У гэтыя выхадныя на сцэне сцэне Вялікага тэатра першая сёлетняя прэм'ера — опера «Макбэт»

Кароль Макбэт упершыню на сцэне

У гэтыя выхадныя на сцэне сцэне Вялікага тэатра першая сёлетняя прэм'ера — опера «Макбэт»
Вялікі тэатр напярэдадні першай сёлетняй прэм`еры. У гэтыя выхадныя на яго сцэне адзін з самых цікавых і складаных твораў Джузэпэ Вердзі — опера «Макбэт» паводле аднайменнай трагедыі Уільяма Шэкспіра. Дарэчы, спектакль прымеркаваны да памятнай даты — 400-годдзя з дня смерці англійскага драматурга-генія, якое шырока адзначаецца сёлета па ўсім свеце.


Сюжэт оперы класічны. Месца дзеяння: Шатландыя, XI стагоддзе. Персанажы: палкаводцы Макбэт і Банко, кароль Дункан і яго сыны, вяльможа Макдуф, зламысная лэдзі Макбэт... Прадказанне вядзьмарак і каварная змова. Вайна і барацьба за ўладу. Крывавае злачынства і адплата. 

Музычная партытура практычна без купюр, заснавана на дзвюх арыгінальных рэдакцыях оперы, створаных Вердзі, — італьянскай і французскай.

«Макбэт» — адзін з ключавых твораў і ў Шэкспіра, і ў Вердзі, і ў сусветнай культуры, лічыць рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Міхаіл Панджавідзэ. Шэкспіраўская трагедыя натхніла да жыцця самую незвычайную оперу Вердзі — з духоўным жыццём і складанай псіхалагічнай драмай персанажаў на першым плане. Менавіта гэтая драма — ператварэнне неймаверна славалюбівых герояў у людзей-звяроў, гатовых дзеля ўлады ісці на забойствы, — стала галоўнай у спектаклі. Міхаіл Панджавідзэ гаворыць, што пры стварэнні на сцэне такой оперы, як «Макбэт», яму хацелася адысці ад усяго таго, што можа «абцяжарваць» спектакль, а асноўную ўвагу засяродзіць на тым, што заўсёды было найбольш важным для кампазітара: асэнсаваная драматычная ігра, поўная сэнсаў і адкрыццяў гісторыя, гіпнатычнай прыгажосці музыка.


Дырыжор-пастаноўшчык Віктар Пласкіна ўпэўнены, што ў оперным мастацтве нічога лепшага за музыку Вердзі няма. Італія — радзіма оперы. Вердзі — яе бацька. Таму чым больш у рэпертуары тэатра твораў геніяльнага кампазітара, тым лепш. Сёння ў афішы Вялікага — «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Рыгалета», «Травіята», «Набука»... Але заўсёды варта дапаўняць яе чымсьці яшчэ, шукаць новыя цікавыя «стравы» для публікі, лічыць галоўны дырыжор тэатра. «Макбэт», паводле яго слоў, выдатны выбар, тым больш што ў трупе ёсць тры цудоўныя барытоны для майстэрскага выканання партыі галоўнага героя — Станіслаў Трыфанаў, Уладзімір Пятроў і Уладзімір Громаў.

— Зварот да гэтай оперы новы і для тэатра, і для гледача, таму і  асабліва цікавы. Гэта будзе вельмі добрая, важная і знакавая пастаноўка ў рэпертуары, якая ўпрыгожыць наша тэатральнае «меню», глядач будзе прыемна здзіўлены, — гаворыць Віктар Пласкіна.

Спектакль насычаны, разнастайны, доўжыцца амаль тры гадзіны. У ім шмат балетных сцэн, «Макбэт», як ні адна з опер Вердзі, насычаны жаночымі харамі, гучанне якіх часам даходзіць да максімальнай кропкі — «тры фортэ». Словам, дзейства абяцаюць магутнае, яркае, выразнае. У стварэнні пастаноўкі ўдзельнічалі галоўныя творчыя спецыялісты тэатра і вядучыя артысты оперы, балета, хору і аркестра.

Дарэчы

Паставіць «Макбэт» у тэатры хацелі даўно. Збіраліся з гэтым спектаклем адкрываць абноўлены будынак Опернага. Але задумка не здзейснілася, была створана толькі канцэртная версія твора, прэм`ерныя паказы адбыліся ў 2008-м у Віцебску і ў 2010-м — у Мінску. Цяпер опера ўпершыню набыла сцэнічнае ўвасабленне.

У тэму

На думку сучасных замежных даследчыкаў творчасці Шэкспіра, сюжэт яго трагедыі «Макбэт» не адпавядае гістарычным фактам. Рэальны шведскі кароль Макбэт быў зусім не крыважэрным тыранам, а выдатным, мудрым правіцелем  квітнеючай краіны, і да ўлады ён зусім не рваўся. У сваёй п`есе Шэкспір выкарыстаў легенду пра караля-забойцу. Яе першапачаткова прыдумалі шатландскія паэты-барды, якія знаходзіліся пад патранатам сапернікаў клана Макбэта.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter