22 сакавіка 1943 года разам з жыхарамі знішчана вёска Хатынь Лагойскага раёна. Толькі шэсць хатынцаў, што засталіся ў жывых, у ліку якіх адзін дарослы, каваль Іосіф Камінскі (ён стаў прататыпам скульптуры «Няскораны чалавек»), і пяць падлеткаў, прызнаны сведкамі. Сярод іх 13-гадовыя Аляксандр Жалабковіч і Уладзімір Яскевіч, якія цудам пазбеглі смерці, каб працягнуць свой спалены род.

Чорныя справы вылюдкаў
Вядома, што пасля вайны Камінскі жыў у вёсцы Казыры ў сямі кіламетрах ад Хатыні. Ён памёр у 86 гадоў і быў пахаваны ў Лагойску. Вось што прыгадваў ён у свой час пра балючыя для кожнага беларуса падзеі. Словы Іосіфа Камінскага прыводзяцца ў кнізе «Хатынь. Трагедыя беларускіх вёсак»:«І мяне павялі ў той хлеў. Дачка, і сын, і жонка — там. І людзей столькі. Я кажу дачцэ: «Чаму вы не адзеліся?» — «Дык сарвалі з нас адзежу», — кажа дачка. Ну, прыгоняць у хлеў і зачыняць, прыгоняць і зачыняць. Столькі людзей нагналі, што і не прадыхнуць ужо, руку не падымеш. Людзі крычаць, дзеці гэтыя: ведама, столькі людзей і страх гэтакі. Сена там было, салома, кармілі яшчэ, трымалі кароў. Зверху і падпалілі. Падпалілі зверху, гарыць страха, агонь на людзей сыплецца, сена, салома загарэліся, душацца гэтыя людзі, так сціснулі, што і дыхаць ужо няма як. Няма як дыхнуць… А тут дзверы расчыніліся. Расчыніліся, а людзі не выходзяць. Што такое? Аж там страляюць, страляюць там, кажуць. Але крык такі, што стрэлу таго, што стуку таго і не чуваць. Ведама ж, гараць людзі, агонь на галовы, ды дзеці — такі крык, што… Я сыну кажу: «Праз галовы, праз галовы трэба!» Падсадзіў яго. А сам панізе, паўз ногі. А на мяне бітыя і наваліліся. Наваліліся на мяне бітыя тыя, і прадыхнуць нельга. Але варушыў плячыма — тады я здаравейшы яшчэ быў, — стаў паўзці. Толькі да парога дапоўз, а страха і абвалілася, агонь на ўсіх. А сын выскачыў таксама, толькі голаў яму трохі абсмаліла, валасы абгарэлі. Адбег метраў пяць — яго і палажылі. На ім людзі пабітыя — з кулямёта ўсіх. Стаў яго выцягваць, аж у яго і кішкі ўжо… Спытаў яшчэ толькі, ці мама жывая. Не дай бог нікому, хто на зямлі жыве, каб не бачылі і не чулі гора такога».
Прысуд душагубу і здрадніку
У ліку іншых забіваў ні ў чым не павінных людзей начштаба 118-га карнага батальёна Дырлевангера Рыгор Васюра. Праз два тыдні пасля гібелі Хатыні ён атрымаў водпуск. А потым адным з першых у сваім варварскім падраздзяленні — фашысцкі медаль.Мой сябра журналіст Васіль Рошчын прысутнічаў на закрытым судовым працэсе над Васюрам і распавядаў мне, як ён праходзіў. Справа разглядалася ў лістападзе — снежні 1986-га ў Мінску.
Прывяду расказ душагуба Васюры, які быў надрукаваны ў нарысе Рошчына ў саюзнай «Рабочей трибуне» за 10 лістапада 1990 года пад назвай «Неизвестная Хатынь»:
«Да вайны я скончыў сем класаў і сельгастэхнікум. Служыў тэрміновую — добраахвотна пайшоў, каб паступіць у ваеннае вучылішча, якім аказалася Кіеўскае сувязі. Да пачатку вайны за плячыма было сем гадоў вайсковага стажу. Камандаваў радыёўзводам, быў камузвода сувязі, даслужыўся да начальніка сувязі ўмацраёна. Стаў кандыдатам у члены партыі. За два дні да палону (29 чэрвеня 1941-га) знішчыў парткніжку і афіцэрскае пасведчанне. З аднаго лагера перавезпі ў другі, на тэрыторыі Германіі. Восенню нас адсартыравалі, і мне прапанавалі пайсці ў школу прапагандыстаў-усходнікаў. Кармілі ў ёй уволю, падлечвалі належным чынам. Пад восень нас, усходнікаў, прывезлі ў сталіцу Украіны, дзе я адчуваў сябе таксама добра. Тут абмундзіравалі і далі вінтоўку, пасля чаго падпісаў прысягу на вернасць рэйху. Для чаго фарміруецца батальён — і дурню было зразумела. Прызначылі камандзірам узвода. У Плешчаніцах стаў ад'ютантам, начальнікам штаба. Атрымаў жалаванне (30 марак) і харчовы паёк. Мне ўстанавілі водпуск у 24 працоўныя дні, радавым — 18. У першы паехаў у жніўні 43-га. Абавязкі выконваў, як кажуць, на ўзроўні, ніколі не пакаралі. Немцы камандавалі, а мы тыя каманды выконвалі. Так, дапамагаў немцам кіраваць аперацыямі, якія праводзіліся. Дзецям казаў потым, што знаходзіўся ў палоне».
Васюра працягваў злачынствы і ў складзе 76-га пяхотнага палка, які разбілі ўжо на тэрыторыі Францыі. У 1952 годзе яго, здавалася б, спасцігла караючая рука правасуддзя. Але тады мярзотніку ўдалося ўтаіць свае злачынныя, паганыя ўчынкі, і ваенны трыбунал Кіеўскай акругі прыгаварыў яго за здраду Радзіме да 25 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем афіцэрскага звання. Але літаральна праз тры гады трапіў пад амністыю і быў вызвалены! Ды ўсё ж праскочыць не атрымалася. Праз дзесяцігоддзі супрацоўнікі КДБ выявілі яго на Украіне і даставілі ў сталіцу Беларусі, дзе ён атрымаў адпаведны сваім бесчалавечным дзеянням прысуд.
Па справе лютага забойцы праходзіла мноства сведак. Сярод іх быў радавы Співак, ураджэнец Украіны.
— Я быў у лагеры ваеннапалонных у Кіеве, — расказваў Співак. — Потым з'явіліся ўкраінскія нацыяналісты і пачалі арганізоўваць зондаркаманду. Начальнікам штаба стаў Рыгор Васюра. У Беларусь, мы ведалі, нас накіроўваюць для барацьбы з партызанамі. Што ведаю пра Хатынь? Раніцай 22 сакавіка 1943-га мы паехалі па нейкім заданні. Мінулі гарбаты мост, калі нас абстралялі. Забілі гаўптмана Вёльке і яшчэ некалькі нашых. Мы пашмалялі ў адказ, партызанаў не знайшлі і забралі з сабой мясцовых лесарубаў. Павялі іх у напрамку Плешчаніц. Сустрэлі роты, якія паднялі па трывозе. Людзі пры гэтым пачалі разбягацца ў розныя бакі, а мы пачалі па іх страляць. Колькі забілі — дакладна сказаць не магу, але нямала. Потым пайшлі па слядах партызанаў. Разам з немцамі з Лагойска і яшчэ аднекуль ачапілі Хатынь. Я таксама ішоў і выганяў людзей з дамоў. Васюра разам з начальствам аддаваў загады. Калі ўсіх жыхароў загналі ў гумно, зачынілі яго і акружылі, прагучала каманда падпальваць! Каб ніхто не выскачыў, паставілі кулямёт. Па тых, хто імкнуўся вырвацца з агню, пачалі страляць з усіх відаў зброі. Усе палілі — і я паліў са сваёй вінтоўкі. Забыць гэтага нельга. Мяне ўсяго трэсла. Нашу роту адразу ж вывелі з вёскі. Пацвярджаю, што тройчы ўдзельнічаў у масавых расстрэлах і двойчы быў іх непасрэдным сведкам. Увогуле, наша першая рота была самая жорсткая, бязлітасная, лютая і верная немцам. Амаль усе ў ёй былі ўраджэнцамі Заходняй Украіны.

«Хацеў кінуцца ў агонь, каб не бачыць»
Цяжка ўявіць той душэўны і сардэчны боль, тыя невыносныя перажыванні, тыя нянавісць і агіду, якія ахоплівалі Аляксандра Жалабковіча, — ён выступаў на працэсе ў якасці сведкі злачынстваў Васюры, Співака ды іншых падонкаў. Вось што паведаў суду Аляксандр Пятровіч:— Раніцай 22 сакавіка ў наш крайні дом зайшлі немцы. Пакуль яны елі звараную ў чыгунку курыцу, мама ціхенька вымавіла: «Хутчэй уцякай да цёткі, мо яны бачылі цябе з партызанам». Я непрыкметна выйшаў у двор, убачыў ланцуг немцаў у зеленаватых шынялях і паскакаў на кані ў супрацьлеглы бок. Потым паўзком дабраўся да лесу і пабег у суседнюю вёску Замосце, дзе пра ўсё і расказаў. А над Хатынню ўжо быў бачны чорна-ружовы дым. Мы пачакалі, пакуль у наваколлі ўсё сціхла, і прабраліся на папялішча. Убачылі з перабітымі нагамі майго стрыечнага брата Віцю. Ён яшчэ крычаў ад болю і клікаў на дапамогу. Падышлі бліжэй да былога гумна, дзе нас чакаў груд трупаў. Навокал — кроў, нікога ніяк не пазнаць. Метрах у трыццаці ад гумна я знайшоў сваю маму. Яна была ў знаёмай мне з дзяцінства летняй кофтачцы, ляжала тварам у мешаніне зямлі з крывёю са знесеным чэрапам. Ад гэтага я згубіў прытомнасць і далейшае памятаю ўжо невыразна, няясна, цьмяна. Здаецца, дні праз тры жыхары суседніх вёсак хавалі загінулых. Віцьку да партызанскага шпіталя мы не давезлі, ён памёр ад страты крыві.
Прызваннем Аляксандра Пятровіча стала вайсковая служба. У 1946-м ён паступіў у падрыхтоўчае артылерыйскае вучылішча. Пасля скончыў вышэйшае ваеннае артылерыйскае вучылішча, ракетна-артылерыйскую акадэмію. Прайшоў шлях ад лейтэнанта да падпалкоўніка. Службовыя абавязкі выконваў на Далёкім Усходзе, Курыльскіх астравах, у Казахстане, Туркменіі, Ленінградзе, Чэхіі. На пенсію ж пайшоў у Гродне, дзе застаўся з сям'ёй пасля заканчэння службы.
Да сваіх апошніх дзён ветэран-вайсковец сябраваў з Віктарам Андрэевічам Жалабковічам, які вырваўся з вогненнага палону. Ён быў на судзе і сведкам, і пацярпелым. І вось што прыгадваў падчас аднаго з пасяджэнняў:
— Па дарозе да гумна майго бацьку па-зверску збілі. Я хоць апрануты быў, іншых жа выштурхоўвалі з хат нават босымі. Бацька, маці, два браты, я і сястра прыладзіліся каля самых дзвярэй, і было бачна, як падносілі салому і палівалі сцены бензінам. Неўзабаве шугануў агонь, унутр пачаў прабівацца дым. Насустрач людзям, якія гуртам ірвануліся і выбілі дзверы, ударыла полымя. Мы з мамай адбеглі метраў на шэсць, калі мне абпаліла плячо. Я паваліўся, мама мяне прыкрыла, і я адчуў, як яе цела рэзка здрыганулася. Я сказаў ёй, што мяне параніла, але яна нічога не адказала. Колькі праляжаў побач — не памятаю, а калі падняўся — убачыў вакол сябе трупы, якія дыміліся. Не мог у такое паверыць і хацеў кінуцца ў агонь, каб не бачыць. Спынілі толькі стогны і крыкі пакутліва паміраючых, якім падносіў ваду разам з крывёй. Здаецца, упаў тады ў несвядомы стан, колькі часу правёў на гэтым страшэнным папялішчы — не памятаю. Карнікаў было шмат, у асноўным у зялёнай форме. Размаўлялі на нямецкай і ўкраінскай мовах. Перад людзьмі ўсіх краін сведчу: яны хацелі спаліць нас жывымі, каб застаўся толькі попел. Страляць жа пачалі пасля таго, як асуджаныя на вогненную смерць хатынцы вырваліся з гумна.
Цудам застаўся ў жывых у крывавым сакавіку і трэці сябрук-падлетак, будучы майстар цэха Мінскага аўтазавода Уладзімір Антонавіч Яскевіч.
Ніколі не забудзем і не даруем нямецка-фашысцкім захопнікам і іх памочнікам той вогненны след генацыду, які яны пакінулі на нашай роднай зямлі, і як святыню будзем берагчы нашу вечную памяць пра тых, хто загінуў падчас гітлераўскай навалы.
Уладзімір БАРЫСЕНКА