Карнавал беларускіх нацюрмортаў

Пра нашага суайчынніка, мастака Івана Хруцкага цяпер ведаюць і ў Бразіліі.
У бразільскім горадзе Гаянія выстаўлены 15 карцін гэтага майстра нацюрморта і пейзажа. Экспазіцыя рэпрадукцый нашага земляка арганізавана ў Бразіліі пры падтрымцы ўрада штата Гаяс, з якім Мінская вобласць ужо пяты год развівае актыўнае супрацоўніцтва ў сферах эканомікі, адукацыі, культуры і па іншых напрамках.



Увазе бразільцаў прадстаўлены лепшыя творы мастака. Іван Хруцкі быў ці не самым знакамітым беларускім мастаком у сваім XIX стагоддзі, аднак яго забылі яшчэ пры жыцці, прычым амаль на сто гадоў.

І. Хруцкі, з’ехаўшы сямнаццацігадовым хлопцам з невялікага беларускага мястэчка ў Пецярбург вучыцца маляваць, хутка заявіў пра сябе. Вольны слухач Акадэміі мастацтваў ужо праз тры гады пачаў атрымліваць першыя сур’ёзныя ўзнагароды за свае нацюрморты. Неўзабаве пра яго загаварылі як пра заснавальніка рускага нацюрморта. Можна толькі гадаць, якой сусветнай славы дабіўся б Іван Хруцкі, калі б не сямейныя абставіны — ён быў вымушаны вярнуцца на радзіму: пасля смерці бацькі маці было цяжка адной гадаваць пяцярых дзяцей.

Наперадзе мастака чакалі яшчэ дзесяць — пятнаццаць гадоў актыўнай творчасці ў Вільні, дзе ён напісаў мноства бліскучых партрэтаў і відаў, аднак апошнія дваццаць гадоў І. Хруцкі правёў у поўным забыцці, не маючы ніякіх заказаў.

Пра мастака ўспомнілі толькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі яго творчасць адкрылася айчынным спецыялістам.

У 2010-м пра яго загаварыла шырокая грамадскасць — 200-гадовы юбілей з дня нараджэння Івана Хруцкага быў уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА, з гэтай нагоды ў Францыі арганізавалі выставу яго карцін. А сёлета творчасць І. Хруцкага прадстаўлена ў Бразіліі. Вядома, што экспазіцыю, якая будзе разгорнута ў Гаяніі да канца ліпеня, ужо наведалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, палітычныя і культурныя дзеячы, бізнесмены, журналісты.

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter