Репортаж из лечебно-трудового профилактория № 7 под Могилевом

Карнегі, краты і каханне

Колькі кіламетраў па шашы ад Магілёва, яшчэ паўтара ўбок — і машына прытарможвае ля возера побач з сасновым лесам. Калі не зважаць на высокі плот з калючым дротам ды шыльду пры ўваходзе ў будынак, можна падумаць, што трапiў у зону адпачынку. Аднак да абнадзейваючага слова «прафілакторый» прыходзіцца дабаўляць строгае «лячэбна-працоўны». Ён прапісаўся ў былой калоніі, яна ў гэтым годзе змяніла статус. Лю-дзей, якія любяць выпіць і пры гэтым не сябруюць з законам, на жаль, хапае. 



Начальнік ЛПП № 7 Дзмітрый Елісеенка ўдакладняе: зараз тут лечацца звыш сямісот чалавек з усёй краіны. У кожнага свая гісторыя, свой жыццёвы зігзаг і надзея на лепшае. Ідзём знаёміцца. Замок, краты, пераход — трапіць на закрытую тэрыторыю гэтак жа складана, як і выйсці адтуль. Усе тут заняты, работа — адзін з галоўных элементаў пазбаўлення ад дрэннай звычкі, якая чалавека сюды і прывяла.

— Напэўна, я тут, каб зразумець: выпадковасцей не бывае. Усвядоміць, што неабходна прызнаць свае памылкі, выправіць іх і рухацца далей. У такім раскладзе куды больш свабоды, чым у нежаданні прызнаць, што аступіўся, — высокага росту чалавек з афіцэрскай выпраўкай ад споведзі не адмаўляецца. Філасофія, адзначае, вабіла яго і раней. А сёння кнігі Карнегі для Аляксандра наогул сталі настольнымі. Калі ўжо так здарылася, што аказаўся ў спецыяльным прафілакторыі, то самы час  разабрацца ў сабе, лічыць ён. І дадае: унутраны свет — самае складанае і самае каштоўнае, што ёсць у чалавека.

Аляксандр і сапраўды ў мінулым ваенны. Служыў на Каўказе, у Ленінградскай вобласці. Пагоны зняў пасля развалу Саюза, вярнуўся ў Мінск, адкрыў сваю справу, атрымлівалася няблага. Была і сям’я. Аднак год таму з жонкай разышліся, і ён запіў. Ды так, што тут вось і апынуўся. «Злавацца за гэта можна толькі на самога сябе», — Аляксандр прызнаўся, што яму сорамна перад сабой і роднымі. Адно грэе: дачка-старшакласніца і старэнькая маці падтрымліваюць бацьку і сына. 

Свой культурны ўзровень у бібліятэцы пра-філакторыя павышаюць многія. Гэта можа пацвердзіць і Алег з Віцебска, які сёння выдае ім кнігі. Майстру па рэстаўрацыі мэблі таксама прыйшлося на нейкі час змяніць свой профіль. Што прывяло сюды, у прынцыпе, даволі паспяховага маладога чалавека? Няўдалае, без узаемнасці каханне і многа, многа гарэлкі. «Калі сказалі, што ў мяне дзясяткі адміністрацыйных парушэнняў, то і сам не паверыў», — адзначае Алег. І дадае, што па-сапраўднаму стаў цвярозым тут. Не толькі піць перастаў, але і пазбавіўся ад залежнасці кахання. Наогул многія праблемы, з-за якіх раней перажываў, зараз падаюцца такімі дробнымі. А самога скаланула, прызнаецца, так, што нават думаць стаў па-другому. 

На жаль, такія вывады робяць не ўсе, падзялілася назіраннямі ўрач-тэрапеўт ЛПП Наталля Добрадзеравец. Ёсць пацыенты, якія курс лячэння праходзяць не першы раз і не бачаць у спіртным нічога дрэннага. Гэта калі справа даходзіць да размовы. А бывае, што і пагаварыць з імі немагчыма: пападаюць у такім стане, што сам-насам з імі заставацца небяспечна. У наро-дзе неўтаймаваную агрэсію ды расказы пра віртуальных персанажаў і ворагаў, якіх бачыць толькі п’яны, называюць проста — белая гарачка. Самае страшнае, падкрэслівае медык, калі з-за алкагалізму адміраюць часткі мозга. Ад гэтага не застрахаваны ні людзі з вышэйшай адукацыяй, якія раней займалі высокія пасады, ні тыя, хто нарадзіўся ў сям’i, дзе пілі бацькі. 

Намеснік начальніка прафілакторыя па выпраўленчым працэсе Аляксандр Таўстуха лічыць: першая ўмова, каб чалавек перастаў прыкладацца да бутэлькі, — ён сам павінен таго захацець. Дарэчы, страх страціць заробак, сям’ю ці нешта іншае, што для чалавека вельмі важна, таксама можа стаць вялікай стрымліваючай сілай. 

«Некалькі год ездзіў у Расію на будоўлю. Правілы там строгія: выпіў, на работу спазніўся — могуць выгнаць і грошы не аддаць, таму пілі толькі дома», — расказвае Генадзь з Бялыніч. Пілі, пакуль было за што, а потым зноў ехалі зарабляць. У яго жыцці, прызнаецца, усё неяк пераблыталася. З аднаго боку, прафесій шмат — трактарыст, сантэхнік, цясляр. З другога — п’янства, з-за якога нідзе не мог утрымацца. Дзеці дарослыя, унукі ёсць, штамп у пашпарце аб разводзе. Дзякуй, кажа, новай знаёмай  Ганне, якая прыняла яго прапанову ажаніцца. Разам яны два гады, правяраць адзін аднаго няма чаго. Кіраўніцтва ЛПП пайшло насустрач, за-прасіла супрацоўніка загса, які і правёў цырымонію. Генадзь каханай падарыў шакаладку — тое, што змог купіць у магазіне на закрытай тэрыторыі. Яна таксама прыехала не з пустымі рукамі: хай сабе вяселле не шумнае, але ж без прысмакаў і свята не свята, і сустрэча не сустрэча. У час спаткання, кажа, яны з Ганнай і далейшы план склалі. Пункт нумар адзін у ім — адказацца ад гарэлкі і знайсці работу. У будучае, кажа, трэба глядзець цвярозым.

Каментарый у тэму

Намеснік начальніка па наглядзе за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў пракуратуры Магілёўскай вобласці, саветнік юстыцыі Ігар Салянюк:

— Лячэбна-працоўны прафілакторый № 7 пачаў сваю работу ў жніўні. Сярод тых, хто сёння знаходзіцца тут на прымусовым лячэнні ад алкагалізму, — людзі ад 22 да 60 гадоў. Месца работы для кожнага падбіраюць з улікам стану здароўя і спецыяльнасці. Некаторыя заняты ў дрэваапрацоўчым цэху прафілакторыя: робяць паддоны і каробкi. Адходы вытворчасці ідуць у мясцовую кацельню, што дапамагае зэканоміць на ацяпленні памяшканняў. Ёсць невя-лікія ўчасткі, дзе робяць цвікі і разбіраюць металалом. У будучым плануецца адкрыць участак па падрыхтоўцы да перапрацоўкі пластыкавых бутэлек. 

Ёсць магчымасць працаваць на прадпрыемствах Магілёва электрыкамі, зваршчыкамі, слесарамі. Частка заробку ідзе на кампенсацыю расходаў за ўтрыманне ў ЛПП, астатняе — на асабовы рахунак. Такім чынам чалавек да моманту свайго выхаду можа сабраць нейкую суму і аднавіць прафесійныя навыкі. 

svet.markova@gmail.com

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter