Кароўка ў пасаг i дзевяць дзетачак-кветачак

У Беларусі ордэнам Маці ўзнагароджаны 8 тысяч 94 жанчыны
І навошта дзесьці шукаць шчасце, калі яно побач, пераканана мнагадзетная маці Валянціна Мішкова

У БЕЛАРУСІ ордэнам Маці ўзнагароджаны 8 тысяч 94 жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пяць і  болей дзяцей. Найбольшая колькасць іх на Брэстчыне, дзе 2411 жанчын удастоены такой высокай узнагароды. Летась у вобласці нарадзілася больш за 18600 дзяцей, што на 366 перавысіла мінулагодні ўзровень. Пражывае тут каля 17000 шматдзетных сем’яў, і каэфіцыент нараджальнасці на тысячу чалавек самы высокі ў рэспубліцы. Брэстаўчанкі прымаюць актыўны ўдзел у сацыяльна-эканамічнай дзейнасці і складаюць 51,4 працэнта ад агульнай колькасці ўсіх занятых у эканоміцы.



Ордэнам Маці ўзнагароджана і Валянціна МІШКОВА з аграгарадка Вялікі Маляшаў Столінскага раёна, у якой дзевяць дзяцей.

КАРЖАКАВАТЫЯ палескія вербы каля падворка шматдзетнай сям’і Мішковых, нягледзячы на першыя асеннія замаразкі, яшчэ гойдаюць пад пранізлівым ветрам густа-зялёныя галінкі-косы. Ажыўлена ад сучаснай тэхнікі на асфальтаваных вуліцах палескай вёскі, дзе яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ў глыбокіх вулічных калдобінах рыліся свінні. Гусенічнымі трактарамі штовечар па раскіслай грэблі цягнулі з ферм поўныя бідоны малака на сепаратар у суседнюю вёску Семігосцічы. Пра механізацыю ў жывёлагадоўлі тут толькі марылі. Стомлены ад цяжкай фізічнай працы даглядчык калгасных кароў Іван Карняйчук увечары ледзьве пераступаў парог хаты, але не скардзіўся. Перагружаны арганізм цягавітага палешука не вытрымаў такога напружання. 

Старэйшай дачцэ Валянціне ледзьве споўнілася пятнаццаць гадоў, як не стала бацькі. Многія яе аднакласнікі пасля атрымання атэстата сталасці пайшлі вучыцца далей. Класны кіраўнік, вядомая на ўсю рэспубліку настаўніца Герой Сацыялістычнай Працы Надзея Іванаўна Кавалец, выкладала рускую мову і літаратуру ў Вялікамалешаўская сярэдняй школе.

На яе ўроках як зачараваныя вучні слухалі пра першы баль Наташы Растовай, вандравалі з літаратурнымі героямі, перажывалі разам з імі, выхоўваліся на іх прыкладзе. Надзея Іванаўна ніколі не павышала голас, умела запаліць у выхаванцах агеньчык цікавасці да ведаў. Хвалявала настаўніцу і асабістае жыццё школьнікаў. У вёсцы ўсё на віду. Падтрымлівала добрым словам, каштоўнымі парадамі. І цяпер яна цікавіцца справамі сваіх былых вучняў.

Разам з ёю пасля выпускнога школьнага вечара сустракалі за вёскай світанак, дзе на развітанне пакляліся ў сяброўстве. Многія сталі студэнтамі. І Валянціне Карняйчук марылася вучыцца далей, але сямейныя абставіны прымусілі працаваць. Часта хварэла маці, і малодшым брату Івану і сястрычцы Надзейцы патрэбна была дапамога. Уладкавалася рабочай на Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод, дзе атрымала месца ў інтэрнаце. Кожныя выхадныя спяшалася ў вёску, каб дапамагчы па гаспадарцы. З любой сялянскай працай дзяўчына лоўка спраўлялася. На сенажаці ўвіхалася спрытней за некаторых мужыкоў. А вечарамі ўсю вясковую моладзь збіраў клуб. Там смуглянку прыкмеціў Сяргей Мішкоў, які пасля службы ў арміі вярнуўся ў суседнюю вёску Альгомель. На веласіпедах з сябрамі юнакі вечарамі прыязджалі да клуба ў Вялікі Маляшаў, дзе збіралася ўся моладзь з навакольных вёсак. Пазнаёміўся з Валянцінай, і сталі сябраваць. 

— Амаль паўгода вазіў яе на сваім ровары, — прызнаецца Сяргей Мішкоў. – З першай хвіліны знаёмства адчуў, што гэта мая палавінка. З бабуляй і дзедам падзяліўся пра свае пачуцці. Яны мяне з трох месяцаў выхоўвалі. 

— А бацькі? 

— Круглым сіратою рос. Нарадзіўся ў Карэліі, куды бацька завербаваўся на лесанарыхтоўкі. Там ён ажаніўся, і як мне споўнілася тры месяцы, маці з-за гарэлкі пазбавілі бацькоўскіх правоў. Больш пра яе нічога не чуў і ніколі больш не бачыў. На сваю маці не крыўдую, бо не ведаю ўсіх абставін, што прывялі яе да гэтага ўчынку. Наадварот, удзячны ёй, што нарадзіла мяне. Ведаю, што імя маці Рыма Сяргееўна. А ці жывая яна, звестак не маю. Калі б  аб’явілася, прызнаў бы яе. 



Бацька загарнуў тады мяне ў пялюшкі і прывёз на Палессе. Ён хутка загінуў, і выхоўваўся ў дзядулі з бабуляю. У школе мяне чамусьці лічылі недысцыплінаваным, нават называлі беспрытульнікам. А так хацелася цяпла, мацярынскай ласкі. Зайздросціў сябрам, якія расказвалі пра сваіх родных. Мой шчыры сябра і аднафамілец Сашка Мішкоў з вялікай сям’і, і мяне там не адхіналі. Акрамя бабулі, ніхто па галаве ніколі не пагладзіў. Таму і быў дзікаватым. Мроіў вырасці і мець сям’ю. 

Пасля васьмі класаў падаўся вучыцца на будаўніка ў Мінскае прафтэхвучылішча нумар 63. Працаваў на сталічных новабудоўлях. Адслужыў армію і вярнуўся ў вёску. Горад не зацікавіў мяне. Вабіла сялянскае жыццё. Люблю свойскую жывёлу, асабліва кароў. Ужо дваццаць гадоў працую пастухом-даглядчыкам на ферме і задаволены гэтым. 

Летнім ранкам, да ўзыходу сонца, самы малочны час для кароў. Лепш любой музыкі слухаць, як яны шурпатымі языкамі падмінаюць духмяную траву. Гэта трэба бачыць. Зараз жывёла ў цёплых памяшканнях, раней за даярак прыходжу ў кароўнік. Пачышчу кармушкі, раздам фураж, і ўжо дойка пачынаецца. Яна поўнасцю аўтаматызавана. Штодня дзесяць тон малака адпраўляем з фермы на перапрацоўку, і ў асноўным толькі «экстра»-класам. Таму і заробкі добрыя маем. Для дзетак і любімай жонкі стараюся. Мамачкай Валянціну называю, бо яна мне больш як жонка. 

— Не баяліся за такога беспрытульніка замуж ісці? — пытаюся ў Валянціны Іванаўны.

— Мая маці даведалася пра наша каханне і благаславіла на сумеснае жыццё. Наша палеская вёска дружная. Суседзі цудоўныя. З удзячнасцю ўзгадваю цётку Ганну, якая сваіх дзяцей не мела і ўсё цяпло сэрца аддавала нам. Дапамагала і вяселле ладзіць. Вэлюм я надзявала, і Сяргей быў у прыгожым касцюме. Вянчаліся ў Альгомельскай царкве, а ў Вялікамаляшаўскім сельсавеце рэгістравалі шлюб, і стала я Мішковай. Сабралі самых блізкіх сваякоў. Жаніх — круглая сірата, і я без бацькі замуж ішла. Маці кароўку ў пасаг падаравала, а парасятак купілі за падораныя на вяселлі грошы, кур і качак завялі. Адрамантавалі старэнькую хатку бабулі Алены, і там нам было ўтульна. 

Сяргей пайшоў працаваць у калгас жывёлаводам. Праз год нарадзіўся першынец, якога назвалі Аляксандрам, і ў тым жа Альгомельскім храме ахрысцілі.

— Пасля нараджэння сына адчуў сябе не сіратою, — падкрэслівае гаспадар. — Потым дочкі сталі нараджацца. З бабулінай старэнькай хаткі перабраліся ў новы цагляны дом. Без падтрымкі сваякоў з такой будоўляй не справіліся б.

— І калгас дапамагаў нам будавацца, — дадае Валянціна Іванаўна. — Дзіцячымі галасамі поўніўся новы падворак. На працягу дзевятнаццаці гадоў бесперапынна на заводзе пераафармляла дэкрэтны адпачынак. 

 Валянціна і Сяргей МІШКОВЫ. 1996 год.
І навошта дзесьці шукаць

Кожнаму папаўненню ў сям’і радаваліся. Аднаго з сыноў назвалі ў гонар бацькі Сяргеем. Як споўнілася самаму меншаму Алёшку тры гадкі, я з завода звольнілася і ўладкавалася сацыяльным работнікам. Пяцярых састарэлых бабулек абслугоўваю. Дзеці дапамагаюць. У магазін за прадуктамі ходзяць, вады ў хату бабулькам прынясуць, грубкі напаляць, падлогу пратруць. 

— А ў школе як вашы дзеткі вучацца?

— Старэйшы Аляксандр летась атрымаў атэстат сталасці і залаты медаль. Марыў стаць праграмістам, але балаў не хапіла, і пайшоў вучыцца на інжынера-энергетыка ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Ён у дзяцінстве ўсе кнігі нашай вясковай бібліятэкі перачытаў. З малых гадоў цікавіцца газетамі.

У вучобе здольны і да працы не абыякавы. Мінулыя летнія канікулы разам з малодшым сынам Колем у нашай цяпліцы агуркі вырошчвалі. Палівалі, апрацоўвалі кожнае каліва. Нам далі за вёскаю 15 сотак зямлі для будаўніцтва дома. Спадзяёмся атрымаць беспрацэнтную пазыку. Каб зямля не пуставала, на ўвесь участак паставілі цяпліцу. Суседзі дапамаглі жэрдкамі, грошы на плёнку і розныя аграхімічныя прэпараты пазычылі. За выручаныя ад продажу агуркоў грошы з даўгамі разлічыліся і дзяцей да школы апранулі.

— Пэўна, і дзяржава вашай сям’і дапамагае?

— Пастаянна адчуваем падтрымку. За дзіцячы садзік не плацім, і ў школе нашы дзеці бясплатна харчуюцца. Штомесячна атрымліваем грошы з бюджэту на дзяцей. Старэйшая з дзяўчынак Алёна ўжо ў выпускным класе. Запыты ў яе большыя, чым у малодшых. Дарэчы, яе вучыць унучка маёй настаўніцы Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Кавалец. Алёнка хоча стаць бухгалтарам-эканамістам і імкнецца да ведаў.

Надзейка вучыцца слабей, але яна цудоўная гаспадыня. У працы ёй роўных няма. Столькі кветак вакол дома ўсё лета даглядае, агарод лепш за яе ніхто не праполе. За няўдачы ў вучобе асабліва не хвалюемся. Будзе памочніцай. У вёсцы працоўныя рукі патрэбны.

І сын Коля займацца па гаспадарцы гатовы дзень і ноч. Усё лета не выходзіў з цяпліцы. А праца там нялёгкая. Хоча атрымаць прафесію механізатара і застацца ў вёсцы.

У кожнага з дзетак свая жыццёвая сцяжынка вымалёўваецца, і мы з мужам імкнёмся іх падтрымліваць. 

Настасся ў 6 класе і ўжо заявіла, што хоча быць урачом. Стараецца вучыцца на выдатна, але навука ёй не так лёгка даецца, як старэйшаму Аляксандру.

Адну з дачушак мы назвалі Дыянкай —  у гонар англійскай прынцэсы Дыяны. Гэтае імя модным стала ў нашай вёсцы. У сваім чацвёртым класе дачушка марыць стаць настаўніцай роднай мовы і літаратуры. Школа ў нас беларускамоўная, і выкладчыкі цудоўныя.

Пасля некалькіх дзяўчынак нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Ільюшам. Яму лепш даюцца чытанне і пісьмо. Кнігі проста “праглытвае”. І каля камп’ютара бавіць час. На ўсю нашу сям’ю аднаго камплекта малавата. Нават Сярожка-першакласнік цягнецца да аргтэхнікі. 

Самаму меншаму — Алёшку — зімою споўніцца пяць годзікаў. Дзіцячы садзік недалёка ад нас. Некалькі гадоў таму пабудавалі і адкрылі яшчэ адзін. Дзяцей нараджаецца многа. У некаторых сем’ях па дзесяць-пятнаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак. 

— Валянціна Іванаўна, дні нараджэння сваіх дзяцей дакладна помніце?

