі на глебе роднага — народнай творчасці, сваёй культуры, сваіх традыцый. Мастак можа дасягнуць дзіўных вяршыняў, быць вядомым у сваёй краіне і нават падняцца да ўзроўню сусветнага прызнання, стаць, так сказаць, “наднацыянальным” мастаком, толькі пры адной умове: калі ён у сваёй творчасці здольны адбіраць, перапрацоўваць, прафесійна адшліфоўваць тое, што з’яўляецца ўнікальным і непаўторным у мастацтве. І, у рэшце рэшт, гатовы прадставіць гэта свету як агульначалавечую каштоўнасць.

— Вы сказалі, што падчас паездак атрымалі магчымасць параўноўваць і супастаўляць убачанае з радзімай. Што, на Ваш погляд, адрознівае Беларусь ад іншых краін? Якой яна можа паўстаць чалавеку, які ўпершыню прыехаў сюды?

— Першае, што павінна ўразіць — гэта прырода. Беларусь пакрыта цэлай сістэмай чыстых крынічных азёр, сеткай вялікіх і малых рэк, якія перасякаюць яе тэрыторыю ўздоўж і ўпоперак. Усё гэта забяспечвае мясцовай прыродзе такую свежасць і сакавітасць фарбаў, якая не можа не кінуцца ў вочы. Наша прырода практычна не вяне, яна толькі мяняе фарбы ў залежнасці ад пор года, застаючыся яркай і свежай. Сакавітая зеляніна вясновага і летняга цвіцення можа змяніцца дзіўнымі тонамі і паўтонамі восені. Але яны толькі дапаўняюць і ўскладняюць агульнае колеравае гучанне прыроды, робяць яе ўрачыста-мажорнай. А як яна мяняецца ўзімку — гэтая чысціня і белізна снегу, гэтыя карункі пакрытых інеем дрэў робяць прыроду Беларусі чароўнай і непаўторнай. Яна не бывае стомленай, знясіленай сонцам ці здранцвелай ад моцных маразоў — яна заўсёды жывая і свежая. Напэўна, менавіта гэтым можна растлумачыць тое, чаму сярод беларускіх мастакоў заўсёды было шмат цудоўных пейзажыстаў. 

— Сярод Вашых твораў партрэтнага характару шмат партрэтаў блізкіх Вам людзей.

— Як і ўсякі мастак, я выбіраю тое, што люблю, і тое, што мне імпануе. Я люблю блізкіх мне людзей і пішу іх з задавальненнем. Але не з меншым задавальненнем я пішу і партрэты тых, хто блізкі мне па духу, па перакананнях. І, на мой погляд, яны цудоўныя такія, якія ёсць. 

— На мастацкіх выставах розных гадоў даводзілася бачыць Вашы нацюрморты, яны ёсць і тут, у майстэрні — такія ж яркія, эмацыйныя, прыгожыя, як большасць Вашых твораў. Вас не бянтэжыць правакацыйнае слова “прыгожы”? Бо зусім нядаўна гэтае слова ставілася крытыкамі ў адзін шэраг са словамі “прыгожасць”, “карцін­­­нас­­­ць­”, “салоннасць”?

— Мне падаецца, што быць прыгожым — адна з якасцяў і функцый мастацтва. Нездарма пісьменнік-класік недвухсэнсоўна заявіў, што менавіта “прыгажосць выратуе свет”. Чаму ж да гэтага трэба ставіцца адмоўна? Любы твор мастацтва павінен быць у першую чаргу прыгожым, бо яго стварае мастак. А жывапіс тым больш — яму дадзены фарбы. Прырода цудоўная і прыгожая таму, што яна шматкаляровая. Выкіньце з яе фарбы — і вы ўбачыце пустыню. І як сказаў адзін добры мастак: вучыцеся ў прыроды, і вы створыце сапраўднае мастацтва. Поўным глыбокай пашаны дачыненнем да прыгажосці працята і народная творчасць, а гэта крытэрый, які ніколі не можа быць ілжывым, памылковым.

— Як Вам удаецца ў наш час не разгубіцца?

— Мастакам заўсёды было цяжка. Асабіста я заўсёды нешта пераадольваў, чагосьці пазбаўляўся, ад чагосьці пакутаваў. Я чалавек жорсткага ваеннага і цяжкага пасляваеннага часу, які загартаваў мяне, як гаворыцца, на ўсё астатняе жыццё. І ведаеце, сёння мне зусім не цяжка, таму што калісьці было яшчэ цяжэй. Маё мастацтва яшчэ камусьці трэба. І я хачу, каб яно радавала іншых, каб яно прысутнічала на выставах і ў кнігах. Людзі, пакуль яны жывыя, у самых цяжкіх умовах будуць цягнуцца да прыгожага, да духоўнага, да дасканалага. І я веру ім — героям маіх твораў. 

Несумненна, выяўленчае мастацтва Беларусі ўяўляе з сябе сістэму, якая дынамічна развіваецца, у якой традыцыйныя віды і інавацыйныя формы, дапаўняючы адзін аднаго, ярка выяўляюць рысы культурнай ідэнтычнасці. Магчыма, таму не існуе галоўнай стылістычнай тэндэнцыі. Класічны рэалізм і абстракцыя, імпрэсіянізм і экспрэсіянізм суседнічаюць на выставе, раскрываючы поліфанічны, разнастайны характар сучаснага нацыянальнага мастацтва.

А выстава “Сучасная Беларусь вачамі мастакоў” дае ўнікальную магчымасць наведвальнікам пазнаёміцца з творамі аўтараў розных пакаленняў, розных творчых памкненняў і напрамкаў, арыентаваных на класічнае мастацтва і эксперыменты, якія звярталіся да ўвасаблення агульначалавечых каштоўнасцяў і да пошуку нацыянальнай ідэі. У экспазіцыі прадстаўлены створаныя за перыяд незалежнасці новыя творы такіх класікаў беларускага жывапісу, як Л. ­Шчамялёў, Г. Вашчанка, 

В. Грамыка, П. Масленікаў, А. Кішчанка, М. Данцыг, У. Стальмашонак, А. Бараноўскі, карціны мастакоў сярэдняга пакалення, а таксама работы стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Выстаўленыя творы арыгінальныя ў творчым выкананні, яны — індывідуальныя. Але ўсіх аб’ядноўвае адно — узвышаная тэма незалежнасці краіны, яе багаты гістарычны набытак і настойлівая накіраванасць у будучыню.

Веніямін Міхееў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter