Карлюкевіч – Чаргінцу: ваш партрэт зойме годнае месца ў галерэi партрэтаў народных пісьменнікаў

У Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць творчы вечар народнага пісьменніка, ганаровага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца. Сабралася многа жадаючых яго павіншаваць, у тым ліку калегі па творчым цэху  – прадстаўнікі Мінскага гарадскога і рэгіянальных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. У якасці падарунка народнаму творцу  – яго партрэт.


 – Тая добрая традыцыя, якую сёлета прадоўжыў Прэзідэнт нашай краіны, ушанаваўшы такога вядомага літаратара званнем народнага пісьменніка Беларусі, працягваецца і гэтым сціплым падарункам,  – адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар  – галоўны рэдактар выдавецкага дома "Звязда" Алесь Карлюкевіч.  – У актавай зале Дома літаратара ёсць цэлая галерэя партрэтаў народных пісьменнікаў. І гэты партрэт зойме дастойнае месца. Вы заклалі многія традыцыі не толькі ў палітыцы і грамадскім жыцці нашай краіны, але і трывалыя, фундаментальныя дзяржаўныя традыцыі ў літаратуры і наогул у айчыннай культуры.


Алесь Карлюкевіч прызнаўся, што сённяшні вечар вельмі шчымлівы і сімпатычны. Сэрца краналі перажыванні, калі гучалі ўрыўкі з рамана Мікалая Чаргінца "Сыны" у выкананні народнай артысткі Марыі Захарэвіч, з рамана "Аперацыя "Кроў" у выкананні заслужанага артыста Андрэя Душачкіна. Артысты спявалі задушэўныя песні. Светлыя ўсмешкі сяброў, іх цёплыя пажаданні  – найлепшы падарунак для шаноўнага юбіляра.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter