Выставка в столичном музее раскрывает личность Владимира Короткевича в необычном ключе

Караткевіч у мастацтве

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры разгарнулася літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Уладзімір Караткевіч у выяўленчым ма­стацтве». Выстава, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння славутага пісьменніка, прапануе разгледзець роль i месца Уладзіміра Караткевіча ў нацыянальнай мастацкай культуры.


Праект развівае чатыры тэмы. Першая — «Асоба Уладзіміра Караткевіча ў мастацтве» — раскрывае постаць пісьменніка праз жывапісныя палотны. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з карцінамі двух славутых мастакоў — Леаніда Дударэнкі «Беларускія пісьменнікі. Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч» і Уладзіміра Тоўсціка «Памяці Караткевіча». Жывапісныя работы прадстаўлены Нацыянальным мастацкім музеем. Тут жа бачым скульптуру «Партрэт пісьменніка Уладзіміра Караткевіча» заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Сяргея Вакара. ­Вядома, што Сяргей Міхайлавіч працаваў над бюстам з 1969-га па 1978 год. Побач — «Партрэт Ула­дзіміра Караткевіча» Міхаіла Будавея з серыі ­«Сучасныя беларускія пісьменнікі».

Другая тэма — «Мастацкія старонкі гісторыі» — перадае дух мінулага, стварае мастацкі летапіс роднай зямлі. На выставе прадстаўлены графічная работа Віктара Мікіты да зборніка «Мая Іліяда», карэктура зборніка з рукапіснай праўкай верша «Бахайская чарапаха», творы «Ладдзя роспачы», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі» і іншыя.

Трэцяя тэма — «Унутраны свет пісьменніка» — паказвае Уладзіміра Караткевіча не толькі як пісьменніка, але і як мастака. Аўтар навуковай канцэпцыі выставы Паліна Саўген расказвае:

— Упершыню ў музеі прадстаўлены рукапісы твораў Караткевіча з яго малюнкамі. Гэты эксклюзіў перададзены Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Дзякуючы рукапісам з замалёўкамі і асобным малюнкам пісьменніка можна адчуць унутраны свет аўтара, разгледзець яго творчую лабараторыю.

Чацвёртая тэма — «Асэнсаванне творчасці Карат­кевіча праз мастацкія работы і тэатральныя пастаноўкі». Пісьменнік плённа супрацоўнічаў з ­тэатрам і кінематографам, вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве, ён жа стварыў лібрэта да опе­ры «Сівая легенда» і балета «Кастусь Каліноўскі». ­Наведаць выставу можна да 20 снежня.

infong@sb.by 

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter