Сельская газета

"Каравай у жыццёвым шэсці і абярэг, і сіла роду"

Падведзены вынікі літаратурнага конкурсу “СГ” і Саюза пісьменнікаў Беларусі “Твае хлебныя словы”

КАЛI нехта думае, што засяваць папяровую ніву зернейкам-словам лягчэй, чым узараны палетак насеннем-збажыной, то глыбока памыляецца. Сапраўдная літаратура — хлеб нялёгкі. Гэта засведчыў і сумесны конкурс “СГ” і Саюза пісьменнікаў Беларусі “Твае хлебныя словы”. Падчас яго са старонак газеты нашым чытачам было прадстаўлена нямала вершаў жыхароў глыбінкі. Большая частка твораў прысвечана хлебу і хлебаробскай справе.

МЫ абяцалі падвесці вынікі нашага творчага спаборніцтва напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Сказана – зроблена. У першую чаргу хацелася б падзякаваць усім аўтарам конкурсу — а гэта некалькі дзясяткаў чалавек, — якія адгукнуліся на прапанову даслаць у рэдакцыю свае вершы на зададзеную тэму. Нехта накіраваў творы ў першыя дні конкурсу, калі ў самым разгары была ўборачная кампанія. Некаторыя чытачы паспелі паўдзельнічаць у спаборніцтве літаральна ў апошнія дні. Сярод такіх аўтараў нас ўразілі некалькі чалавек.

Гэта ў першую чаргу Іна Алісевіч з вёскі Мякоты Уздзенскага раёна. Пасля заканчэння ў 1986 годзе агранамічнага факультэта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі больш за 23 гады адпрацавала па спецыяльнасці ў роднай гаспадарцы на Уздзеншчыне. Прафесіянал прызнаецца, што зямля для яе заўсёды была жывым арганізмам, цудоўным сябрам: “Трымаеш у руках зерне — адчуванні незвычайныя: гэта ж колькіх людзей плён працы! І дзяды, і прадзеды расцілі хлеб. Гэтае шчымлівае пачуццё сувязі з Радзімай у кожнага сваё. Ці запярэчыць хто, што іменна хлебаробы — захавальнікі жыцця?” Іна Алісевіч піша:

Не спатыкнуцца б, не растрэсці,
Ды зерне перадаць народу.
Бо каравай у жыццёвым шэсці
І абярэг, і сіла роду.

Яшчэ адна аўтарка — Ларыса Аўчыннікава з вёскі Ског Сенненскага раёна. Ларыса Дзмітрыеўна працуе настаўнікам пачатковых класаў, выпісвае “СГ” не адзін год: “Жыву ў вёсцы, трымаю гаспадарку. Калі прачытала ў газеце пра конкурс, спачатку не адважвалася выказаць падзяку да хлебаробаў у вершах. А потым усё ж вырашылася — і самі сабою нарадзіліся радкі пра хлеб”:

Я хлеба скарыначку ў рукі вазьму
І вуснамі да яе прыпаду.
Бо хлеб наш — святыня,
бо хлеб наш — багацце.
Калі будзе хлеб,
то будзе і шчасце.

Шчырыя словы даслаў пастаянны чытач Мікалай Жукоўскі з аграгарадка Заазер’е Нясвіжскага раёна. Успамінаў, што адзін сезон працаваў памочнікам камбайнера ў цесця Георгія Ярмака, які ўсё жыццё аддаў хлебаробскай справе — больш за 40 гадоў адпрацаваў механізатарам. Яму і паслядоўнікам прысвяціў наступныя радкі:

Цяпер з нябеснай вышыні
Вы аглядаеце палеткі,
Дзе каласіцца збажына
І дзе шчыруюць вашы дзеткі.

Мы спрабавалі, каб у нашым конкурсе ўдзел прынялі людзі самых розных спецыяльнасцей. І гэта атрымалася. Дзякуй кажам прафесійным паэтам — Лёлі Багдановіч, якая даслала нам цэлую серыю вершаў, Дзмітрыю Пятровічу, Кастусю Цыбульскаму, Ларысе Вырко, Івану Ждановічу, Глебу Ганчарову. Асабліва цёплыя словы — у адрас жыхароў вёсак і працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Дарэчы, “Твае хлебныя словы” натхнілі аўтараў на новыя творы. Да прыкладу, адзін з нашых удзельнікаў Сяргей Яруціч з аграгарадка Глінка Столінскага раёна, жывёлавод мясцовай гаспадаркі, даслаў нам яшчэ адзін верш. А культработнік з вёскі Пінкавічы Пінскага раёна Жанна Верыч увогуле накіравала ў рэдакцыю вершаваны сцэнарый да раённага свята “Дажынкі” для дзяцей. Там такія радкі:

Трактарысты нашы, камбайнёры —
Вы для нас сапраўдныя ўзоры.
Падрасцём і будзем побач з вамі,
Гаспадарыць важна над палямі.

Не ўсе творы патрапілі на старонкі выдання. Конкурс ёсць конкурс — дзеля таго і прызначаны, каб вызначыць лепшых. Але мы пакідаем за сабою права друкаваць падыходзячыя для “Беларускага ручніка” творы і ў гэтым годзе, і ў наступным. Таму, паважаныя аўтары, не адчайвайцеся, дасылайце, калі ласка, нам новыя работы. Будзем рады супрацоўнічаць.

Такім чынам, пераможцамі конкурсу пасля доўгіх абмеркаванняў журы лічым Уладзіміра Гетманчука з Іванава, Аляксандра Быкава з Мядзеля і Ніну Кавальчук з вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёна. Першыя два аўтары знаёмыя чытачам “СГ” — іх творы мы ўжо друкавалі ў рамках літаратурнага праекта.

Цяпер колькі слоў пра Ніну Кавальчук. Ніна Уладзіміраўна даслала нам на конкурс аж цэлую серыю вершаў. Многія з іх звязаны з нашымі тэмамі, з вёскай. Аднак зачапіў, як кажуць, “Сямейны экіпаж”. Як высветлілася, верш аўтабіяграфічны: муж Ніны Уладзіміраўны — механізатар са шматгадовым стажам, амаль 20 гадоў працаваў і на трактары, і на камбайне. Сама аўтар ўсё жыццё жыве ў вёсцы, працавала на будаўніцтве, а потым 20 гадоў — сацыяльным работнікам. Паэзія — занятак для душы. У лютым 2017-га ў мінскім выдавецтве выйшаў зборнік “Звіваюцца сцежкі-дарогі”. У ім надрукавана амаль тры сотні вершаў сельскай паэткі.

“СГ” і Саюз пісьменнікаў Беларусі віншуюць пераможцаў, якія атрымаюць сувеніры, і заклікаюць чытачоў і аўтараў газеты прымаць удзел у наступных сумесных літаратурных конкурсах.

Таццяна УСКОВА, «СГ»

uskova@sb.by

Анатоль КРЭЙДЗІЧ, член праўлення і прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі

Ніна КАВАЛЬЧУК

Сямейны экіпаж

Не даклікацца, мусіць, дадому малых,
Не загнаць сёння зноў іх у хату,
Бо паселі ў чаканні на лаўку ўтраіх —
Са жніва сустракаць свайго тату.
А над вёскай усё болей згушчаецца змрок,
Зоркі свецяцца ў небе бяскрайнім.
Пераконвае, чую я, большы сынок:
“Я цябе абганю на камбайне”.
“Не! Не-не”, — запярэчыў сярэдні яму,
І ад крыўды дрыжыць яго голас.
Падыходжу, ласкава да сэрца гарну:
“Супакойся, маленькі мой колас”.
Хіба ж важна, сынок, хто абгоніць каго?
Не за славай павінны вы гнацца.
Для мяне, як для маці, важней усяго,
Каб сумленнай была ваша праца.
Хопіць вам, мае хлопцы, шчэ ніў залатых,
І ад працы пазнаеце стому.
Так, як тату цяпер, буду вас маладых
Кожны вечар чакаць я дадому.
А цяпер, “хлебаробы”, пара ужо спаць,
Заўтра ў садзік, а маме на працу.
Самы меншы “камбайнер” заснуў на руках,
Хай жа сны яму светлыя сняцца.
Прахалодаю цягне з нізін і лясоў,
Тушыць ноч вокны жоўтыя ў хатах,
Засынае спакойна сямейства маё,
Я адна... дачакалася тату.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?