Фанатов Короткевича приглашают принять участие в интерактивном радиоконкурсе чтецов

Караткевіч у эфіры

Інтэрактыўны конкурс чытальнікаў «Быў. Ёсць. Буду» стартуе на радыёканале «Культура» 1 ліпеня. Праект прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча і 95-годдзю Беларускага радыё. Слухачам прапануюць выступіць у эфіры з любімымі вершамі класіка айчыннай літаратуры.

Уладзімір Караткевіч вядомы перш за ўсё сваімі вялікімі работамі — раманамі «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», аповесцямі «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда». Аднак істотна ўзбагаціў пісьменнік беларускую літаратуру і сваімі паэтычнымі творамі. Як паэт Караткевіч дэбютаваў у 1951 го­дзе — апублікаваў у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» два вершы. Пазней выпусціў некалькі паэтычных зборнікаў — «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Як адзначаюць крытыкі, паэзіі Караткевіча ўласцівы «экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, напружанасць дзеяння, кантраснасць і яркасць вобразаў, яго вершы напоўнены радасцю і святлом, і, разам з тым, яны элегічна-лірычныя, поўныя драматызму і трагізму».

Жадаючым прыняць удзел у радыёконкурсе, паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, неабходна да 30 верасня даслаць на электронную пошту kultura_konkurs@tvr.by аўдыя- ці відэафайл з чытаннем любімага верша Караткевіча. Абмежаванняў на ўдзел у конкурсе ні па ўзросце, ні па сферы дзейнасці няма. 

— Творчасць нашага класіка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча прыцягвае ўвагу чытачоў самых розных узростаў. Таму мы не абмяжоўваем удзельнікаў: гэта могуць быць і школьнікі малодшых класаў, і прафесійныя акцёры, і аматары, — адзначае дырэктар канала «Культура» Уладзімір Трапянок.

Фіналістаў адбору вызначыць у кастрычніку прафесійнае журы. Акрамя гэтага, галасаванне прой­дзе ў інтэрнэце. Выступленні лепшых чытальнікаў конкурсу «Быў. Ёсць. Буду» прагучаць у эфіры канала «Культура» ў дзень нара­джэння Уладзіміра Караткевіча 26 лістапада. Таксама переможцы атрымаюць дыпломы і памятныя прызы ад Міністэрства інфармацыі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter