За участников радиоконкурса «Быў. Ёсць. Буду» может проголосовать любой желающий

Караткевіч у вершах

У жніўні стартаваў інтэрактыўны конкурс чытальнікаў «Быў. Ёсць. Буду». Праект радыёканала «Культура», прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча і 95-годдзю Беларускага радыё, выклікаў вялікую цікавасць сярод слухачоў. У II тур конкурсу прайшлі звыш 50 чытальнікаў. Адгукнуліся на паэтычнае спаборніцтва як прадстаўнікі творчых калектываў, аб'яднанняў па інтарэсах, прафесійныя артысты, журналісты, так і шматлікія аматары.

radiokultura.by

— Адборачны этап даказаў, што паэзію Уладзіміра Сямёнавіча ведаюць і шануюць беларусы розных узростаў, — расказаў дырэктар канала «Культура» Уладзімір Трапянок. — Наш конкурс дазволіў кожнаму ўдзельніку па-свойму адчуць змест вершаваных радкоў класіка, перадаць іх эмацыянальны пасыл.

Цяпер работы канкурсантаў ацэньваюцца прафесійным журы і інтэрнэт-карыстальнікамі. Выступленні чытальнікаў выкладзены на сайце radiokultura.by і ў суполках канала ў сацыяльных сетках. Аддаць свой голас за канкурсантаў можа любы жадаючы.

Па выніках галасавання будуць вызначаны ўладальнікі прызавых месцаў па дзвюх катэгорыях і чатырох узроставых групах згодна з рашэннем журы, а таксама тры пераможцы па меркаванні інтэрнэт-карыстальнікаў. Лепшыя чытальнікі не толькі атрымаюць падарункі ад радыёканала, але і будуць запрошаны на запіс святочнай перадачы да юбілею з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, якая прагучыць у эфіры «Культуры» 26 лістапада.

Конкурс чытальнікаў «Быў. Ёсць. Буду» праводзіцца дзеля папулярызацыі нацыянальнай літаратуры, актуалізацыі паэтычнай спадчыны Караткевіча, выяўлення лепшых выканаўцаў твораў і прыцягнення ўвагі да мастацкага радыёвяшчання.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter