Минск
+23 oC
USD: 2.05
EUR: 2.27

В любую погоду и с минимальной погрешностью: на аэродроме в Липках презентавали новые возможности использования дронов в геодезии

Карта без белых плям

Беспілотныя лятальныя апараты ўсё больш заваёўваюць сімпатыі прадстаўнікоў самых розных прафесій — ад кінарэжысёраў і журналістаў да ляснічых і выратавальнікаў. Яны не надта дорага каштуюць, могуць выконваць самы шырокі спектр задач, не патрабуюць спецыяльнай пляцоўкі для ўзлёту, не баяцца ўмоў надвор’я. Асаблівай папулярнасцю дроны карыстаюцца ў геадэзістаў. Карэспандэнт «Р» далучылася на аэрадроме Ліпкі да прадстаўнікоў даччыных прадпрыемстваў Дзяр­жаўнага камітэта па маёмасці — Нацыянальнага кадастравага агенцтва і «БелПСХАГІ», упарадкава­целяў, якія знаёміліся з новым праграмным забеспячэннем, што дазволіць значна паскорыць і аблегчыць іх працу.

З дзелавітым гудзеннем, пагойдваючыся пад парывамі ветру, дрон выпраўляецца на заданне.

Яшчэ нядаўна складанне карт з’яўлялася няпростай і затратнай справай. Каб зрабіць аэрафотаздымку патрэбнага ўчастка, у паветра даводзілася паднімаць верталёт або лёгкі самалёт з груваздкім абсталяваннем. Вылет прыходзіўся далёка не на кожны дзень — умовы надвор’я для якаснай здымкі патрабаваліся ідэальныя: ні ветру, ні воблачка. Проста зняць патрэбны ўчастак было недастаткова: нават якасная карцінка не дасць дакладнай інфармацыі аб рэльефе зямной паверхні. Таму даводзілася папрацаваць і на зямлі: там патрэбна было не менш за 30 геадэзічных кропак на квадратным кіламетры, дакладна прывязаных да мясцовасці з дапамогай спецыяльнага абсталявання.

Невялікі беспілотнік DJI Phantom RTK можа падключацца да сеткі ПДП, якая дзейнічае на тэрыторыі нашай краіны, такім жа чынам, як GNSS-прыёмнікі, што вядуць геадэзічныя здымкі, а таксама атрымліваць папраўкі са сваёй мабільнай базавай станцыі. Гэта магчымасць надзяляе беспілотнік дакладнасцю геадэзічнага абсталявання, што дазваляе атрымаць абсалютныя каардынаты цэнтраў фатаграфавання з дакладнасцю да 5 сантыметраў. Па гэтых здымках будзе складзены артафотаплан, прычым каардынаваць яго на мясцовасці няма патрэбы.

Артафотаплан выкананы хутка і дастаткова якасна, але без удзелу чалавека ўсё ж не абысціся.

Надвор’е выклікае апаску — парывы ветру дасягаюць 20 метраў за секунду. Але Глеб Бандарык, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі беспілотнай авіяцыі, задае праграму з часам, адлегласцю, хуткасцю, вышынёй і іншымі патрэбнымі параметрамі для дрона і выпускае невялікі апарат. З дзелавітым гудзеннем, пагойдваючыся пад парывамі ветру, дрон выпраўляецца на заданне, а мы застаёмся назіраць за яго працай у памяшканні.

— Дрон для нас сёння — гэта інструмент для картаграфавання, стварэння 3D-мадэлі паверхні і тапаграфічных планаў, — запэўнівае Яўген Осіпаў, спецыяліст па тэхнічнай інвентарызацыі ДУП «Нацыянальнае кадастравае агенцтва». — Ён лётае на меншых вышынях, чым малая авіяцыя, а значыць, здымак атрымліваецца больш дакладны, ні дождж, ні вецер, ні туман для его не перашкода.

Сектар, у якім працуе Яўген, займаецца тэхнічнай інвентарызацыяй аб’ектаў нерухомай маёмасці, у прыватнасці збудаванняў, якія праходзяць па тэрыторыі больш чым адной вобласці. Гэта газаправоды, нафтапрадуктаправоды, лініі электраперадачы.


— Мы займаемся рэгістрацыяй, паспартызацыяй гэтых аб’ектаў, правяраем законнасць іх будаўніцтва, адпаведнасць прадастаўленым дакументам. Значыць, іх неабходна даследаваць, абмераць, — тлумачыць Яўген. — Ды і ўвогуле такія аб’екты патрабуюць пастаяннага маніторынгу, каб своечасова выяўляць разрывы, пашкоджанні, нелегальныя ўрэзкі. Штодзённа на агляды выходзяць абходчыкі, але іх магчымасці абмежаваныя — ну колькі кіламетраў за дзень можа прайсці чалавек? Выкарыстанне дронаў у разы паскорыла і значна аблегчыла гэту работу.  

На маніторы з’яўляюцца вынікі работы квадракоптара. Можна ўбачыць і нават «паварочаць» воблака кропак, якое атрымалася пасля фотаграмметрычнай апрацоўкі, або пераключыцца на тапаграфічны план, які, звяраючыся з папраўкамі, намалявала праграма.

—  Аб’ект дастаткова складаны: тут ёсць дарога, канава, — кратае мышкай Яўген. — Для вызначэння дакладнай вышыні прызначана сістэма RTK, якая перадае папраўкі па GSM-модулі. Кіраваць дронам можна з пульта. Калі асцерагаецеся страты сувязі, патрэбныя каардынаты, рэжым прапісваюцца проста ў базу дрона.

Геадэзістаў цікавяць канкрэтныя тэхнічныя пытанні. Напрыклад, што адбудзецца пры разрыве сувязі паміж пультам і дронам? Зразумела, што апарат нікуда не дзенецца, выканае пастаўленую задачу і вернецца, але ці захаваюцца пры гэтым папраўкі па вышыні, неабходныя для стварэння дакладнага плана?  

Нарэшце, можна праана­лізаваць атрыманы артафотаплан мясцо­васці. Спецыялісты сцвярджаюць, што выкананы ён хутка і дастаткова якасна, але без удзелу чалавека ўсё ж не абысціся. Напрыклад, дрон добрасумленна зафіксаваў нейкае незразумелае ўзвышэнне рэльефу, якога тут быць не павінна. Вяртаемся да відэаздымкі — і разумеем, што гэта гурба снегу, якую навярнуў трактар пры ачыстцы тэрыторыі.  

Для даследавання пляцовачных аб’ектаў накшталт аэрадрома, поля ці жылога квартала лепш выкарыстоўваць мультыротарныя беспілотнікі — яны доўга не лятаюць, але могуць пры патрэбе завісаць на адным месцы. Пры аглядзе ж ліній электраперадачы ці газаправода больш мэтазгодна прымяняць «крыло», якое хутка рухаецца і можа праляцець дзясяткі кіламетраў.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Денис МАЛЫШИЦ
Загрузка...