— Кожныя роды памятаю. Да пятага дзіцяці нараджала ў Давыд-Гарадоцкай бальніцы, а потым урачы адправілі ў Пінск, бо сталі хвалявацца, што ўзрост ужо немалады. Але самых меншых зноў нараджала  ў сваім раёне.  Урачам вельмі ўдзячна за іх прафесіяналізм і чуласць.

І мая сястра Надзея таксама шматдзетная маці. Выйшла замуж за аднавяскоўца, і жывуць у Амерыцы. У іх восем дзяцей. Маці адведвала іх.  Вярнулася з Амерыкі і прыпала на падворку да свайго калодзежа з  прычытаннем: “Мой калодзеж, я так рада, што да цябе вярнулася. Больш нікуды не паеду”. І мне наказвала, каб сваю вёску не пакідала. На адным месцы і камень абрастае. І гэта так. Мы і не спадзяваліся, што Бог нас так ашчаслівіць дзецьмі. 

— А сястру шмат гадоў не бачылі?

— Прыязджала ў вёску, калі маці хворая ляжала. Два тыдні гасцявала. Мы з ёю амаль штодня па скайпу размаўляем, але гэта не заменіць жывых адносін. Паехаць да яе не магу, таму што столькі дзетак-кветачак дома, і кожнаму пастаянна я патрэбна.

— У вашай вёсцы з тых, што выязджалі за акіян у пошуках лепшай долі, хто вярнуўся?

— Брат вядомага фермера Аляксандра Копца не вытрымаў амерыканскага ладу жыцця і цяпер тут заможна жыве. Нашы суседзі бабуля Ганна і дзед Рыгор Знаўцы ад’язджалі ў Амерыку, а хату сваю прадбачліва не прадалі, пакінулі на дачку Марту. Гадоў шэсць пажылі за акіянам і таксама  вярнуліся. Не любяць расказваць пра заакіянскую адысею. 

Наша вёска за апошнія дзесяцігоддзі значна пахарашэла. Зямля ў нас чарназёмная, ураджайная. Толькі не лянуйся і працуй. Як грыбы пасля цёплага дажджу паўстаюць мураваныя катэджы вяскоўцаў. Штогод новыя вуліцы забудоўваюцца. Моладзь застаецца на зямлі. Вырошчваем у цяпліцах гародніну і на гэтым трымаемся. І навошта дзесьці шукаць шчасце, калі яно побач.

— Валянціна Іванаўна, які мацярынскі запавет застаўся ў вашым сэрцы?

— Паважаць людзей, жыць прыстойна. Мая маці маленькай асірацела і нам імкнулася аддаць усё цяпло свайго сэрца. Радавалася нашым поспехам. Вялікім шчасцем для яе было нараджэнне ўнукаў, кожнага благаславіла на шчаслівы лёс. Няма больш трывалай падтрымкі для дзяцей, чым мацярынская.

— Як вас хапае на ўсіх дзетак?

— Бог дае сілы і настрой. Працы не баюся і не цураюся. І так дзетак выхоўваю. Варта любую справу толькі пачаць, а потым і ўсё атрымаецца. Гэта найвышэйшае шчасце мець вялікую сям’ю. Выхоўваем дзяцей у ласцы. А калі і прыкрыкнем, то не па-злому, каб не пакрыўдзіць.

— Імёны дзяцей не блытаеце?

— Бывае, што часам і пераблытаеш, калі забегаешся. А так кожнага нораў мы з мужам ведаем і па-рознаму адносімся. 

Урачы нам раілі дзяцей не заводзіць, бо маем розныя рэзусы. А нарадзіўся Аляксандр, і ўсё нармальна. І далей радавалі здаровенькія немаўляткі. Асабліва шчаслівай была пасля першых родаў. На гэтым тыдні Аляксандру ўжо споўнілася дзевятнаццаць гадоў. Прыедзе дамоў, адзначым яго дзень нараджэння.

— Якая фірменная страва будзе абавязкова на стале?

— Запечаная ў печы бульбачка з сальцам і мясам. Усе разам будзем гатаваць і святкаваць. За адным сталом нам цеснавата. Але не бяда, пакоі ў нас прасторныя і сталоў хопіць. Большага шчасця, як сабрацца ўсёй сям’ёю разам,  не ўяўляю.

Уладзiмiр СУБАТ

Столінскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва МІШКОВЫХ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter