Карона Валадаркі Азёраў

Тысячы пілігрымаў кіруюцца да касцёла Раства Маці Божай

Тысячы пілігрымаў кіруюцца да касцёла Раства Маці Божай

Заўтра на абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе (Віцебская дыяцэзія) будуць ускладзены папскія кароны. У чым сэнс каранавання і чаму менавіта на Браслаўскую Валадарку Азёраў будуць ускладзены кароны? Як патлумачылі ў браслаўскім касцёле Нараджэння Маці Божай, Браслаўская Валадарка цалкам вартая такога гонару, бо з’яўляецца цудадзейнай і шануемай святыняй усяго сінявокага краю. Каранаванне папскімі каронамі — гэта афіцыйнае пацвярджэнне і прызнанне паўсюдным Касцёлам таго факта, што Браслаў з’яўляецца цэнтральным месцам шанавання Дзевы Марыі, марыйнага культу на Віцебшчыне. А для браслаўчан і мясцовых святароў ці не галоўным цудам, якое ўчыніла Браслаўская Мадонна ў папярэднім стагоддзі, было тое, што ў савецкі час браслаўскі касцёл амаль не зачыняўся. Цяпер абраз Маці Божай Браслаўскай зберагаецца ў алтары касцёла і адкрываецца толькі падчас набажэнстваў. Каля яго можна ўбачыць сардэчкі і крыжыкі, якія прыносяць вернікі да Марыі з Сынам у знак пашаны і падзякі за дапамогу. Падчас малітоўнага чування сёння запланаваны часы латышскай культуры, літоўскай, украінскай і польскай. У суботу святочныя набажэнствы пачнуцца ўначы, адбудзецца Святы Ружанец на розных мовах, працэсія са свечкамі (таямніцы святла), на 11 гадзін апоўдні запланавана ўрачыстая святая імша з каранацыяй абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, узначаліць якую кардынал Ёахім Майснер, арцыбіскуп Кёльнскі. Каранаваць абраз будуць на часовым алтары ў форме карабля, пабудаваным спецыяльна для таго, каб вялікая колькасць вернікаў убачыла гэтую падзею.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter