Аграрии намолотили уже более 7,5 миллиона тонн зерна. Мы посмотрели, как выходит на финишную прямую Брестчина

Каравай на нашым стале

Калі хлеб у засеках, за заўтрашні дзень краіны можна быць спакойнымі. Сёлета ўдзельнікі жніва паклапаціліся аб харчовай бяспецы асабліва. У Брэсцкай вобласці каравай атрымаўся на 137 000 тон больш важкім, чым летась, і на ўчарашні дзень перавысіў 1 334 000 тон збожжа. Зараз ідзе ўборка грэчкі і проса, ураджайнасць якіх таксама вышэй, чым у мінулым сезоне. Значыць, і прыбаўка ў намалотах будзе больш адчувальнай.

ААТ «Ракітніца» ганарыцца сваімі перадавікамі.

Рэкорды Дзімы Кавальчука

17-гадовы Дзмітрый Кавальчук з вёскі Стрыганец Жабінкаўскага раёна — адзін з самых юных удзельнікаў сёлетняга жніва на Берасцейшчыне. Пры гэтым на мосцік камбайна ён падымаўся не ўпершыню. Разам з бацькам Мікалаем Мікалаевічам на камбайне КЗС-1218 хлопец убіраў хлеб у жабінкаўскім ААТ «Ракітніца» і летась. Гэтым летам пасля заканчэння сярэдняй школы вырашыў зноў папрацаваць на ўборцы.

— Як атрымалася сесці за камбайн? — цікаўлюся ў Дзімы.

— Мой тата механізатар у Пятровіцкім лясніцтве Кобрынскага лясгаса. На час адпачынку ўжо сем сезонаў перасаджваецца за штурвал камбайна. Удзельнічае ва ўборцы ўраджаю ў ААТ «Ракітніца». Мы жывём на тэрыторыі гаспадаркі, і мне даўно хацелася папрацаваць разам з бацькам на жніве. Летась падчас канікул гэта атрымалася ўпершыню. Тата дапамагаў асвоіцца. Сёння я адчуваў сябе больш упэўнена, сам кіраваў шматтонным камбайнам.

— Што сказалі ў школе наконт тваёй працы?

— Пахвалілі. Тэхніка, дарэчы, захапляе мяне з дзяцінства. А яшчэ падабаюцца матэматыка, руская мова, гісторыя і іншыя прадметы. У старэйшых класах вырашыў, што буду паступаць у Брэсцкі чыгуначны каледж на памочніка машыніста. Праца на камбайне дапамагае знаёмiцца з механізмамі складаных машын.

— А калi знаходзiў час, каб рыхтавацца да выпрабаванняў?

— Нешта вучыў загадзя, нешта — потым. Часу хапіла.

Для 17-гадовага Дзмітрыя Кавальчука гэта ўжо другое жніво. 

Да нашай размовы падключаецца бацька Дзмітрыя, які спадзяецца, што і наступным летам сын будзе яго памочнікам на ўборцы. Два гады запар па выніках гарачай пары іх сямейны экіпаж у ганаровым коле тысячнікаў. Адзін аднаго разумеюць з паўслова, таму ўсё атрымліваецца. У гаспадарцы стварылі ўсе ўмовы, каб вынікі камбайнераў, занятых на ўборцы збожжа, і вадзіцеляў, якія яго адвозілі, аказаліся высокімі. Аператыўна вырашалі пытанні з рамонтам тэхнікі, забяспечвалі ўдзельнікаў жніва гарачым харчаваннем. Распрацавалі выразныя расцэнкі за абмалочаныя тоны, умовы прэміравання. Кожны ведаў, дзеля чаго стараўся.

Як патраціць заробленыя грошы, Дзіма яшчэ не вырашыў. Кажа, што яны спатрэбяцца падчас вучобы, калі давядзецца жыць удалечыні ад дома і ездзіць да бацькоў толькі на выхадныя.

Працоўныя дынастыі — гонар калектыву

Дырэктар ААТ «Ракітніца» Рыгор Панасюк перакананы, што за такімі работнікамі, як Дзмітрый Кавальчук, будучыня сельгаспрадпрыемства. І хай хлопец пасля вучобы прыйдзе не ў гэты, а ў іншы калектыў, там ён таксама будзе на сваім месцы, бо адказна ставіцца да любога даручэння.

Фотаздымак яго бацькі Мікалая Кавальчука — на дошцы гонару Ракітніцкага сельсавета, устаноўленай каля будынка, дзе размяшчаецца адміністрацыя «Ракітніцы». Механізатар лясніцтва асноўную працу выконвае бездакорна і на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур — у лідарах.

На думку Рыгора Панасюка, калектыў хлебаробаў у гаспадарцы сфарміраваўся надзейны. Пры неабходнасці заўсёды падставяць адзін аднаму плячо. Камбайнер Алег Міхалюк на КЗС-1218 намалаціў 1150 тон збожжа. Нядрэнна папрацавалі на ўборцы збожжавых і рапсу Дзмітрый Стальмашук і Аляксандр Прыхожка. На адвозцы ўраджаю тон задавалі вадзіцелі Віктар Горб, Андрэй Пасевіч, Дзмітрый Прыка. Кожны ўпэўнена пераадолеў тысячны рубеж, дастаўляючы збожжа на дапрацоўку.

Жніво ў «Ракітніцы» яшчэ не закончылі. Неўзабаве распачынаюць уборку грэчкі, пад якую адвялі 100 гектараў. У мінулыя гады яе не сеялі, у гэтым — паспрабавалі, улічваючы, што Прэзідэнт паставіў перад сялянамі задачу забяспечыць краіну сваёй грэчкай. Дзяржзаказ для «Ракітніцы» даведзены ў аб’ёме 100 тон. Спецыялісты агранамічнай службы ўпэўнены, што такая планка гаспадарцы па сілах.

Каб уборка ўраджаю праходзіла выразна і зладжана, пастаянна абнаўляюць тэхніку. Вадзіцелі Андрэй Пасевіч і Дзмітрый Прыка сёлета атрымалі новыя МАЗы-дваццацітоннікі. Кажуць, што працаваць на такіх машынах у задавальненне. Яны зручныя, прадукцыйныя і запатрабаваны ўвесь год. Бліжэйшым часам будуць задзейнічаны на перавозцы грэчкі, потым надыдзе чарга кукурузы на сілас і збожжа, а таксама іншых культур. Уборка ўраджаю ў «Ракітніцы» прадоўжыцца да позняй восені.

Вынікі радуюць

У Жабінкаўскім раёне, самым малым па плошчы ў Брэсцкай вобласці, коласавыя культуры цалкам убралі, намалаціўшы 47 758 тон збожжа. Каравай атрымаўся больш важкім, чым год таму. Ураджайнасць перавысіла леташнюю амаль на 6 цэнтнераў і дасягнула 42,5 цэнтнера з гектара. Нядрэнна ўрадзіла азімая пшаніца, даўшы па 48,3 цэнтнера збожжа на круг. Азімага ячменю сабралі амаль па 53 цэнтнеры з гектара. А ў ААТ «Вазнясенскі» ў гэтай культуры і ўвогуле рэкордная аддача — 96 цэнтнераў з гектара. Жніво для гаспадаркі стала самым паспяховым у гісторыі. Ураджайнасць збожжа склала 67 цэнтнераў на круг, на 7 цэнтнераў перавысіўшы леташні вынік, які таксама дасягнулi ўпершыню. Словам, хлебная ніва ў «Вазнясенскім» з кожным сезонам дае ўсё больш шчодры намалот. Дарэчы, менавіта ў гэтым сельгаспрадпрыемстве праз некалькі тыдняў пройдуць раённыя «Дажынкі». Гаспадары свята прыемна здзівілі сабраным ураджаем. Дырэктар акцыянернага таварыства Надзея Кандрацюк абяцае, што не менш сюрпрызаў для гасцей рыхтуюць і на дзень ушанавання лепшых працаўнікоў вёскі Жабінкаўшчыны.

Вынікі гарачай пары падводзяць і ў іншых раёнах, дзе акрамя грэчкі, проса і кукурузы усе збожжавыя i зернебабовыя ўбраны. Валавы намалот на Брэстчыне ўжо на 135 000 тон перавышае леташні. 

На ўчарашнюю раніцу ён склаў 1 332 000 тон пры сярэдняй ураджайнасці 40 цэнтнераў з гектара.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Барташ канстатуе, што па вале збожжа і аддачы кожнага гектара вобласць прыкметна дабаўляе другі сезон запар:

— Летась з гектара намалацілі па 35,5 цэнтнера збожжа, больш чым на 5 цэнтнераў палепшылi папярэдні вынік. Сёння па ўраджайнасці ідзём прыкладна з такой жа прыбаўкай, выйшаўшы на 40 цэнтнераў. Акрамя грэчкі і проса, застаецца яшчэ кукуруза на збожжа. Так што намалот збожжа ў вобласці павінен скласці не менш 1,4 мільёна тон. У гэтым сезоне ў параўнанні з мінулымі мы маем больш не толькі збожжа, але і травяных кармоў, што, безумоўна, добрая дапамога для жывёлагадоўлі. Актывізавалі пастаўкі ўра-джаю ў кошт дзяржзаказу. План у 120 000 тон выканалі на 92 працэнты. Прадалі больш за 130 000 тон масласемені рапсу і 18,5 тысячы тон піваварнага ячменю. Большую частку рапсу рэалізавалі звыш дзяржзаказу, піваварную галіну забяспечылі ячменем ад вобласці на 85 працэнтаў.

Тым часам на Брэстчыне набірае тэмпы сяўба азімых культур. Пачалі з рапсу, насенне якога забаранавана ў глебу больш чым на 75 працэнтах з адведзеных 55 000 гектараў. На чарзе пшаніца, трыцікале, жыта і іншыя збожжавыя, агульны клін якіх застанецца на леташнім узроўні — 230 000 гектараў.

kurets@sb.by

Фота Святланы КІСЛАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter