Карона для“Валадаркі азёраў”

У жніўні ў Браславе адбудзецца значная для католікаў Беларусі падзея — каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай “Валадаркі азёраў”Урачыстасці з нагоды каранацыі цудадзейнага абраза Папскімі каронамі пройдуць 21—22 жніўня, калі па традыцыі ў Браславе адзначаецца свята Маці Божай Браслаўскай. У гэтыя ж жнівеньскія дні Віцебская каталіцкая епархія адначыць 10-годдзе свайго стварэння.

— У сакавіку Папа Рымскі Бенядыкт XVI благаславіў кароны для браслаўскага абраза, — паведаміў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. А падрыхтоўка да ўрачыстасці пачалася яшчэ год таму, калі нунцый Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч благаславіў копіі абраза Маці Божай Браслаўскай, якія вернікі перадаюць з сям’і ў сям’ю, каб пэўны час даверыць ёй сваю малітву. Апякуюць Санктуарыум Маці Божай Валадаркі азёраў ксяндзы-сальватарыяне.
Плануецца, што ўрачыстую літургію 22 жніўня ў Браславе будзе весці біскуп Кёльнскі кардынал Іахім Мейснер. Напярэдадні пройдзе Дзень культур. У Браслаў з’едуцца пілігрымы з усёй Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі. У набажэнстве прымуць удзел  клерыкі Віцебскай дыяцэзіі, якія вучацца ў Пінску, Беластоку, Гнезна, Тарнаве (Польшча) і П’ячэнцы (Італія). Спецыяльна да ўрачыстасці аб’яднаны хор Віцебшчыны рыхтуе месу Моцарта і іншыя літургічныя спевы.
— Каранаванне Папскімі каронамі будзе афіцыйным пацвярджэннем і прызнаннем светам таго факта, што Браслаў з’яўляецца цэнтральным месцам шанавання Дзевы Марыі, марыінага культу на Віцебшчыне, — гаворыць памочнік пробашча касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Браславе Тадэвуш Дабравольскі. Такім чынам, карона з’яўляецца сімвалам вялікай пашаны.
Як Мадонна выратавала з граху
Цікавая гісторыя, звязаная з паходжаннем абраза Браслаўскай мадонны. Легенда расказвае, што на востраве возера Неспiш стаяў  манастыр. 21 жніўня 1832 года ад маланкi ён загарэўся. Агонь знішчыў усе будынкi на востраве. Праз некалькi дзён на суседнім невялiкiм востраве нечакана з’явiўся абраз Маткі Боскай, якi быў галоўнай святыняй згарэўшага манастыра. Абраз вырашылi перанесцi ў браслаўскi касцёл. Спачатку з гэтага нiчога не атрымлівалася — змяшчалі абраз у алтары, а ранiцай, калі адчынялi касцёл, яго там не было. I кожны раз абраз знаходзiлi на востраве. Што толькi не рабiлi — наладжвалi ўрачыстыя ходы, абраз неслi на руках i дзяўчаты, i малыя дзеці. Потым нехта параiў, каб абраз даручылi занесцi зладзеям. Прывялi з турмы некалькiх злачынцаў, якiя ў грахах пакаялiся i зрабiлiся шчырымi веруючымi. Тыя аднеслi абраз у Браслаў, i з той пары ён увесь час знаходзiцца ў касцёле. А яшчэ людзi заўважылі, што ў час вялiкiх святаў, калi адначасовa звоняць званы ў Браславе i Слабодцы, пад вадой глуха адгукаюцца манастырскія званы, трэба толькi добра прыслухацца.
Каранацыя “Валадаркі азёраў” стане сёмым выпадкам ускладання Папскіх карон на цудатворныя абразы ў рыма-каталіцкіх храмах Беларусі і першым — на Віцебшчыне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter