«Карнавал стагоддзяў» у Гальшанах

Пачаўся фестываль «Гальшанскі замак — Карнавал стагоддзяў»

Фестываль «Гальшанскі замак-2012 — Карнавал стагоддзяў», арганізаваны Ашмянскім райвыканкамам і турыстычным агенцтвам «Гісторыя-Тур», праходзіць у Гальшанах — там, дзе захаваліся муры апетага Уладзімірам Караткевічам замка.

Гасцей і ўдзельнікаў чакаюць шматлікія выставы, парад рэтра-аўтамабіляў, майстар-клас старадаўняга танца, падчас якога можна навучыцца танцам Сярэднявечча, Рэнесанса, барока, беларускім местачковым танцам. У праграме таксама турніры рыцараў, коннікаў, лучнікаў, выступленні тэатральных гуртоў «Яварына» і «Фламея», канцэрт старадаўняй музыкі, выстава рамёстваў.

Напярэдадні свята прайшлі традыцыйныя «Гальшанскія чытанні» па тэме «Гісторыка-культурная спадчына Ашмяншчыны». Іх удзельнікі наведалі выставы «Гальшанскі альфабэт», унікальных і арыгінальных выданняў навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук, «Новыя археалагічныя знаходкі на тэрыторыі Ашмянскага раёна» і іншыя, археалагічныя раскопкі, канцэрт духоўнай музыкі. Гасцям прэзентуецца музычная сюіта кампазітара Ганны Кароткінай «Гальшаны».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter