Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Каровы

Каровы

Уявiць без нашых кармiцелек беларускую вёску нi раней, нi зараз немагчыма 

Невядома куды плыло танюсенькае па­ву­цiн­не. Быццам сонечныя промнi ма­тэ­рыя­лi­за­ва­лiся i, не паслухаўшыся сонца на захадзе, за­ста­лiся на зямлi, зачараваныя наваколлем, хараством не­паў­тор­ных краявiдаў, на якiя так багатая наша беларуская зямля.


Вёска прачыналася рана, здавалася, вельмi павольна i амаль нячутна, але настойлiва, набiраючы моц. Першыя водблескi святла быццам валодалi неверагодна магутнай сiлай, каб абуджаць, прымушаць рухацца i гучаць вялiзныя абшары зямлi. Можа, хто i не надта хацеў прачынацца так рана, але гэтыя чароўныя ранiшнiя промнi пранiкалi ў самыя патаемныя куточкi вёсачкi i мякка падштурхоўвалi ўсiх да новага дня.

Усiх, але толькi не Мiхаську.

— Каб ты, сынку, ведаў, якая пакута мне так рана цябе падымаць. I хочацца, каб ты яшчэ трошкi паспаў, i будзiць трэба, — сказала мацi, прысеўшы на ложак сына. — Мы ж учора з табой дамовiлiся, што ты падменiш мяне на выгане. А мне на лён трэба, неадкладна. Сынку, ну…


Малы не варушыўся. Працягваў мерна дыхаць, як быццам спаў i нiчога не чуў.

— Слухай, добра, — з больш сур’ёзнай ноткай у голасе прамовiла мацi. — Ляжы, колькi ўлезе. Я сама пайду, не палянуюся, але ўвечары да мяне i блiзка не падыходзь… Кажуць, сёння ў клубе кiно… «Няўлоўныя мсцiўцы» нейкiя…

Хлопчык варухнуўся, але i далей не расплюшчваў вочы. Чуў, як мацi выйшла з пакоя i ўжо ў кухнi пыталася ў бацькi, з кiм Мiхаська сёння пагонiць кароў.

— Ды са старым Сямёнам, — адказаў той. — Усе малодшыя з ягонай хаты таксама на лён. Бо надвор’е не чакае. Добры дзень выпаў, не спякотны.


З дзедам Сямёнам! Словы маланкай адгукнулiся ў галаве малога, i Мiхаська вокамгненна выскачыў у кухню.

— О, дзякуй, сынку! Паслухмяны ты мой. Рукi мый i за стол. А я табе нешта ў клуначак сабяру. I салодкае будзе — прыхавала трошкi раней.

Павольна абуджаўся дзень, павольна цягнуўся статак да ўскрайку вёскi. За статкам, прымаючы з двароў каровак, вiтаючыся з гаспадынькамi, iшоў цыбаты дзед Сямён, за iм трусiў сонны Мiхаська. Стараючыся не адстаць, лянiва разважаў:

«Усе хочуць яшчэ паспаць… Вунь якiя сонныя каровы. Цяляты дык наогул на хаду спяць, а як жа хочацца спаць мне… Толькi дзед Сямён… Але старыя нiколi спаць не хочуць. Вось вырасту, стану старым, усiм пакажу, што я таксама ўмею не спаць. А цяпер… Цяпер хутчэй да таго старога стога ды ў салому».


Кароўкi павольна скублi па дарозе траву ды шыбавалi ў знаёмым напрамку — да лугавiн, што ляжалi паабапал Воўчага балота з невялiчкiмi стаўкамi празрыстай сцю­дзёнай вады.

…Поўдзень. Прыселi на сухiм.

— Ну што, Мiхаська! Падсiлкуемся? Ты мо зранку што i кiнуў у рот, мацi нябось прымусiла. А я дык нешта сёння толькi квасу сербануў — ды i за пугу. Во! — паглядаючы на хусцiнку хлопчыка, усмiхнуўся дзед. — Мне б такiя прысмакi, я б тады хоць кожны дзень падпаскам хадзiў.

Мiхаська тут жа з таго, што сабрала мацi, пераклаў да харчоў дзеда некалькi кавалачкаў кумпяка i цукерку.

— Не, даражэнькi, дзякуй. Мне i адной цукеркi дастаткова. Здаецца, вунь якi ўжо стары — а салодкае толькi давай. Дзякуй.


А далей… Далей пачыналася тое, што вабiла хлопчыка больш, чым усё астатняе, асаблiва калi менавiта з дзедам Сямёнам даводзiлася iсцi на выпас. Бо толькi дзед Сямён ведаў такую неверагодную колькасць розных гiсторый, легенд ды паданняў.

— Вунь, вунь, тую трэба павярнуць, бач, вушы ўжо ў шкоду навастрыла. Ты ж маладзенькi, табе гэта ў iмгненне вока.

Мiхаська тут жа падхапiўся, хуценька павярнуў рагульку да статка i вярнуўся даслухваць гiсторыю. За дзень яны не раз разыходзiлiся ў розныя канцы чарады, а калi сыходзiлiся — зноў хлопчык цягнуў старога за рукаў i прасiў расказаць нешта яшчэ.


Пад вечар прыпынiлiся ля стаўкоў. Даелi, што засталося, запiўшы малаком.

— Вось, смакуй, дзеля чаго мы цэлы дзень на нагах — дзеля малака. А з яго, сам ведаеш, столькi ўсяго — не пералiчыць… Во, дарэчы, быў яшчэ адзiн выпадак. Для дамавiкоў гэтае самае малако лепей за ўсё, лепей i не трэба… Ну дык вось…

I зноў слухаў Мiхаська, не адводзячы вачэй ад дзедавага твару, ад рухаў яго рук, раз‑пораз пляскаў у далонi, ускокваў на ногi i зноў садзiўся.

— Ну што, хлопча, у наступны раз зноў да мяне ў падпаскi? Калi так, я тады таксама толькi з табой i пагаджуся iсцi. А да бацькоў зайду, — сказаў стары на развiтанне, пакiдаючы Мiхаську ля яго варот, — падзякую, што добрага сына выхавалi — памочнiка, не ляноту. Зайду…

v‑cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter