У Мілане на Сусветнай выставе ЭКСПА-2015 прайшоў Нацыянальны дзень Беларусі

Каравай прыйшоўся даспадобы

У Мілане на Сусветнай выставе ЭКСПА-2015 прайшоў Нацыянальны дзень Беларусі


Дэвіз ЭКСПА — “Накарміць планету. Энергія для жыцця”, а таму збор ураджаю — асноўная тэма. Тыя італьянцы, якія нічога не чулі дагэтуль пра нашы “Дажынкі”, вывучылі новае слова. І не адно: каравай, напрыклад, слова для іх таксама новае, і прадмет практычна невядомы. Але, здаецца, і каравай наш ім прыйшоўся даспадобы, і “Дажынкi” парадавалі. Прынамсі, па нашыя прысмакi стаяла чарга. Цяперашняя ЭКСПА — гэта якраз магчымасць паспрабаваць краіны на смак, дык хіба можна яе прапусціць? Пра тое, што беларусы гатовы не толькі адчуць (і рассмакаваць, вядома, таксама) атмасферу ЭКСПА, але і ўнесці ў яе свой каларыт, гаварыў і Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў: “У Італіі ўжо з’явіліся шматлікія прыхільнікі нашых страў — дранікаў і мачанкі. І многія адкрылі для сябе Беларусь — сучасную і прыгожую”.


Кожны дзясяты трактар і кожны трэці кар’ерны самазвал у свеце родам з Беларусі. Для многіх гэта, вядома, навіна. Але не для італьянцаў. “Італія для нас не проста краіна, а Мілан — не проста горад”, — заявіў Андрэй Кабякоў. І для такіх слоў ёсць нямала падстаў. Італія — сёмы гандлёвы партнёр Беларусі ў свеце, летась наш гандлёвы абарот перавысіў 2 мільярды еўра. Кожны год італьянскія сем’і прымаюць у сябе тысячы дзяцей з Беларусі, дзякуючы гэтаму ўмацаваліся самыя трывалыя і важныя сувязі — паміж людзьмі. Дырэктар беларускага павільёна Наталля Кураш расказала, што за чатыры месяцы работы выставы наш павільён наведала мноства італьянскіх сем’яў са сваімі беларускімі гасцямі. У Італіі даволі прыкметная і беларуская дыяспара. Падчас Нацыянальнага дня Беларусі я пазнаёмілася з дзвюма Таццянамі — у Італіі яны жывуць даўно, але радзіму не проста не забываюць, але актыўна прапагандуюць: абедзве ўваходзяць ў таварыства BellaRus (і калі вы падумалі, што гэтае слова напісана з памылкай, то памыліліся: гэта гульня на італьянскім слове bella, якое азначае “прыгожая”), а ў Мілан прыехалі спецыяльна, каб паўдзельнічаць у нашых “Дажынках”. Папрасілі фатаграфіі — будуць пісаць пра сваю (нашу) “Прыгожую Беларусь” у мясцовую газету.


Прыгожыя дзяўчаты, пявучая мова, жывапісныя касцюмы і здалёк чутная песня — так Беларусь адсвяткавала свой Нацыянальны дзень на ЭКСПА. Арганізатары прасілі ўсіх удзельнікаў прадставіць народныя абрады, рытуалы, танцы і песні, звязаныя з земляробчым цыклам, традыцыямі збору ўраджаю ў сваіх краінах. Выбар для нашага дня быў натуральным: “Дажынкi” ў Італіі! Нават калі італьянцы ды іншыя наведнікі ЭКСПА слова такое ніколі не чулі — не бяда: святы збору ўраджаю ёсць практычна ва ўсіх культурах. Пра гэта гаварыў і Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў: “Тэма ЭКСПА — “Накарміць планету”, абсалютна правільная тэма, але для пачатку трэба накарміць уласны народ. На шчасце, харчовая праблема ў Рэспубліцы Беларусь вырашана, больш за тое — з нета-імпарцёраў мы ператварыліся ў нета-экспарцёраў прадуктаў харчавання. Летась мы экспартавалі сельскагаспадарчай прадукцыі ў цэлым амаль на 6 мільярдаў долараў ЗША. Сёлета, нягледзячы на тое што год быў няпросты ў прыродна-кліматычным плане, амаль па тоне збожжа на чалавека мы сабралі. Факт, што мы ўваходзім у пяцёрку краін — экспарцёраў малакапрадуктаў, гэта важна. Мы ўваходзім недзе ў тройку краін — найбуйных экспарцёраў сметанковага масла. Гэта гаворыць пра тое, што мы маем добры патэнцыял, добрыя тэхналогіі, якія сёння можам паказаць і прапанаваць”.


“Паказаць і прапанаваць” — гэта важна, гэта дзелавы аспект выставы, утоены ад вачэй наведнікаў, якія палюбілі беларускія дранікі, мачанку і бярозавік, але дзеля якога сюды з’язджаюцца сотні бізнесменаў з усяго свету. “Алічбоўваць”, па выразе Андрэя Кабякова, вынікі беларускага ўдзелу ў ЭКСПА-2015 будуць пазней (выстава працуе да 31 кастрычніка), але ўжо цяпер зразумела: “Вынік, я думаю, будзе доўгатэрміновы і вельмі сур’ёзны для эканомікі краіны і для прадстаўлення беларусаў у свеце, — і, крыху падумаўшы, дадае: — Вы ўяўляеце сабе, колькі людзей праходзяць праз наш павільён? Каля 50 тысяч кожны тыдзень! Нехта ўпершыню адкрывае Беларусь, а нехта бачыць яе з новага боку — наш вытворчы патэнцыял, наш турыстычны, культурны, наогул патэнцыял краіны, што ёсць такая краіна ў цэнтры Еўропы і што яна вельмі прывабная і сімпатычная і з ёй можна — і трэба! — рабіць бізнес. Усё гэта дарагога каштуе”.


Першы намеснік міністра эканамічнага развіцця Італіі Карла Календа дзякаваў нашай краіне за ўдзел (вельмі, з яго слоў, прыкметны) і за тое, што Беларусь адданая ідэі харчовай бяспекі і шмат робіць для таго, каб “накарміць планету”. Вядома, гаварыў сіньёр Календа і пра гандаль — пра тое, што ён не толькі павялічвае дабрабыт уцягнутых у яго краін і народаў, але і збліжае людзей.


ЭКСПА людзей збліжае таксама. На Сусветнай выставе прайшлі Дні Мінска,  прэзентацыя турыстычных магчымасцяў Рэспублікі Беларусь і Дні беларускай навукі. А да канца кастрычніка свой патэнцыял на пляцоўцы ў Мілане прадставяць Магілёўская і Мінская вобласці.

Іна Паўлава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter