Впервые публикуем свидетельства женщин из деревень Иканы и Пусто-Мстиж, выживших в операции «Котбус»

Карны батальён з Кіева

— Просіце, каб я больш успомніла, як карнікі забівалі нашіх вяскоўцаў? Раскажу, хоць для мяне гэтыя ўспаміны вельмі страшныя, — Надзея Аляксееўна выцірае краем хусціны вочы, але па яе твары ўсё роўна адна за другой бягуць слёзы. — Вадзічкі крыху пап'ю, лягчэй стане.

Падымаюся з лаўкі, зачэрпваю з вядра кубак вады, падношу жанчыне. Піць ёй цяжка, кубак у руках дрыжыць, сама ўся калоціцца. Ачуваю сябе ніякавата, бо разумею, што закрануў неймаверна балючае, што на працягу многіх год так і не пакідае Надзею Камінскую з вёскі Іканы Барысаўскага раёна.

— Вы прабачце, што плачу, — цяжка ўздыхае Надзея Аляксееўна. — Але як толькі ўспомню тыя жахлівыя дні, быццам бачу, як бяжыць па дымнай вуліцы і крычыць ад страху мая дачушка Каця, як просіцца сыночак Алёшка, каб яго хутчэй схавалі ў склепе ад немцаў. Ну як стрымаць слёзы. Я і не хаваю іх, гэта ж страшнае гора і маё, і вяскоўцаў. Слухайце, што мы перажылі...

(Працяг. Пачатак у № 25)

Крывавая хваля «Котбуса»

Тут я перапыню Надзею Аляксееўну, каб растлумачыць чытачам «СГ», пра што мой аповед. Калі даследаваў тэму фашысцкіх злачынстваў у Беларусі, начальнік аднаго з аддзелаў КДБ рэспублікі Іван Нікіфараў параіў пабываць у вёсках Іканы і Пуста-Мсціж Барысаўскага раёна. «Там у час карнай аперацыі «Котбус» вясной і летам 1943 года гітлераўцы тварылі такое, што не ўкладваецца ў галаве, — гаварыў ён. — У крымінальных справах ёсць страшныя ўспаміны выжыўшых сведкаў, але далёка не ўсіх».

Судовы працэс над карнікам Рыгорам ВАСЮРАЙ.

Карная аперацыя «Котбус» — самая буйная і крывавая з праведзеных гітлераўцамі ў нашай рэспубліцы. Яе непасрэдна рыхтаваў і ажыццяўляў галоўны і бязлітасны эсэсавец у Беларусі — групенфюрэр СС і генерал-лейтэнант паліцыі фон Готберг. У сваім загадзе № 43 гэты кат беларускага народа назваў крывавую акцыю імем свайго роднага горада Котбус.

Аперацыя ахапіла некалькі раёнаў Мінскай вобласці. Дзейнічалі надзвычай вялікія сілы рэгулярнай нямецкай арміі. Нават няпоўны пералік вайсковых часцей, што былі прыцягнутыя ў «Котбус», яскрава сведчыць, у якой смяртэльнай небяспецы апынуліся тады многія тысячы нашых мірных, безабаронных людзей, у асноўным жанчын, дзяцей, нямоглых старых. Гэта баявыя групы падпалкоўніка Клупша, фашысцкага галаварэза Дырлевангера, «Норд», генерал-маёра Дормагена, палкоўніка Кінцэля. Самалёты 4-й авія­эскадрыллі 51-й бамбардзіровачнай эскадры, 7-я авіяэскадрылля асобага пры­значэння і іншыя.

Крывавай хваляй прайшлася гэтая аперацыя па многіх мясцінах Барысаўскага раёна. У тым ліку і па вёсцы Іканы, якая прылягае да Палікскіх балот. Вось афіцыйныя даныя па Іканах. Колькасць двароў перад вайной — 65. У час аперацыі «Котбус» знішчаны ўсе. Насельніцтва да вайны — 656 чалавек. «Котбус» адняў жыцці ў 550. І тут, і ў суседняй вёсцы Пуста-Мсціж, і ў многіх іншых фашысты дзейнічалі з выключнай стараннасцю, дзікай жорсткасцю.
Асабліва многа пры «Котбусе» гітлераўцы знішчылі дзяцей. Іх забівалі самымі дзікімі метадамі: расстрэльвалі і паролі штыкамі ў хатах, на вуліцах, на агародах, куды няшчасныя выбягалі, каб выратавацца. Вырывалі немаўля з рук маці, і на яе вачах шпулялі на зямлю, і забівалі.

Тых, хто не згарэў, вывезлі ў Германію

Праз горкія слёзы расказвала мне Надзея Камінская, як гітлераўцы забілі ўсіх яе чатырох дзяцей. Паслухаем яе.

— Некалькі жанчын з дзецьмі сядзелі ў суседкі на прызбе. Карнікі падышлі і адразу ўсіх пастралялі. Бачу: і да нас ідуць двое. Адзін стрэліў прама ў акно і параніў нашага васьмігадовага Алёшку. Ну, думаю, паб'юць зараз усіх, трэба хавацца. Адкрыла склеп, куды на зіму ссыпалі бульбу, — і туды хутчэй дзяцей. А ў сенцах ужо грукочуць карнікі. Тут ранены Алёшка кінуўся да мяне: «Мамачка, і мяне схавай!» Я ўзяла яго на рукі, а карнікі ўжо ў хаце. Адзін з іх падышоў і страляе прама ў нас. Алёшку так на маіх руках і забіў. Усіх у хаце пабілі. Але ў мяне, на дзіва, куля не папала.

— Маю маму тады карнікі забілі, — працягвае Надзея Аляксееўна, — і дзвюх маміных сясцёр, Марыю і Дуню. У Марыі быў маленькі сынок Валодзька, у Дуні — дзве дочачкі. Расстралялі гэтых дзетак праклятыя немцы. Мой муж Павел Сцяпанавіч быў у партызанах, таму застаўся жывы.

Запісаў я тады многа ўспамінаў. Антаніна Ікан 1926 года нараджэння — з гэтай жа вёскі. Усё сказанае ёю перадаць не магу, бо вельмі цяжка, толькі некаторыя жудасныя моманты: «У той дзень нас, усіх жанчын ра­зам з дзецьмі, карнікі пагналі на ўскрай вёскі. А там мноства людзей, а на зямлі пабітыя ляжаць. Мы закрычалі, заенчалі, ды куды ўцячэш? Нас штурхаюць у бок лазні. Ну як зараз бачу: стаяць трое карнікаў у блакітных майках, на руках гумовыя рукавіцы, усе ў крыві. Кінулі да іх маю сястру, яе адразу ж і забілі. А на руках у яе быў сыночак, усяго дзевяць месяцаў, дык ён застаўся жывы і моцна крычаў пад мёртвай сястрой. Потым змоўк: відаць, задыхнуўся. Маці і я ўсё гэта бачым, анямелі ад жаху. І тут нас дваіх цягнуць да тых, што ў скрываўленых рукавіцах. Адзін з іх стрэльнуў, стала неяк ціха. Я спачатку і не ўцяміла, што здарылася. Толькі бачу: маці ўжо забітая ляжыць на зямлі. І мяне схапіў карнік, другі цэліцца, секунда — і мой канец.

Той, што быў гатовы ў мяне страляць, апусціў вінтоўку, бо з пад'ехаўшага аўтамабіля яму штосьці крыкнуў нямецкі афіцэр. Да яго падбег перакладчык, афіцэр яму нешта рэзка сказаў, пасля чаго хлопцаў і дзяўчат пачалі выцягваць з натоўпу, адводзіць у бок. Перакладчык сказаў, што нас будуць адбіраць у Германію. І майго брата Валодзю прывалаклі да нас. Доўга стаялі мы, і ў нашы вочы карнікі забівалі людзей, якія не падыходзілі для адпраўкі ў Германію. Пастралялі ўсіх старых жанчын і дзяцей, а нас загналі ў хлеў і паставілі варту. Хлопцы бачаць праз шчыліны ў сценах, што карнікі кладуць ля хат салому, абліваюць газай і падпальваюць. Мяне, як і многіх маладых людзей тады, вывезлі ў Германію. Там столькі пазнала гора, але, дзякуй богу, выжыла. Пасля вайны вярнулася ў свае Іканы ды бачу: няма нашых хат, толькі папялішча засталося».

Зусім невыносна было слухаць Любоў Бурую, жыхарку вёскі Пуста-Мсціж. Пякучым болем прасякнута кожнае яе слова, кожны ўздых, кожная маўклівая хвіліна. Вось што занатаваў у свой аб'ёмісты сшытак: «Мне ў тую блакаду было ўжо 22 гады, так што жахлівыя падзеі запомніла назаўсёды. У нашай сям'і ажно дзевяць чалавек: бацька, маці, сямёра дзяцей. Хлопцы Павел, Пеця, Ілья, дзяўчаты — я, Соня, Вольга, Тэкля. З усіх нас засталіся мама і я.

Памятаю, як пасля вайны начамі доўга цяжка яна стагнала і клікала: «Дзетачкі мае родныя, прыдзіце да мяне. Але ж вас няма на белым свеце, усіх вас пабілі праклятыя немцы».

А ў Сямена Камінскага было 15 дзяцей, успамінала Любоў Бурая. Ніхто з яго сям'і не пайшоў у партызаны, але ж дзяцей усіх да аднаго карнікі спалілі ў хляве.

Душагуб Васюра прадстаў перад судом

На жаль, мы не ведаем, ці ўсе гітлераўцы і іх памагатыя панеслі справядлівае пакаранне за тыя дзікія злачынствы, што яны ўчынілі над нашымі мірнымі людзьмі ў час карнай аперацыі «Котбус». Але ж адзін з іх ужо ў нашы дні спаўна атрымаў тое, што заслужыў. Гэта здраднік Рыгор Васюра, былы начальнік штаба 118-га карнага батальёна, спецыяльна сфарміраванага ў Кіеве для барацьбы з беларускімі партызанамі. Камандаваў батальёнам гітлераўскі маёр Кёрнэр.

У лістападзе — снежні 1986 года ў Мінску ішоў надзвычай важны судовы працэс па 118-му батальёну. Аўтар гэтых радкоў прысутнічаў на працэсе. Абвінавачваўся Васюра, якога пасля доўгай і карпатлівай работы супрацоўнікі нашага КДБ выявілі на Украіне і даставілі ў Мінск. На аснове нямецкіх архіўных дакументаў, паказанняў сведкаў, прызнанняў былых карнікаў 118-га батальёна высветлілася страшнае. Батальён забойцаў удзельнічаў у шматлікіх карных аперацыях на Беларусі. У тым ліку і ў «Котбусе».

Васюру было зададзена пытанне:

— У архіўных дакументах па аперацыі «Котбус» усё вельмі дакладна распісана: якія канкрэтна задачы ставіліся перад 118-м батальёнам, у якіх мясцінах дзейнічаў. Усім удзельнікам «Котбуса» Готберг аб'явіў падзякі. За што канкрэтна атрымалі падзяку вы?

Васюра маўчыць, бо разумее, які небяспечны момант наступіў для яго. Пытанне паўтараецца.

— Пры той аперацыі даводзілася дзейнічаць у вельмі складаных умовах, — ледзь вымаўвіў Васюра.

Мо, такімі ўмовамі гэты здраднік лічыў масавыя расстрэлы безабаронных жанчын і дзяцей?..

Пра жудасную акцыю расказаў Мікалай Верхаводка, жыхар вёскі Новае Сяло Барысаўскага раёна: «Пры карнай аперацыі на возеры Палік у нашай вёсцы некалькі дзён стаялі карнікі. Потым яны сабралі групу жыхароў і пагналі іх перад сабой па міннаму полю. Сярод гэтых людзей быў і я. Каля вёскі Будзенічы нас павялі да ямы, пастаівлі на калені і пачалі расстрэльваць. Мне куля трапіла ў шыю, і я зваліўся ў яму. Карнікі стралялі па яме з аўтаматаў. Калі яны пайшлі, я ляжаў у яме да цямна, потым выбраўся і папоўз у лес. Так і застаўся жывы».

Па кожнай карнай аперацыі фашысты ўсё падлічвалі з нямецкай педантычнасцю. У нашых архівах захоўваецца некалькі такіх справаздач па «Котбусу». Адна з іх: «23 июня 1943 г., только для служебного пользования. Результаты операции «Котбус»: а) потери противника: погибло в бою — 6087 (чел.), уничтожено — 3709, б) захвачено рабочей силы: мужской пол — 4997, женский пол — 1056».

Яшчэ сакрэтнае данясенне ад 5 ліпеня 1943-га генеральнага камісара Беларусі Кубэ рэйхмістру акупіраваных усходніх абласцей Розенбергу аб выніках «Котбуса». Даслоўна: «Названные цифры показывают, что в этой операции уничтожено большое количество населения. Если потери противника убитыми составляют 4500 чел., а трофеев взято только 492 винтовки, то ясно, что в число уничтоженного противника включено большое количество местных крестьян. В этом отношении особенно известен батальон Дирлевангера, который уничтожил бесчисленное количество людей. Среди 5 тыс. чел., заподозренных в связях с бандитами и поэтому расстрелянных, называется огромное количество женщин и детей».

Вось з якімі партызанамі ваявалі гітлераўцы ў беларускіх вёсках.

Міхаіл ШЫМАНСКІ.

(Заканчэнне будзе)

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter