Карэкцыя планаў

Як беларускі урад плануе палепшыць сітуацыю ў эканоміцы?

Як урад плануе палепшыць сітуацыю ў эканоміцы?

Год у нас відавочна не задаўся: да канца яго большасць макраэканамічных параметраў аказваюцца нявыкананымі. У Беларусі ёсць праблемы са збытам айчыннай прадукцыі на знешніх рынках, інфляцыя вырвалася за рамкі прагнозу, маюцца складанасці з банкаўскім крэдытаваннем... У канцы мінулага тыдня, заслухаўшы даклад урада, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены становішчам спраў. Чыноўнікам ён нават прыгразіў адстаўкамі, праўда, не радыкальнымі, а «эвалюцыйнымі», і запатрабаваў вырашыць большасць пытанняў, што ўзніклі, літаральна на працягу некалькіх бліжэйшых месяцаў. Як лічаць эканамічныя эксперты, усе праблемныя моманты за гэткi кароткі перыяд часу ліквідаваць не атрымаецца, але некаторыя з іх — магчыма.

Што робіцца з эканомікай?

Самы галоўны макраэканамічны параметр, невыкананне якога Прэзідэнт палічыў асноўным недаглядам урада, — эканамічны рост. Пры планах прыросту 8,5 % да канца года ВУП дадаў усяго 1,5 %. Характэрна, што напрыканцы 2012-га на ўзроўні кіраўніка дзяржавы разглядалася аналагічнае пытанне — невыкананне прагнозу росту ВУП па выніках 2012 года і гэтак жа востра стаялі пытанні эфектыўнасці планавання...

На жаль, якраз да канца года ў нас намецілася відавочна пагаршэнне продажаў на знешніх рынках. Так, за кастрычнік адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі вырасла на $ 719,4 млн., да $ 4038,0 млн. Згодна з данымі статыстыкі экспарт тавараў у студзені—кастрычніку 2013 г. склаў $ 31 344,8 млн., што менш на 20,7 % у параўнаннi з вынікамi 10 месяцаў 2012 года. Імпарт, праўда, таксама знізіўся — на 8,1 %, да $ 35 382,8 млн. Для параўнання, па выніках 9 месяцаў у дачыненні да студзеня—верасня 2012-га экспарт тавараў знізіўся на 21,4 %, імпарт — на 8,5 %. Нават пры гандлі з краінамі СНД сальда склалася адмоўным — на ўзроўні $ 1699,9 млн. Адмоўны гэты паказчык і ў гандлі таварамі з Расiяй — па выніках студзеня—кастрычніка ён склаў $ 4889,2 млн.

Існуюць і праблемы з інфляцыяй. Пры прагнозе максімум 12 % да канца года гэты ліміт быў выбраны ўжо ў кастрычніку, і, паводле ацэнак спецыялістаў, да канца года рост коштаў на тавары і паслугі апынецца ў межах 15—16 %. Магчыма, менавіта ў гэтым крыецца галоўная бяда прагназістаў — пры інфляцыі больш за 10 % пралічваць эканоміку і разлічваць на захаванне большасці макраэканамічных параметраў складана.

Iншы пункт гледжання

У адказ на крытыку кіраўніка дзяржавы ва ўрадзе сёння спрабуюць супрацьпаставіць больш аб’ектыўную статыстыку. Аказваецца, ВУП у нас традыцыйна лічыцца ў нацыянальнай валюце, але вось у доларавым выражэнні гэты паказчык выглядае зусім інакш. Па выніках трох апошніх гадоў тэмп росту эканомікі ў беларускіх рублях склаў 108,5 %, у доларах ЗША — ажно 126 %. Гэтак жа павялічваліся і інвестыцыі ў асноўны капітал — яны склалі 103 % у беларускіх рублях і 115 % — у доларах. Тэмп росту прамысловай вытворчасці — 95,8 % у беларускіх рублях і 102,7 % — у доларах, па вынiках трох гадоў — 110 % і 134,8 % адпаведна.

Нядаўна, выступаючы перад парламентарыямі, прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што найважнейшыя макраэканамічныя паказчыкі Беларусі ў доларах у бягучым годзе і зусім дасягаюць гістарычнага максімуму. Так, ВУП ацэньваецца ў $ 70 млрд., аб’ём прамысловай вытворчасці — у $ 75 млрд., інвестыцыі ў асноўны капітал — у $ 21 млрд. «Такім чынам, пры параўнальна сціплых выніках у рублёвых коштах доларавы, гэта значыць міжнародны маштаб нашай эканомікі, істотна вырас», — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

Пазбегнуць памылак

Як адзначыў у інтэрв’ю каналу АНТ міністр Мікалай Снапкоў, для невыканання сёлетнiх прагнозаў ёсць некалькі асноўных прычын. Самая галоўная — больш рэзкае, чым прагназавалася, падзенне суседнiх рынкаў. У першую чаргу тых, якія з’яўляюцца для нашай эканомікі ключавымі, — Расіі і краін Еўрасаюза. «Яшчэ адна не менш значная прычына, на мой погляд, — гэта мадэрнізацыя найбольш буйных прадпрыемстваў у нашай краіне з тым, каб яны змаглі змяніць тэхналогію ў сярэднетэрміновай перспектыве, быць больш канкурэнтаздольнымі на знешніх рынках. Гэта датычыцца БМЗ, БелАЗа, дрэваапрацоўчых, цэментных прадпрыемстваў. Натуральным чынам інвестыцыйныя праекты, якія праводзяцца на нашых гiгантах, паўплывалі на аб’ёмы вытворчасці і аб’ёмы экспарту», — адзначыў міністр.

У 2014 годзе ўрад мае намер пазбегнуць мінулых памылак, зрабіўшы ўпор на эфектыўнасць работы прадпрыемстваў. Плануецца ў большай ступені звяртаць увагу не на валавыя паказчыкі, а на эфектыўнасць работы і патрабаваць гэтага на ўсіх узроўнях кіравання.

Што тычыцца прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2014 год, то ва ўрадзе разглядалася некалькі варыянтаў. Апошні, на чым спыніліся, — тэмп росту ВУП складзе 103 %, тэмп росту экспарту — 111,6 % з невялікім станоўчым сальда ў межах $ 2 млрд., індэкс спажывецкіх цэн не перавысіць 111 %, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове чакаюцца ў памеры $ 4,5 млрд. Самы галоўны параметр, на які паказваюць ва ўрадзе, — павелічэнне выручкі на аднаго занятага ў эканоміцы да $ 60 тыс. у месяц.

Зразумела, што для вырашэння гэтых задач давядзецца ісці на пэўныя рэформы. Ва ўрадзе ўжо абяцаюць паэтапна ліквідаваць перакрыжаванае субсідзіраванне, павялічыць бюджэтную падтрымку прамысловасці (у першую чаргу на мэты мадэрнізацыі), пайсці на зніжэнне працэнтных ставак, забяспечыць выкарыстанне схем падтрымкі экспарту пры выхадзе на новыя рынкі. Прыйдзецца ў нейкім сэнсе ахвяраваць і ростам заробкаў, яны будуць расці не гэтак хутка, як у папярэднія гады. Зрэшты, эканамісты супакойваюць: на прадпрыемствах пытаннi заробку будуць вырашацца кіраўнікамі, а вось работнікі бюджэтнай сферы атрымаюць прыбаўку прыкладна на ўзроўні, які супастаўны з інфляцыяй.

--------------------------------------

Меркаванне

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў лiчыць, што цяперашнія драйверы росту нацыянальнай эканомікі падвяргаюцца трансфармаванню. Яшчэ ўчора ўрад у большай ступені разлічваў на нарошчванне капіталу і прыток інвестыцый, але ў будучым больш увагі будзе надавацца эфектыўнасці гэтых інвестыцый. «І для гэтага створаны ўсе ўмовы. Апошнія прынятыя Прэзідэнтам і ўрадам рашэнні накіраваны перш за ўсё на конкурснаcць напрамкаў фінансавых патокаў, што, мы ўпэўненыя, на парадак палепшыць эфектыўнасць ўкладзеных капіталаў, — растлумачыў кіраўнік Мінэканомікі. — Яшчэ адзін важны момант — гэта экспарт. Ён таксама важны нам як элемент балансавання фінансавай сітуацыі ў краіне. Мы па-ранейшаму лічым, што для нас найбольш бяспечны рост ВУП, сфармiраваны на дзве трэці праз экспарт. I не праз унутраны рынак, па той простай прычыне, што ён у нас малы. І ў выпадку, калі мы залішнюю прадукцыю накіроўваем на ўнутраны рынак, то ўзнікаюць дысбалансы, з якімі ўрад у гэтай пяцігодцы змагаецца».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter