Званы Сафіі” збяруць у Полацку музыкантаў з шасці краін

Кароль інструментаў запрашае

Званы Сафіі” збяруць у Полацку музыкантаў з шасці краін. Больш за месяц — з 23 кастрычніка да 27 лістапада — палачане і госці горада змогуць натхняцца класічнай і сучаснай музыкай у выкананні сусветна вядомых майстроў караля інструментаў — аргана.



Нягледзячы на тое, што міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі” праводзіцца ўжо ў дваццаць першы раз, ён не расчароўвае слухачоў ні якасцю гучання, ні насычанасцю праграмы, ні імёнамі артыстаў. Тым болей што нават самыя таленавітыя музыканты свету лічаць за гонар выступіць у найстаражытнейшым храме Беларусі, які прызнаны адной з лепшых канцэртных залаў Еўропы з унікальнай акустыкай. Ды і арган Сафійскага сабора, на якім выконваецца фестывальная праграма, можа пахваліцца сваёй гісторыяй — ён быў выраблены па індывідуальным праекце чэшскай фірмай Riеger Kloss і ўсталяваны ў храме больш за 30 гадоў таму.

У афішы сёлетняга арганнага форуму сем унікальных канцэртаў. Пачне фестываль літоўскі дуэт Даля Ятаўтайтэ (арган) і Аста Крыкшчунайтэ (сапрана). Праз тыдзень, 30 кастрычніка, выступіць японская арганістка Хірока Іноўэ, дарэчы, салістка Калінінградскай абласной філармоніі. Яна выканае не толькі класічныя кампазіцыі, але і ўключыць у праграму японскую музыку.

Канцэрт урачыстага адкрыцця фестывалю адбудзецца 4 лістапада — у ім прыме ўдзел беларуская музычная капэла “Санорус”. Віртуозны арганіст з Германіі Маціяс Якаб, які ўжо не аднойчы радаваў фестывальную публіку сваімі выступленнямі, дасць канцэрт 13 лістапада. Вядомая полацкая арганістка Ксенія Пагарэлая сыграе адразу ў дзвюх праграмах — 17 лістапада яна выступіць з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі, а 20-га — з беларускім флейтыстам Яўгенам Віданавым і расійскай спявачкай Аленай Артамонавай.

Завершыць фестываль у Полацку таленавіты польскі арганіст Гедымін Груба. На яго канцэрце прагучаць творы Баха, Рэгера, Мендэльсона-Бартольдзі і іншых вялікіх кампазітараў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter